12:08 22 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.06
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.11
Katniss Everdeen

“Галодныя гульні” у беларускім фармаце

© Photo: cor-sa.deviantart.com
Меркаванне
Атрымаць кароткую спасылку
29460

Шукаем Кітніс Эвердзін у беларускай літаратуры разам з літаратурным крытыкам Паўлам Абрамовічам.

МІНСК, 25 ліс — Sputnik. Фанаты падлеткавых антыўтопій па ўсім свеце дачакаліся вяртання Кітніс Эвердзін на вялікія экраны — выйшла ў пракат апошняя частка трылогіі "Галодныя гульні".

Пакуль гледачоў запрашаюць на 76-я галодныя гульні, Sputnik вырашыў звярнуцца да нацыянальнай літаратурнай спадчыны і адшукаць там у дастатковай ступені харызматычных дзяўчын, здольных змагацца калі не з Капітоліем, дык хаця б з якой-ніякой несправядлівасцю.

Ці здолелі беларусы стварыць жаночы вобраз, здольны натхніць дыстрыкты, спецыяльна для Sputnik распавёў літаратурны аглядальнік Павел Абрамовіч. Падчас пошукаў высветлілася, што для беларусак, паўстаўшых супраць прыгнёту, happy end прадугледжаны рэдка.

— Жанр young-adult fiction зрабіўся звышпапулярным сярод маладых чытачоў кніг і гледачоў кінастужак не на голым месцы. У яго ёсць глыбокія карані. Прыкладам, раман класіка амерыканскай літаратуры Уільяма Голдынга "Уладар мух" (1954), які быў неаднаразова экранізаваны.

Калі казаць менавіта пра раман "Галодныя гульні" і вобраз змагаркі Кітніс Эвердзін, то у беларускай літаратуры ёсць падобныя тэмы і персанажы. А паколькі беларуская літаратура ўвесь час чэрпае свае тэмы, сюжэты і вобразы з рэчаіснасці, можна смела сцвярджаць, што многія нашы дзяўчыны-гераіні — нявыдуманыя.

Прыкладам, у вершы Адама Міцкевіча "Смерць палкоўніка" прачулена распавядаецца пра смерць ліцвінкі Эміліі Плятэр. Гэта маладая графіня, якая па матчынай лініі паходзіла са шляхты Браслаўскага павета, удзельнічала ў паўстанні 1830 года. Эмілія ўзначальвала вялікі партызанскі атрад, у складзе якога, адзначу, было нямала дзяўчат, і прымала непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. Смерць напаткала яе ў 25-гадовым узросце.

Яшчэ адна гераічная асоба нашай класічнай літаратуры — Бандароўна з паэмы Янкі Купалы. Гэта прыгожая дзяўчына адмовіла пану Патоцкаму, які груба заляцаўся да яе. І за нахабныя жарты выцяла яго па твары. Раз'юшаны Патоцкі забіў Бандароўну — у сваім "апошнім слове" дзяўчына абрала свабоду, а не каханне пад прымусам: "Не такую, ясны пане, // Бачыш прад сабою, // Што захоча чэсць і славу // Прадаваць з табою". Вестка пра смерць дзяўчыны шырока разляцелася па свеце. "Задымелі у пажарах панскія сялібы", пачалося паўстанне.

Як бачна, у адрозненні ад Кітніс Эвердзін, беларускіх дзяўчат за іх мужныя ўчынкі, скіраваныя супраць дзеянняў Панэмаў альбо дыктатуры асобных мужчынаў, найчасцей чакала смерць. Але здараліся і выключэнні. Згадаю тут Вольгу Андросаву з рамана "На ростанях" Якуба Коласа. Гэта маладая настаўніца была рэвалюцыянеркай і смела агітавала людзей, у тым ліку свайго калегу Андрэя Лабановіча, да вызваленчай барацьбы супраць царызму.

Свабодалюбівыя жанчыны, здольныя да супрацьстаяння і заклікаў да барацьбы, перайшлі з класічнай беларускай літаратуры ў сучасную. Вельмі раю ўсім чытачам зборнік апавяданняў "Жанчыны выходзяць з-пад кантролю" (2007), які можна бясплатна спампаваць у сеціве. Кніга складаецца выключна з апавяданняў, створаных нашымі пісьменніцамі. У ёй ёсць шэраг выдатных партрэтаў беларускіх змагарак. Вылучу вобраз Франкі з апавядання Вольгі Бабковай "Крумкач і Франка". Гэта дзяўчына-сірата з прытулку (адзіны скарб яе — тэстамент прадзеда "з дзіўнымі словамі") прылюдна адмаўляецца ўдзельнічаць у святкаванні каранацыі і тэзаімянінаў імператара.

Беларуская літаратура можа адгукнуцца на заклік Кітніс Эвердзін, бо нашыя жанчыны сапраўды неаднаразова выходзілі з-пад кантролю. "Мы ўсе зачакаліся", — прамаўляе вуснамі свайго персанажу пісьменніца Ева Вежнавец, і гэтую думку падзяляюць дзясяткі гераінь нашых выдатных кніг, гераінь, гатовых не да словаў, а да дзеянняў.

По теме

“Галодныя гульні”: Кітнес Эвердзін ў вышыванцы
Тэги:
"Галодныя гульні", Кітніс Эвердзін, Беларусь, Увесь свет

Галоўныя тэмы