Асабістае бачанне фіналу "Еўрабачання"

© REUTERS / Gleb GaranichПераможца "Еўрабачання-2017"
Пераможца Еўрабачання-2017 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Карэспандэнт Sputnik падчас прагляду фіналу найбуйнейшага еўрапейскага песеннага конкурсу запісваў у нататнік свае назіранні за ўдзельнікамі фіналу і вырашыў падзяліцца імі з чытачамі парталу.

МІНСК, 13 мая — Sputnik, Юлія Хвошч. Наймацнейшыя ўражанні — якасць музыкі нарвежцаў, вакал прадстаўніцы Арменіі і пацалунак Naviband.

Распавядзем у тым парадку, у якім выступалі выканаўцы.

Ізраіль. Перажыткі пачаку нулявых, больш нічога казаць не мушу.

Польшча. За адборам спевакаў напярэдадні конкурсу не сачыла, першы паўфінал не бачыла, нумар ад гэтай краіны ўбачыла ўпершыню, уражанні — стрыманая сэксуальнасць, класіка і таленавітасць. Моцны і шчыры вакал.

Беларусь. Прадстаўнікі Беларусі выйшлі з такімі выразамі на тварах, быццам яны ўжо перамаглі, а гэта варта павагі. Прыемна было назіраць, як беларусаў падтрымліваюць гледачы ў зале з намалёванымі на твары сцягамі іншых краін. NaviВand выправілі вакальныя памылкі, што былі дапушчаны падчас выступу ў другім паўфінале, і выступілі дастойна. Нават скептыкі адзначылі іх прафесіяналізм. А пацалунак напрыканцы выступу стаў сапраўднай правакацыяй, гэта смелы ўчынак, гэта сапраўдная шчырасць, і так мусіць быць у творчасці. Як мы назіраем, штогод выступленні выканаўцаў у паўфінале не адрозніваюцца ад выступлення ў фінале (калі трапілі), але "Наві" парушылі рамкі.

Аўстрыя. Хлопчык на месяцы з крыламі на ботах…

© AP / Efrem LukatskyПрадстаўнік Аўстрыі Натан Трэнт у фінале "Еўрабачання"
Натан Трент из Австрии в финале Евровидения - Sputnik Беларусь
Прадстаўнік Аўстрыі Натан Трэнт у фінале "Еўрабачання"

Арменія. Заяўка на перамогу. Містычны, цалкам арыгінальны нумар. А моц вакалу вакалісткі, здаецца, парушыць сцены. Дарэчы, сёлета праблемы з моцам у вакале на "Еўрабачанні".

Нідэрланды. А вось такога захада ад развітой заходняй краіны я не разумею — часы Desteny's child даўно мінулі, а да Бьёнсэ ім далёка. Навошта так рабіць… Дарэчы, а дзе гук?

© REUTERS / Gleb GaranichOG3NE ад Нідэрландаў мусілі выступіць як сур"ёзны гёрл-бэнд, але не ўсё атрымалася
OG3NE из Нидерландов в финале Евровидения - Sputnik Беларусь
OG3NE ад Нідэрландаў мусілі выступіць як сур"ёзны гёрл-бэнд, але не ўсё атрымалася

Малдова. Блёкла.

Венгрыя. Аўтэнтычныя, самабытныя, з модным гучаннем, вылучаюцца сярод іншых… Але. Вакаліст і яго спеў заціснутыя, заціснутыя на сцэне ўсе, акрамя скрыпачкі. Не еўрапейскі ўзровень.

Італія. Класічная італьянская поп-культура 80-х. Таго і глядзі зараз праз мадуляцыю "Фелічыту" распачнуць.

Данія. Без сэнсу. Без вакалу. Проста каб было.

Партугалія. Вельмі цікава. Хлопец спявае "калыханку". Але ці не ўтрыруе ён у сваім вобразе? Бадай, што не. Эмоцыі шчырыя. Вакал моцны. Мабыць, гэта новы трэнд конкурсу — нязручныя рухі, недарэчнасць постаці… Аднак барада засталася.

© REUTERS / Gleb GaranichПераможца "Еўрабачання-2017" партугалец Сальвадор Сабрал
Португалец Сальвадор Собрал в финале Евровидения - Sputnik Беларусь
Пераможца "Еўрабачання-2017" партугалец Сальвадор Сабрал

Айзербаджан. Нажаль, дзяўчына спявае не вельмі моцна. Але нумар сур'ёзны. Калі б дадаць крыху вакалу — магла б трапіць у прэтэндэнты.

Харватыя. Вось гэта заяўка. Оперны вакал — гэта так незвычайна выглядае на фоне астатніх прадстаўнікоў "Еўрабачання". Таксама хацелася б адзначыць харызму і шчырасць выканаўцы. Канешне, лайк, але наўрад ці пераможа.

Аўстралія. Можна ставіць у прэтэндэнты на перамогу. Вельмі цікавы хлопец праз сваю натуральнасць — натуральныя рухі, натуральныя модныя бровы. Галоўнае — спявае чыста.

Грэцыя. Самая звычайная дзяўчына з напалоханым позіркам і разрэзам сукенкі да бядра. Самы звычайны вакал. Музыка крыху прэтэндуе на модную. Шэрасць.

Іспанія. А вось Іспанія ну такая Іспанія — хлопцы з гітарамі і ў кашулях з пальмамі. Шчырыя, вясёлыя. Вакал? Які вакал?

Нарвегія. Наймацнейшы нумар "Еўрабачання". Бадай, адзінае выступленне па-сапраўднаму еўрапейскага ўзроўню. Моцная песня, якасны гук і драматургія. Я б аддала ім першае месца. Найкруцейшыя.

Вялікабрытанія. Радзіма выбітнейшых вакалістаў і рок-бэндаў, на жаль, рэдка прадстаўляе на еўрапескім конкурсе нешта прыстойнае. Вось і гэтым разам — моцны вакал праз нацыянальную прыналежнасць і больш нічога.

Кіпр. Дзіма Білан вярнуўся? Адзіная прыемнасць — вялікая колькасць нізкіх частот. Але для "Еўрабачання" гэта ўжо мінулае.

Румынія. Як і амаль суседняя ім Венгрыя зрабілі стаўку на рэчытаціў. Але нумар яркі, і гэты вакальны ёдль ад вакалісткі зачароўвае.

Германія. Ні аб чым.

Украіна. Голасу дадаць бы. І гэтая завушніца ў носе вакаліста — прывітанне з сярэдзіны 90-х…

© REUTERS / Gleb GaranichУкраінскі рок-гурт O.Torvald у фінале "Еўрабачання"
Украинская группа O.Torvald в финале Евровидения - Sputnik Беларусь
Украінскі рок-гурт O.Torvald у фінале "Еўрабачання"

Бельгія. Пасрэдная дзяўчына з пасрэдным вакалам. Музыка крыху ратуе, але не люблю жанчын з мужчынскімі нотамі ў голасе.

Швецыя. Прабачце, не заўважыла.

Балгарыя. Наймацнейшае выступленне падлетка. Шчырасць і моц інтанацыі, бадай, ён мае шанец на перамогу.

Францыя. О! Можна глядзець бясконца. Асабліва мужчынам. Асабліва, калі адключыць гук.

© REUTERS / Gleb GaranichВыступленне прадстаўніцы Францыі
Француженка Алма в финале Евровидения - Sputnik Беларусь
Выступленне прадстаўніцы Францыі

На думку аўтара,"Еўрабачанне-2017" было хцівым на таленты, добрую музыку і моцны вакал, а вынікі галасавання падаліся не зразумелымі. Перамогу варта было аддаць прадстаўніку Балгарыі, другое месца — Нарвегіі, трэцяе — Арменіі. Іншая справа, калі б сапраўды таленавітым не забаранялі б выступаць па неіснуючых прычынах. 

Па выніках галасавання, пераможцай "Еўрабачання-2017" стаў прадстаўнік Партугаліі Сальвадор Сабрал, Беларусь заняла толькі 17-е месца, апошні жа радок заняў прадстаўнік Іспаніі Манель Навара.

"Еўрабачанне-2017" многія называюць самым скандальным з усіх — з-за сітуацыі з расійскай спявачкай Юліяй Самойлавай, якой быў забаронены ўезд ва Украіну. Еўрапейскі вяшчальны саюз не змог ўрэгуляваць дадзеную праблему, пасля чаго расійскі "Першы канал" адмовіўся ад трансляцыі шоу.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 

Стужка навiн
0