12:55 20 верасня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.05
  • EUR2.27
  • 100 RUB3.20
Star wars

Сіла абудзілася: ноччу мы паглядзелі сёмыя “Зорныя войны”

© Flickr/ Scott Smith
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
Прэм'ера "Зорных войнаў" у Мінску (7)
14760

Калі горад засынае, абуджаецца сіла. Карэспандэнт Sputnik схадзіла на начны прэм’ерны паказ “Зорных войнаў” у кінатэатр “Кіеў” разам з фанатамі. Абяцаем – ніякіх спойлераў.

Алена Васільева, Sputnik

Супрацоўнікі кінатэатра "Кіеў" былі калі не шчаслівыя, дык задаволеныя — тры чвэрці квіткоў на начны сеанс "Зорных войнаў" разышліся так лёгка і нязмушана, нібы мінчукі толькі і шукалі, дзе б правесці ноч з серады на чацвер.

Бліжэй да поўначы карэспандэнт Sputnik была ўжо не надта і радая магчымасці адной з першых пабачыць адноўлены "Дыснеем" сусвет Джорджа Лукаса і чакала пачуць ля кінатэатра прадказальныя размовы кшталту "заўтра а дзявятай — на працу". Але ж вакол "Кіева", зікінутага далёка ад лініі метро, у паўцемры натоўп з амаль двухсот чалавек абмяркоўваў выключна, ці сапсуе "Дыснэй" франшызу.

Фанаты Звездных войн у кинотеатра Киев
© Sputnik Елена Васильева
Фанаты "Звездных войн" у кинотеатра "Киев"

"Квіткоў на прэм'еру ўжо даўно не дастаць, яны раскупленыя, здаецца, амаль ва ўсіх кінатэатрах горада, таму тыя, хто не паспеў іх набыць, радасна адазваліся на нашую прапанову паглядзець фільм уначы яшчэ да афіцыйнай прэм'еры", — распавялі Sputnik у кінатэатры.

Здавалася, з набліжэннем паказу (а той распачаўся ў 00:10), сіла абуджалася і ў кожным з прысутных — раз-пораз у натоўпе мільгацелі светавыя мячы, але ж нешмат.

Тутэйшыя прыхільнікі фільма казалі, што уніформы Дарта Вэйдера ў шафе не маюць ды ў сходках фандома не ўдзельнічаюць — маўляў, гэта для "зусім ужо фанатаў".

А мы што — мы проста прыйшлі ўначы, каб паглядзець, ці пастарэў Харрысан Форд.

Ночной показ Звездных войн
© Sputnik / Виктор Толочко
Ночной показ "Звездных войн"

Кажуць, з цэнтральнымі кінатэатрамі "Кіеву" канкураваць складана — гледачу прасцей дайсці да той жа "Беларусі" ці "Цэнтральнага", чым ехаць на непрадказальную вуліцу Кахоўскага, вось і ўзяліся за такія незвычайныя акцыі.

"Я вельмі задаволеная тым, як усё праходзіць. Прыемна назіраць — людзі прыйшлі кампаніяй, адпачылі, кавы выпілі перад паказам — і на фільм", — распавядае

супрацоўніца кінатэатра спадарыня Наталля.

"Мэтанакіравана не чыталі нічога, што пішуць пра фільм і нават не глядзелі трэйлеры — каб нічога не магло стаць спойлерам, каб атрымаць ад прагляду чыстыя эмоцыі", — распавядае кампанія студэнтаў.

"Проста люблю, люблю іх цалкам", — лаканічна і ўзрушана кажа хлопец у цішотцы "Star Wars" і бяжыць у залу, каб "не прапусціць трэйлеры".

Між тым некаторыя светлавыя мячы пачалі запальвацца, але ж, па шчырасці, іх было не надта шмат, футболак "Star Wars" — крыху болей, замест фетышыстаў ля кінатэатра сабраліся прыхільнікі франшызы як чыстага мастацтва.

Яны, мабыць, не без задавальнення маглі б зладзіць і урок фехтавання на мячах, але абмяжоўваліся кароткімі тэстамі адзін для аднога — "А на якой планеце рос Люк Скайуокер? Ды ты ж не сапраўдны фанат!"

"Мы ўжо не чакалі, што будзе сёмы эпізод. Ніхто не чакаў, і раптам Disney выкупіў Lucasfilm, аб'явіў пра трэцюю трылогію — гэта было неверагодна", — распавядае адзін з прыхільнікаў "Зорных войнаў" Улад.

Калі па экране папаўзлі тытры "У адной далёкай-далёкай галактыцы…" і загучаў пазнавальны саундтрэк, зал ціхенька застагнаў.

Другі раз глядач дазволіў сабе прамовіць слова, калі на экране з'явіўся крыху састарэлы выканаўца ролі кантрабандыста Хана Сола. "Такі ўжо немалады…", — ціхенька працягнула прыхільніца Star Wars на суседнім крэсле.

Фанаты Звездный войн на премьере в Гватемале, 16 декабря
© REUTERS / Jorge Dan Lopez
Фанаты "Звездный войн" на премьере в Гватемале, 16 декабря

Больш да канца фільма глядач не гаварыў, і толькі напрыканцы адарыў вялікі белы экран, які вярнуў яму сусвет Джорджа Лукаса, гарачымі апладысментамі.

"Ну, ну "Дыснэй" нармальна так з касцюмамі папрацаваў!" — задаволена выказваліся гледачы пасля прэм'еры.

Іншыя моўчкі заставаліся сядзець на крэслах, намагаючыся зразумець, што толькі што адбылося на экране і як жыць з гэтымі новымі ведамі ў чаканні, калі цуд павернецца зноў у выглядзе восьмай частцы.

Сёння "Зорныя войны" будуць паказваць ва ўсіх кінатэатрах горада. Сусветная прэм'ера фільма адбылася 14 снежня 2015 года ў Лос-Анджэлесе, 15 снежня фільм ўпершыню паказалі еўрапейскаму гледачу — у Лондане. Выхад фільма ў пракат адбыўся 16 снежня, у ЗША фільм выйдзе на экраны 18 снежня, у Расіі — 17.

Тэмы:
Прэм'ера "Зорных войнаў" у Мінску (7)
Тэги:
Star Wars, Зорныя войны (фільм), кінематограф, Кінаіндустрыя, Стыль жыцця, Кіно, Стыль жыцця і адпачынак, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы