22:28 19 ліпеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.00
  • EUR2.32
  • 100 RUB3.15
Выступленне гурта ў мінскім клубе Графіці

Стары “Графіці” ў новым фармаце

© Фото : "Граффити"
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
40790

У аднаго са старэйшых клубаў Мінска ў хуткім часе з’явіцца шэраг музычных і тэматычных праектаў.

Кіраўнік мастацкага аддзела "Графіці" Яўген Новаш распавёў карэспандэнту Sputnik пра тэматычныя кінапаказы, конкурс Guitar Hero і праект "Клуб 27". Размову вяла Юлія Хвошч.

-Калі ты прыйшоў у "Графіці"?

— Я сюды прыйшоў некалькі месяцаў таму. Спачатку быў адміністратарам, крыху пазней стаў мастацкім кіраўніком аддзела, які займаецца менавіта канцэртамі.

"Графіці" — гэта вельмі цікавая справа, гэта не месца працы, а стыль жыцця.

Акрамя мяне ў аддзеле працуе яшчэ два чалавекі, таму што аднаму з штодзённымі канцэртамі ды тусоўкамі справіцца даволі складана. Да таго ж трэба займацца перамовамі з артыстамі і рэкламай.

- Арт-аддзел з'явіўся з тваім прыходам ці існаваў і раней, да прыкладу, у некалькі іншым фармаце?

— Да з'яўлення гэтага аддзела (у тым выглядзе, у якім ён існуе зараз — Sputnik) у клубе існавалі некалькі іншыя правілы і тэндэнцыі развіцця. Зараз у "Графіці" працуе творчы аддзел, які займаецца культурна-масавымі мерапрыемствамі. Два чалавекі займаюцца выступамі артыстаў, яшчэ адзін — перфомансамі і новымі праектамі.

- Што гэтыя перфомансы і спец-праекты сабой уяўляюць?

— Ну гэта я занадта гучна выказаўся — "перфоманс". Да прыкладу, у "Графіці" быў такі праект, як кінапаказы. На гэтыя кінапаказы проста прыходзілі людзі, садзіліся, глядзелі "кіношку". Мы вырашылі не забываць традыцыі і прыдумалі ладзіць тэматычныя кіна-вечарыны. Да прыкладу, паказваць фільмы жахаў або баявікі, але рабіць гэта з тонкім рэжысёрскім ходам.

Арт-дырэктар клуба Графіці Яўген Новаш
© Sputnik / Юлія Хвошч
Арт-дырэктар клуба "Графіці" Яўген Новаш

-Як часта збіраецеся ладзіць такія паказы?

— Як кажуць, перш папрацуй, а тады й патанцуй. Канцэрты праходзяць па вечарах, і гэта нязменна, а выходныя дні з трох да шасці вечара ёсць вольны час, і чаму б яго не правесці з карысцю?

-Што ўжо паспелі паказаць?

— Першы паказ у нас стартаваў нядаўна і меў назву "Піла-марафон", за выходныя мы паказалі ўсе шэсць частак стужкі "Піла".

-Акрамя жахаў што плануеце паказваць?

— Наступнай рэтраспектывай будуць "Звёздные войны". Наколькі я ведаю, у іх хутка павінна быць прэм'ера новай серыі. Якая будзе ідэя і якія кактэйлі будуць падавацца на бары, мы пакуль яшчэ не прыдумалі. У межах гэтага праекта мы плануем паказваць нейкія культавыя рэчы ў жанры жахаў, баевіка або камедыі.

-Якія яшчэ праекты рыхтуе клуб?

— Збіраемся праводзіць чэмпіянат Guitar Hero. Для гэтага ў нас ёсць усе тэхнічныя магчымасці. Плануем сабраць 40-50 хлопцаў, якія будуць спаборнічаць паміж сабой у гульні на гітары. Пераможца, вядома, атрымае прыз.

-Колькі будзе этапаў у конкурсе?

— Мы не будзем рабіць нейкіх паўфіналаў ці фіналаў. Проста правядзем пробны конкурс. І абсалютна кожны ахвочы чалавек, які разумее што такое Guitar Hero, каму падабаецца секчыся у гэтую гульню, можа ўзяць удзел у конкурсе. Прыходзьце — мы будзем рады вас бачыць!

На летняй тэрасе ў Графіці
© Sputnik / Юлія Хвошч
На летняй тэрасе ў "Графіці"

-Ці з'явіліся ў "Графіці" якія-небудзь новыя тэматычныя вечарыны?

— "Клуб 27" у памяць пра музыкаў, якія па нейкіх містычных ці іншых прычынах памерлі менавіта ва ўзросце 27 гадоў. Падчас вечарыны ды-джэі ставяць музыку ўсім вядомых хлопцаў з клуба 27, а таксама тых, якія тэарэтычна маглі там апынуцца, але па нейкіх прычынах выжылі.

Аднойчы ў мяне з'явілася ідэя: зрабіць нейкае шоў ці канцэрт, прысвечаны клубу 27, але ў выніку гэта вылілася ў вечарыну.

Мерапрыемства доўжыцца ўсю ноч з суботы на нядзелю, плануецца яго праводзіць пару разоў на месяц. Падчас вечарыны мы запускаем на праектар дакументальныя стужкі, прысвечаныя музыкам з клуба 27. Але далей трэба, безумоўна, прыдумляць нейкія спецыфічныя відэа-інсталяцыі. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі гэты праект будзе актуальны і наколькі ён будзе развівацца.

У планах развіць гэтую вечарыну — напрыклад, рабіць ды-джэінг, а зверху накладваць гітару, барабаны ў выкананні музыканта, адным словам, рабіць з гэтага нейкае шоў, запрашаць вядомых людзей, якія будуць таксама стаяць за "круцёлкамі", ставіць свой ды-джэйскі сэт. Што з гэтага атрымаецца — пакуль не ведаю. Спадзяюся, што праз пэўны час "Клуб 27" стане самастойным цікавым праектам.

- Апошнім часам у "Графіці" сталі выступаць даволі сур'ёзныя гурты. Ці лёгка знакамітасці згаджаюцца на канцэрт?

— У большасці выпадкаў вядомыя артысты згаджаюцца лёгка, самая вялікая праблема — знайсці час. "Графіці" — гэта такая культавая і незвычайная пляцоўка, таму вядомыя артысты заўсёды спрабуюць прыдумаць нешта асаблівае для выступу ў гэтым клубе.

- Але гэта клуб невялікіх памераў, выступ гурта можа не акупіцца.

— Так, "Графіці" — гэта клуб невялікіх памераў, але ёсць іншы момант: гэта легендарнае месца. Таму адыграць ў "Графіці", нават для вядомага артыста — гэта своеасаблівы рытуал.

Аднойчы я стаяў каля ўваходу ў "Графіці", да мяне падышоў чалавек, які вельмі трапна сфармуляваў, як можна замежніку прадставіць наш клуб. Ён сказаў: "Гэта легендарны клуб".

- Чаму раней сюды не асабліва імкнуліся запрашаць знакамітыя гурты?

— Напэўна, гэта ўсё залежыць ад менеджменту, які займаецца пляцоўкай. З любым, нават зорным артыстам нашай неабсяжнай радзімы можна знайсці нейкую кропку судотыку, дамовіцца на нейкую сольную праграму.

выступленне Akute у сталічным клубе
© Sputnik / Юлія Хвошч
выступленне Akute у сталічным клубе

Асабіста мне цікава працаваць з артыстамі, прычым любымі — маладымі або немаладымі, вядомымі… Таму не заўсёды, але ў большасці выпадкаў атрымоўваецца з імі дамовіцца з і прыдумаць нейкае шоў.

— Ці можа "Графіці" нечым дапамагчы пачынаючым музыкантам?

"Графіці" і зараз застаецца своеасаблівай стартавай пляцоўкай для пачаткоўцаў, але гэта не значыць, што клуб павінен ператварацца ў касмадром Байканур".

Я часцяком чую: "Ай, ну "Графіці", сюды любы можа прыйсці, забіць дату, паграць для пяці сваіх сяброў ды пайсці". Гэта не так.

Зараз мы працуем з масай маладых артыстаў, якіх мы безумоўна адслухоўваем, адгледжваем, яны ўсе дасылаюць нам свае матэрыялы. Мы ж не рэпкропка. Рэпетаваць і граць для сяброў можна і дома. "Графіці" — гэта ўсё ж-такі ўстанова, якая працуе і якая павінна прыносіць інвестыцыі. Таму, калі да нас прыходзіць малады артыст, тэлефануе або піша, то мы патрабуем ад яго нейкі прома-матэрыял, і калі ён праходзіць нейкія крытэрыі адбору, то ён зможа выступіць. Перш за ўсё нас цікавяць людзі, якія гатовыя працаваць над сваёй папулярнасцю.

"Я сам артыст і ведаю, што такое творчая ганарыстасць. Гэта калі на цябе прыходзіць пяць чалавек, а ты думаеш, што збіраеш стадыёны. Але насамрэч такога няма".

Музыкі самі павінны разумець, што над сваім канцэртам трэба папрацаваць. Гэта значыць пакліч сваіх сяброў, сяброў іх сяброў — вось так робіцца папулярнасць. Інфармацыю пра выступ гурты павінны даносіць з дапамогай нейкіх сваіх рэсурсаў, а "Графіці" будзе ім ўсяляк дапамагаць рэкламай і прасоўваннем у сацсетках. І не варта забываць, што знакамітыя гурты ў свой час таксама працавалі над сваёй папулярнасцю, каб стаць тымі, хто яны ёсць.

Арт-дырэктар клуба Графіці Яўген Новаш
© Sputnik / Юлія Хвошч
Арт-дырэктар клуба "Графіці" Яўген Новаш

Дарэчы, да нас прыходзяць працавітыя маладыя музыканты. І часам яны робяць аншлагі.

- Па якіх крытэрыях вы адбіраеце маладыя гурты?

Па-першае, павінна быць нейкая індывідуальнасць. У наш час гэта вельмі важна. Нейкае якасць, згранасць ў музыцы. Ёсць гурты, якім усяго паўгода, а яны ўжо зграныя. Я гэта чую. Ну і жаданне працаваць.

"Калі прыходзіць малады музыка, а ў яго іскры ў вачах, то адразу відаць, што ён на нешта здольны".

-Музычная праграма на тыдзень разбіваецца па нейкіх тэматычных днях?

Мы спрабуем укараніць такую тэндэнцыю, у "Графіці" ў свой час была джаз-серада, вось і сёння (у сераду — Sputnik) будзе граць "Яблочный чай".

Яшчэ мы спрабуем зрабіць такі праект як "цяжкі панядзелак" з адпаведнай даволі цяжкай музыкай. Нам дасылаюць заяўкі, але не ўсе калектывы ў нас выклікаюць ухвалу, таму мы занялі дзве даты панядзелка менавіта пад гэты праект і паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Безумоўна хочацца гэтага дамагчыся — каб кожны дзень быў распісаны пад нешта.

- Што можаш сказаць пра перспектывы?

— У "Графіці" будзе вельмі шмат сюрпрызаў і цікавых, незвычайных канцэртаў, якія адбудуцца яшчэ да Новага года. Да прыкладу, на адной пляцоўцы будуць выступаць зусім розныя выканаўцы, якіх ніхто ніколі не змог бы ўявіць побач. Ужо ёсць папярэднія дамоўленасці, трэба вызначыцца з датамі, а людзі хай сочаць за рэкламай — будуць нечаканасці і вясёлыя рэчы, якія прымусяць парадавацца нашу публіку.

-А калі разважаць пра вялікую перспектыву?

— На вялікую? Дык у нас месца маленькае. Магу толькі адзначыць, што нам цікава займацца тым, што сапраўды актуальна, весела і нясе людзям пазітыў. 

По теме

Re:Public: чатыры гады як адзін дзень
Тэги:
Музычныя жанры, Музыка, Стыль жыцця і адпачынак, Стыль жыцця, Графіці, Беларусь, Еўропа, Увесь свет, Мінск
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы