Aрганізатары ComedyBattle: табуіраваных тэмаў у беларускім гумары няма

Падпісацца
Першы Сomedy Battle распачнецца ў Мінску сёння. Напярэдадні таго як беларусы возьмуцца актыўна жартаваць, Sputnik пагаварыў з арганізатарамі.

МІНСК, 29 кас — Sputnik. Арганізатары батла з 56 заяўленых удзельнікаў адабралі 16 гумарыстаў, якія сёння выступяць на першай адмысловай вечарыне. Sputnik выказаў здагадку, што беларусы на гумар няздатныя, і сустрэлі рашучую нязгоду арганізатараў.

"У беларусаў выкшталцонае пачуццё гумару. У Расіі, напрыклад, усе ведаюць, што беларусы амаль ці не каралі гумару, стэнд-апу, амаль ніводны праект не абыходзіцца без беларусаў. Слава Камісарэнка, Андрэй Скараход — усе гэтыя вядомыя гумарысты — беларусы. У нас беларусы адзін адным чамусьці не ганарацца, успамінаюць пра сваіх, толькі калі з'яўляюцца нейкія выбітныя дасягненні", — распавёў Sputnik адзін з арганізатараў "батла" Зміцер Нарышкін.

Гумарыстычнае спаборніцтва дазволіць лепшым жартаўнікам краіны не толькі выйграць грошы, але ж і трапіць у эфір TNT. Каб стаць удзельнікам, дастаткова было даслаць жарт рэдактару.

"У беларусаў вялікая праблема — яны не могуць ганарыцца сваім. Больш нідзе такога не сустракаў. Я жыў ва Украіне і магу зрабіць вынік: там надта ганарацца сваімі, нават калі на дзесяць хвілінаў выступу будзе толькі адзін жарт. А ў нас чалавек едзе з Жодзіна, мае тры-чатыры эфіры на ТНТ, а яму кажуць — ну дык ты ж не перамог! Але ж вы проста сядзіце на канапе і ўвогуле нічога не робіце", — крытыкуе беларусаў за недастатковую падтрымку суайчынцаў Нарышкін.

На прагляд прыйшлі пяцёра дзяўчат, якім, дарэчы, па меркаванні Зміцера, жартаваць даволі цяжка — глядач да іх больш патрабавальны. Нягледзячы на тое, што гендэрным стэрэатыпам гумар падуладны, табуіраваных тэмаў у ім практычна няма.

"Фармат праекту абавязвае выдаваць жарт за жартам. Гэта не іранічныя, глыбокія мініяцюры, а насычаны гумарам дынамічны выступ. Шмат жартуюць пра кампутарныя гульні, пра "айфоны". Табуіраваных тэмаў няма, іншая справа, што кожны сам для сябе выстаўляе планку гумару — не прынята жартаваць над смерцю, над рэлігіяй. Хоць у Амерыцы такія жарты ўжо прымальныя, у нас гэтай традыцыі яшчэ няма", — тлумачыць фармат Нарышкін.

Стужка навiн
0