09:12 17 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Тлумачым карпаратывы на Barbie

Валаны, скура, кішэні - тлумачым тэндэнцыі карпаратываў на Barbie

© Flickr/ lil'_wiz
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
Сустракаем Новы год (14)
22480

Напярэдадні карпаратываў Sputnik разам з дызайнерам Святланай Гнедзенок задаецца вечным пытаннем, “шыць ці не шыць”. Для жанчыны гэткі выбар паміж дызайнерскім адзеннем і мас-маркетам - паскладаней гамлетаўскага.

Алена Васільева, Sputnik

Раз на год адэптаў модных тэндэнцый у краіне становіцца ў разы болей, чым звычайна, а прымеркавыя пераўтвараюцца ў подыумы сусветных тыдняў моды і адпавядаюць апошнім і градусам хвалявання, і колькасцю шыфона, бляску ды сукенак у пол. Пакуль усялякая працаўладкаваная беларуска рыхтуецца да карпаратыву, карэспандэнт Sputnik завітала не ў буцік і не на распродаж, а ў майстэрню да дызайнера.

Спецыяльна для чытачоў Sputnik мы не шукалі модныя тэндэнцыі надыходзячага году, а вывучалі нятленныя модныя правілы — якая даўжыня сукенкі падоўжыць ногі, як прыхаваць шырокія клубы ды як не павесціся на парады "нядобрай сяброўкі". Разбірацца з выбарам убораў да навагодняга карпаратыву і не толькі карэспандэнту Sputnik дапамагала дызайнер Святлана Гнедзенок.

"Сукенка павінная аджыць больш за адну ноч"

Сукенка на адну ноч
Сукенка на адну ноч

Прыходзіць кліентка і кажа — сустрэлася з калегай на адным з мерапрыемстваў, і абедзве —  у аднолькавых сукенках. Між тым у буціку, дзе набывала сукенку, сказалі, што тое ўнікальная рэч. З такіх выпадкаў звычайна пачынаецца супрацоўніцтва чалавека і дызайнера. Купляць гатовае заўжды больш танна, але з дызайнерам атрымаеце эксклюзіўную рэч, хоць індывідуальны пашыў будзе на 40 адсоткаў даражэй.

Не важна, замаўляеце вы сукенку ці шыеце яе ў дызайнера — навагодні ўбор павінны аджыць болей за адну ноч. Купляйце тое, чаго хацелі напрацягу года, але хай гэта будзе сукенка не аднаго прыёму, каб яна не вісела наступныя гады ў шафе. Я пераконваю жанчынаў, што ў кожнай павінная быць сукенка пастэльнага колеру, чырвоная і чорная.

Абіраючы ўбор, сыходзьце з уласнага густу. Гэтым новым годам усе абіраюць чырвоныя рэчы, калі таксама хочаце трапіць у колер, але адрознівацца на карпаратыве ад калегаў па працы, можаце замовіць чырвоную скураную сукенку. Але ж, на мой погляд, скуру нельга адшываць проста — яна павінна мець цікавы дызайн, асіметрычны крой, перфарацыю. Калі ж абіраеце просты варыянт, тады можна спалучыць яго з легенсамі па тыпу скураных брукаў.

Калі вы рамантычная асоба, дык абярыце варыянт з валанамі ды адкрытай спінай — міні, міды, максі.

А ёсць жа і людзі, якія абсалютна не разумеюць рамантыкі — яны апранаюцца ў гарадскім стылі casual у паўсядзённым жыцці, не варта ламаць сябе і ў святы. Можна абраць шырокую сукенку са спушчанымі плячыма, з накладнымі кішэнямі — ці прарэзанымі ў бакавых швах, з расцягнутай гарлавінай. Такіх людзей не варта саджаць у сукенку-футляр.

Класічная маленькая сукенка без рукавоў, але з добрымі аксэсуарамі заўжды мае права на жыццё.

"Даўжыня залежыць ад абцасаў"

Не згубіце туфлю
Не згубіце туфлю

— Некаторыя лічаць, што жанчынам з не надта доўгімі нагамі трэба насіць выключна спадніцу да калена, але ж тое памылка, усё вырашаюць сантыметры. І толькі дызайнер можа пабачыць, улічыўшы і абутак, і асаблівасці фігуры, што зробіць вас зоркай, а што падкрэсліць недахопы замест таліі.

Абутак грае важную ролю пры выбары даўжыні спадніцы — адна справа, калі ён на абцасах, іншая — калі на танкетцы. Адна і тая ж даўжыня юбкі можа па-рознаму глядзецца на розных людзях. Канкрэтных парадаў — за калена ці да калена — на ўсіх даць немагчыма. Калі гаворка не ідзе пра святочны вобраз, дык варта ўлічыць і камфорт: калі чалавек карыстаецца грамадскім транспартам, доўгая спадніца перашкаджае.

"Не слухай сябровак, слухай дызайнера"

Слухай толькі дызайнера
Слухай толькі дызайнера

— Часта жанчыны прыслухваюцца да сябровак, і часам чуеш — не патрэбнае табе гэтае паліто з вялікім каўнерам, у цябе ж буйныя клубы, навошта такі акцэнт! А між тым жанчына з вялікімі клубамі можа як раз змясціць увагу на каўнер. Дарэчы, мой вопыт падказвае, што кліенткі даволі рэдка прыводзяць сябровак — баяцца, што для іх дызайнер прыдумае нешта яшчэ лепей, такая псіхалогія.

Усе мы прыслухоўваемся да таго, што кажуць сябры ды калегі па працы, немагчыма за адзін візіт да дызайнера цалкам змяніць стыль чалавека, на гэта можа спатрэбіцца нават пяць гадоў. Але ж, калі жанчына ў новым уборы прыходзіць на працу ці на той жа карпаратыў, а вакол яе ўсе захопленыя яе новым выглядам, тады пачынае выбудоўвацца давер паміж кліентам і стылістам.

Калі ў прымеркавай кліентка адразу скача ад радасці, я нават не надта таму веру, яна, пэўна, можа прыйсці дамоў і тады вырашыць, што сукенка атрымалася надта доўгай ці, насупраць, кароткай. Лепш, калі чалавек кажа табе праўду — маўляў, яшчэ не да канца сябе бачу ў такім вобразе, давер пачынаецца, калі прыходзяць кампліменты ад калегаў па працы, сяброў, блізкіх людзей. Трэба адшукаць свайго дызайнера, як і любога прафесіянала — стыліста, стаматолага.

"Шоўк — замежны, лён і клетка — мясцовыя"

У жанчыны павіннае быць чорная, пастэльная і чырвоная сукенкі
"У жанчыны павіннае быць чорная, пастэльная і чырвоная сукенкі"

— У Беларусі няма шоўка, і ў тым нашая праблема. Ёсць шэрсць ды сукно, ёсць добры лён, у гэтым сезоне мы можам выбраць нешта з камвольнага камбіната — яны вырабляюць тканіну з раснастайнай па рытміцы і малюнку клеткай, але такі ўзор не кожны разумее. У нас цудоўны лён — і з малюнкам, і рыхлы, а яшчэ яго можна варыць, тады ён стане грубейшы. А вось шоўку, жаккарда — няма.

Калі чалавек звяртаецца да дызайнера, ён звычайна адмаўляецца ад таннай тканіны і вырашае лепей пераплаціць, чым замовіць сінтэтычны карэйскі шоўк. Але ж не кожны можа сабе дазволіць аддаць мільён за метр шоўка, некаторыя мае кліенткі вязуць шоўк з Масквы.

"Дадайце колеру!"

У нас шмат хто надта закамплексаваны — я бачу, як людзі ходзяць па вуліцах, баяцца яркасці, прадаецца нешта камфортнае, цёплае — бяруць. У Еўропе 70-гадовыя жанчыны ходзяць яркімі, могуць апрануць кеды — у нас пакуль апранаюць хустачкі.

Па гардэробу бачна, як у чалавека ідзе жыццё, які ў яго настрой. Шмат хто прыходзіць і замаўляе — чорная сукенка. А пасля прыкладаеш да яго кавалак скуры ці тканіны яркага колеру, і ён пераконваецца — а можа, і праўда так лепей.

Часам жанчыне зробяць камплімент, скажуць, што ёй добра ў цёмна-фіялетавай сукенцы, і такі колер яна абірае пасля гадамі. Каб пераканаць, што час пераапрануцца, можна змарнаваць гадоў пяць. Самой, без прафесіянала, здагадацца, што табе падыдзе — прызнак выкшталцонага густу.

Добра, што ў нас на вуліцах з'яўляюцца і яркія людзі — нават калі на іх шмат розных колераў, гэта не адсутнасць густа, а папросту добрыя эмоцыі, гэткія сонечныя людзі разбаўляюць нашы чорныя ды шэрыя вобразы.

Тэмы:
Сустракаем Новы год (14)
Тэги:
Адпачынак, Стыль жыцця і адпачынак, карпаратывы, Навагоднія святы, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы