03:30 01 мая 2017
«Радыё Sputnik»
Музычны гурт TonqiXod

TonqiXod прэзентаваў дэбютны альбом у тэатры

© Sputnik Николай Куксачёв
Меркаванне
Атрымаць кароткую спасылку
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (19)
432100

Удзельнікі беларускага музычнага таварыства "TonqiXod" адыгралі першы вялікі сольны канцэрт у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Юлія Хвошч, Sputnik

TonqiXod — даволі малады беларускі гурт, які хуткімі тэмпамі набірае папулярнасць. За два гады актыўнай дзейнасці калектыў назбіраў досыць матэрыялу для першага дыску "Pradmova", які стаў лепшым рок-альбомам па выніках 2014 году на думку Experty.by. Інтэрнэт-рэліз альбому адбыўся яшчэ ў снежні мінулага года, але вялікі і першы канцэрт, прысвечаны да такой падзеі, яны далі толькі 20 красавіка ў тэатры.

Сольнік у тэатры

Выхад дэбютнага альбому стаў для маладых беларускіх музыкаў пэўным этапам у творчасці. Разам з гэтай падзеяй скончыўся перыяд вечных падрыхтовак, да і асабіста для сябе хлопцы, нарэшце, на адметным этапе паставілі кропку. Інтэрнэт-рэліз альбому набыў шэраг добрых водгукаў ад музычных крытыкаў, не толькі беларускіх, але і па-за межамі краіны.

Прэзентацыя альбому прайшла ў… тэатры. Гэтае месца было абрана зыходзячы выключна з матэрыяльных меркаванняў. Музыкі хацелі знайсці прыдатную пляцоўку, якая б задавальняла і па гуку, і па кошце. У Мінску ёсць шэраг канцэртных клубаў, але з гукам там не вельмі. Ёсць клубы і з прыстойным гукам, але кошт на арэнду вельмі вялікі. Да і хацелася нечага выключнага для такой урачыстай падзеі.

Абставіны склаліся так, што TonqiXod рызыкнулі сыграць у тэатры, тым больш, што па кошце і якасці гучання хлопцаў усё задаволіла.

У нашай музыцы шмат усялякіх нюансаў і хацелася б, каб яны былі пачутыя. Хацелася чагосьці выключнага, а не нейкую звыклую пляцоўку, і мы падумалі, што канцэрт у тэатры будзе цікавым для ўсіх. Так і атрымалася", — кажа Уладзь Лянкевіч, вакаліст і гітарыст TonqiXod.

Да таго ж музыкам было цікава папрацаваць у тэатры. Хлопцам дапамагаў персанал тэатру, і ўсё прайшло так, як і планавалася.

TonqiXod
© Sputnik Николай Куксачёв
TonqiXod

Сам канцэрт як падзею, са слоў музыкаў, яны яшчэ не паспелі цалкам асэнсаваць і пакуль не ведаюць, ці дасць ён нейкія вынікі, але вельмі спадзяюцца. У любым выпадку, ўдзельнікі гурта лічаць, што для іх гэта вопыт, таму што яны "упершыню выступалі на вялікай пляцоўцы і ўпершыню ўсё было па-даросламу".

Адметныя ад іншых

ТonqiXod моцна адрозніваецца ад іншных маладых калектываў стылістыкай, унікальным гучаннем, тэкстамі і адсутнасцю бас-гітары. "Калі Максіму цікава граць басовую партыю на клавішах, няхай гэта робіць. Мы ж яго не прымушалі", — жартуе барабаншчык калектыву Андрэй Аляксеенка.

Але самі музыкі сцвярджаюць, што нічога спецыяльна для сваёй адметнасці не рабілі і не ставілі для сябе мэты адрознівацца ад іншых. Першасная мэта таварыства: рабіць музыку, якую ім цікава граць, якая ім самім падабаецца. "І мы проста кіруемся гэтым прынцыпам".

"Я, увогуле, прыхільнік такой канцэпцыі, што кожны мае сваю адметнасць. Калі чалавек знойдзе здольнасць і магчымасць і ў яго ёсць жаданне гэтую адметнасць у нечым выразіць, то ўсе гурты і будуць адметнымі. Але толькі ў тым выпадку, калі ты захочаш зрабіць сапраўды штосьці сваё, ад сябе", — кажа Уладзь Лянкевіч.

Са слоў музыкаў, ім пашанцавала прыдумаць, тое, што яны робяць, і гэта загучала "прыкольна". Насамрэч, цалкам магчыма, што амаль пры тых жа складніках, магло б адбыцца штосьці істотна больш пасрэднае.

Пра беларускія маладыя гурты любяць казаць, што іх музыка "падобная на ўсё на свеце", ці, наадварот, "не падобны ні на што на беларускай прасторы". ТonqiXod лічаць: гэта звязана з тым, што шмат калектываў імкнуцца кагосьці паўтараць.

Амаль усе калектывы на пачатку сваёй творчай дзейнасці бяруць за ўзор выдатныя музычныя творы, выконваюць іх і такім чынам вучацца. Але, са слоў  музыкаў, трэба дакладна разумець, "калі гэта вучнёўскі шаблонны паўтор, а калі гэта ўжо спроба нарадзіць сваё".

Пра планы на будычыню

У планах гурта падрыхтаваць праграму для другога альбому, удасканаліць свае музычныя і вакальныя здольнасці і далей развівацца ў музычным плане. "Гэта трошкі пафасна, але заўседы хочацца імкнуцца да чагосьці вышэйшага", —  кажа клавішнік калектыву Максім Субач.

Максім Субач і Анрэй Аляксеенка, TonqiXod
© Sputnik Николай Куксачёв
Максім Субач і Анрэй Аляксеенка, TonqiXod

Зараз калектыў працуе над новай праграмай, некаторыя песні, якія не ўвайшілі ў альбом, ужо можна пачуць на іх выступах. Са слоў музыкаў, ім будзе цікава зрабіць нешта новае. Да канца бягучага года ТonqiXod плануюць зафіксаваць новы матэрыял у выглядзе другога альбому ці запісаў. Але прама загадваць і казаць што, калі і як хлопцы пакуль не жадаюць.

У бліжэйшых планах гурта праехацца з канцэртамі па абласных цэнтрах Беларусі, выступіць у іншых гарадах. "Мы плануем гастролі. Пакуль усе зоркі не склаліся, але магчыма ўдасца наведаць пару-тройку гарадоў з канцэртамі. Гэта было б цікава. Нам у прынцыпе цікава канцэрты граць", — кажа Уладзімір Лянкевіч.

Пра амбіцыі

Кожны творчы гурт мае свае амбіцыі. TonqiXod — не выключэнне. Але іх мары досыць сціплыя і канкрэтныя. "Ёсць жаданне, каб гурт не быў прорвай, у якую ўкладаешся эмацыйна і фінансава, а адтуль нічога не атрымліваеш, каб нейкі фідбэк быў. Ну і, канешне, не разваліцца, пісаць музыку і ўмець яе выканаць", — распавядаюць музыкі.

Удзельнікі гурту лічаць, што не павінны нікога пераконваць у тым, што яны граюць сапраўды цікавую музыку. І не толькі яны, але і ўсе іншыя прыстойныя беларускія гурты, якія, усё ж такі, ёсць. Самі беларусы павінны пачаць цікавіцца беларускай музыкай, а не гурты павінны прасіць усіх і кожнага паслухаць запіс, лічаць удзельнікі TonqiXod.

Уладзімір Лянкевіч, TonqiXod
© Sputnik Николай Куксачёв
Уладзімір Лянкевіч, TonqiXod

Зараз гурт набірае папулярнасць, да іх станоўча ставяцца музычныя крытыкі, і ўдзельнікі гурта пачалі адчуваць, што "гэта ўсё не дарэмна, што гэта не проста аб сценку". Добрыя водгукі іх падбадзёрваюць і даюць сілы займацца музыкай далей. Усе ведаюць, што большасць гуртоў проста разваліваюцца, не паспеўшы нават выйсці ў людзі. І толькі таму, што ў вакууме доўга не працягнеш. Толькі на ўнутраным запале працаваць цяжкавата… Таму таленавітыя людзі бліжэй да 30 кідаюць музыку і мяняюць лад жыцця.

Як пісаўся першы альбом

Запіс альбому пачаўся з таго, што Уладзімір Лянкевіч прыняў удзел і атрымаў перамогу ў літаратурным конкурсе. Прызам для пераможцы была магчымасць запісаць свой верш у студыі пад музыку, таксама прадугледжваліся здымкі кліпу. І тут Уладзімір кажа, што ў яго ёсць свой гурт, які сам зможа напісаць музыку. Так і зрабілі.

Вершам, з якім Уладзімір перамог у конкурсе, быў "Насыпаць горы". "На гэты верш прыдумалі даволі хутка музыку, усё запісалі, музыка добра гучала і гэта нас часткова падбадзёрыла, стала такім стартавым крокам. Заўсёды цяжкавата зрабіць першы крок. Здаецца, што гэта так адказна, трэба запісваць альбом, як так зрабіць, каб было добра. А тут запісалі — і нармальна. Давай яшчэ запішам."

музычны гурт TonqiXod
© Sputnik Николай Куксачёв
музычны гурт TonqiXod

Падчас запісу альбому музыкі ўвесь час знаходзіліся ў пошуку, пісаліся ў розных студыях, нешта, напрыклад клавішы, пісалася ў хатніх умовах. Недзе бралі абсталяванне ў арэнду.

"Дебютный диск TonqiXod так и ломится от хороших мелодий, ярких текстовых находок и ламповой теплоты звука… Здесь хватает и сложных структур, и ломаных размеров, но они не нагромождаются и не преобразуются в занудную жвачку, как это частенько случается в прог-роке", — піша музычны партал Ultra-music.com.

У гурта ўжо ёсць нейкія ідэі і бачанні запісу другога альбому. Калі ўсё складзецца, будзе матэрыял, будзе магчымасць і будуць грошы, то гурт паспрабуе знайсці нейкі іншы падыход да запісу.

Што рабіць з музыкай

Канешне, як і іншыя маладыя музыкі ТonqiXod мараць пра тое, каб становішча з беларускай музыкай змянілася ў лепшы бок. Каб беларусы пачалі з большай павагай ставіцца да таго, што граюць у краіне, пачалі б наведваць канцэрты і цікавіцца беларускай музыкай.

Але такі падыход, усё ж, больш разлічаны на сапраўднага аматара, актыўнага карыстальніка, чалавека, які цікавіцца беларускай музыкай. "Мне здаецца месцамі, што тут часткова ёсць праблема з "моцнымі людзьмі гэтага свету. Я маю на ўвазе тых, у чыіх руках знаходзяцца рэдактарскія аддзелы радыёстанцый, нейкіх тэлевізійных перадач, так званы "рупар беларускай грамадкасці", — разважаюць яны.

"Усе чамусьці сядзяць на стэрыятыпах. І многія з іх на стэрыятыпах 10-20-гадовай даўніны. Маўляў, калі па-беларуску спявае, то гэта адразу "За свабоду", а Лукашэнка плахі, альбо гэта бардаўская песня нікому не цікавая, альбо гэта ўсё не фармат. Але гэтыя межы куды больш гнуткія"— лічаць TonqiXod.

Музыкі лічаць, што калі б беларусы перагледзелі свае перакананні і адмовіліся б ад стэрыятыпаў, то становішча з беларускай музыкай значна палепшылася б.

Узнагароды

  • "Дэбют 2013" па версіі Еўрарадыё
  • Намінанты на прэмію "Дэбют года"-2013 па версіі Tuzin.fm
  • Намінанты на прэмію "Найлепшы дэбютны альбом 2014" па версіі Еўрарадыё
  • "Найлепшы дэбютны альбом 2014"
  • "Найлепшы рок-альбом 2014"
  • "Найлепшы беларускамоўны альбом 2014"
  • "Прыз штатных экспертаў" па версіі Experty.by
Тэмы:
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (19)
Тэги:
Музычны гурт, Музыка, Мастацтва, культура і мастацтва, TonqiXod, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы