МІНСК, 22 сак – Sputnik. Вакансія захавальніка суслікаў адкрыта ў "Ахове птушак Бацкаўшчыны" (АПБ), паведамілі ў арганізацыі.
Гаворка пра крапчатага сусліка - від, уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэтыя звяркі выбіраюць для жыцця лугі - з-за чаго і апынуліся ў вельмі хісткім становішчы: многія такія месцы ўзараюцца. Менавіта з гэтай прычыны ў 2013 годзе незаконна знішчылі апошнюю вядомую навукоўцам калонію суслікаў ў Беларусі.
На шчасце, сем гадоў апасля інтэнсіўныя пошукі, якія праводзяцца экспертамі АПБ, прынеслі вынік: у Нясвіжскім і Капыльскім раёнах былі знойдзены сем новых калоній звяркоў. З іх пяць знаходзяцца ў Нясвіжскім раёне, у тым ліку - самая буйная на сёння ў Беларусі. Большая частка гэтай тэрыторыі ўжо пад аховай. Але, хоць знішчаць гэтых звяркоў забаронена нават на неахоўных тэрыторыях, чырвонакніжнікі ўсё роўна пад пагрозай.
Задача захавальніка - кожны дзень наведваць пяць месцаў пражывання суслікаў і адсочваць іх стан, рабіць фота, адпраўляць іх у АПБ і неадкладна паведамляць у арганізацыю, калі нешта пагражае дабрабыту звяроў (складзіраванне гною, напрыклад, як гэта было ў мінулым годзе).
Вакансія арыентавана на жыхароў Нясвіжскага раёна. Вялікіх грошаў не абяцаюць (канчатковую суму назавуць па выніках гутаркі), але і занятасць - не больш двух гадзін у дзень. Важная ўмова - мабільнасць, плюсам будзе наяўнасць ровара і фотаапарата.
Чытайце таксама:
- Добра выспаліся: амаль 70 мядзведзяў выйшлі з бярлог ў Бярэзінскім запаведніку
- Хто падстрэліць голуба: пачынаецца сезон палявання на дзічыну па новых правілах
- Новы від качак з Амерыкі заўважаны пад Гродна