20:29 19 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Кадр з фільму Яно

"Яно": дапаможнік па правільных здымках фільмаў жахаў

© Фото: Warner Bros. Pictures
Меркаванне
Атрымаць кароткую спасылку
2720

Фільмы жахаў ужо даўно перасталі быць страшнымі і жахлівымі, толькі часам асобныя стужкі выклікаюць ледзь не ледзяны жах. І "Яно" – сярод гэтых карцін.

Фільм "Яно" па праву лічыўся адным з самых чаканых фільмаў года — трэйлер карціны толькі ў Facebook паглядзелі звыш 120 мільёнаў чалавек. Фанаты аўтара гісторыі, "караля жахаў" Стывена Кінга стужку таксама чакалі, але хутчэй з асцярогай — экранізацыі раманаў пісьменніка ў 99% выпадкаў аказваюцца па-сапраўднаму правальнымі. Але не "Яно" — гэтую стужку можна смела ставіць у адзін шэраг са "Ззяннем" і "Мізэры".

Карэспандэнт Sputnik Яўген Казарцаў паглядзеў "Яно" і прыйшоў да высновы, што менавіта так і трэба здымаць фільмы жахаў.

Кароткая перадгісторыя

Раман Кінга "Яно", што выйшаў у 1986 годзе, імгненна стаў бэстсэлерам і быў намінаваны на прэстыжныя ў сферы фантастычнай літаратуры прэміі. Але кніга зрабіла куды больш — менавіта пасля яе ў масавай культуры з'явіліся вобразы зласлівых і страшных клоунаў. Калі вы думаеце, што гэта — не такое і значнае дасягненне, то прыгадайце: дзе ў апошні раз (акрамя дзіцячых мульцікаў) вы бачылі станоўчы вобраз клоунаў у стужках, што выйшлі на экраны пасля 80-х? Нідзе. Хіба што ў нечым зусім наіўным. Больш таго, ужо ёсць тэрмін "каулрафобія" — баязь клоунаў.

Зняць фільм па "Яно" спрабавалі шмат разоў — выходзілі і карціны, і міні-серыял. Але ўсё было вельмі няўдала. Наогул лічыцца, што на кнігах Кінга ляжыць нейкі праклён, бо сярод дзясяткаў экранізацый удалымі былі толькі некалькі — "Ззянне", "Мізэры" і адзінкі іншых. Але адзін з самых вядомых раманаў майстры хорару на экранах упарта адмаўляўся выглядаць прыстойна. Пакуль за справу не ўзяўся аргентынец Андрэс Мускецці, які зняў адзін з нешматлікіх па-сапраўднаму страшных фільмаў жахаў апошніх гадоў — "Маці".

Людзі страшней за монстраў

Наогул, "Яно" — не проста гісторыя пра клоуна-монстра, які выкрадае дзяцей. У самога Кінга ўсё куды глыбей — людзі бываюць значна жудасней і больш жорсткімі, чым любы выдуманы монстар, а любая містыка можа апынуцца спробай збегчы ад нашага залішне страшнага свету.

Захаваў гэта ў "Яно" і Мускецці. Можна сказаць, што фільм "Яно" — экранізацыя толькі першай часткі рамана, і працяг на экраны вызначана выйдзе. Тут мы бачым этап сталення персанажаў-дзяцей, іх жорсткіх аднагодкаў і бацькоў, першае каханне і іншыя падлеткавыя атрыбуты.

Параўноўваюць "Яно" з серыялам "Вельмі страшныя справы" не толькі дзякуючы з'яўленню акцёра з тэлепраекта, але і па атмасферы: нарэшце ў Галівудзе перасталі рабіць дзяцей у фільмах жахаў суцэльнымі ахвярамі і "праваднікамі" чагосьці дрэннага ў наш свет, а зразумелі, што распавядаць іх гісторыі — лепш, чым загульвацца спецэфектамі з тыповымі "скрымерамі" (сцэнамі, якія знятыя адмыслова для таго, каб напалохаць гледача — Sputnik). Галоўнае — у гэтым фільме пакінулі асноўныя думкі Кінга і не ператварылі яго проста ў фантасмагорыю пра клоуна-забойцу. Таму і ёсць глыбіня. Зноў жа, для "жудасцікаў" апошніх гадоў з'ява даволі рэдкая.

Вынік: чаму "Яно" — тое, што трэба паглядзець усім

І няхай зноў у тэксце паўторыцца гэтая думка, але фільмы жахаў трэба здымаць менавіта так. Не як "Вій" ці чарговую "Анабэль", не спрабаваць падсоўваць гледачам прафанацыю. А рабіць настолькі добра зняты фільм, што глядач пагрузіцца ў яго цалкам.

У "Яно" дарэчы спалучаецца смешнае і страшнае, містычнае і рэальнае, намёкі на масавую культуру і архетыпічныя вобразы. Нарэшце, гэта знята тэхнічна вельмі добра. Майстэрства акцёраў заслугоўвае асобных хвал.

Усю другую палову экраннага часу глядзець "Яно" невыносна — менавіта таму, што гэта сапраўды страшна. Без зомбі, што выскокваюць з шафаў, без д'ябла, што ўсяляецца ў дзяўчынку і без Фрэдзі Кругера. Калі можна так выказацца, то страх гэты не банальны. Таму і глядзець гэта невыносна. Але і адарвацца немагчыма: сэрца калоціцца, выпрацоўваецца адрэналін, і, нават разумеючы, што гэта ўсё толькі чарговая казка, узяць сябе ў рукі не атрымліваецца.

"Яно" варта паглядзець ўсім, а асабліва — тым, хто думае, што фільмы жахаў бываюць толькі недарэчнымі і бязглуздымі. І яшчэ больш — тым, хто збіраецца здымаць свае "хорары". Каб яны разумелі: калі не змогуць зрабіць так — то хай бяруцца лепш за серыялы ў духу "Сватоў", а ніяк не за спробу гуляць на адным з галоўных чалавечых пачуццяў.

Тэги:
Афіша кіно, Рэцензія на фільм
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы