"Быў гэта толькі сумны сон…": шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі

© Photo : БГАКФФДПаўліна Мядзёлка
Паўліна Мядзёлка - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2023
Падпісацца
Біяграфію жанчыны, якая натхніла Янку Купалу на стварэнне цыкла пранікнёных вершаў, і прысвячэнні песняра чытайце на Sputnik.
Дзяўчына, якой лёс наканаваў стаць правобразам знакамітай Паўлінкі і музай беларускага паэта Янкі Купалы, нарадзілася 12 верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні – зараз гэта Мядзельскі раён Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Глыбоцкага царкоўнапрыхадскога вучылішча яна апынулася ў Рызе, а адтуль праз два гады – 1909 годзе – пераехала у Вільню, дзе наведвала прыватную жаночую гімназію.

Знаёмства з Купалам

Менавіта там 16-гадовая дзяўчынка і пазнаёмілася з будучым класікам беларускай літаратуры – Янкам Купалам. У сваіх мемуарах Паўліна ўспамінае, як пасля паспяховай здачы экзаменаў у гімназію яна адправілася ў госці да знаёмых, дзе ўпершыню ўбачыла Купалу.
"Мне адчыніў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі былі загорнуты, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны", - напіша потым Мядзёлка ў "Сцежках жыцця".
І хоць шмат чаго ў аўтабіяграфічным выданні Паўліны Мядзёлкі прайшло праз савецкую цэнзуру, некаторыя радкі засталіся: "Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы".
У 1912 годзе, пасля сканчэння гімназіі, Паўліна паехала ў Пецярбург, дзе два гады наведвала Вышэйшыя камерцыйныя курсы і, што самае цікавае, ужо ў 1913 годзе сыграла ў аматарскай прэм’еры "Паўлінкі" галоўную ролю. Кажуць, што ў той час Мядзёлка не адмовілася ні ад ролі, ні ад адносін з аўтарам.
Першую сусветную вайну Паўліна Мядзёлка правяла ў эвакуацыі ў Царыцыне. Дакладна невядома, што ў той час стала з іх з Купалам адносінамі, але ў 1914 годзе вершаваныя радкі паэта, добра вядомыя нам яшчэ са школы, "Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея", былі прысвечаны ўжо Уладзіславе Станкевіч, дарэчы, сяброўцы Паўліны. Негледзячы на гэта, даследчыкі сцвярджаюць, што ў 1915 годзе Купала, не выносячы сваіх адрынутых Паўлінай Мядзёлкай пачуццяў, напісаў цыкл пранікнёных вершаў, што прысвячаліся менавіта ёй. Але ж… лёсам было наканавана іншае.
Так, у 1916 годзе Янка Купала звянчаўся з Уладзіславай ў Петрапаўлаўскім касцёле Масквы. У мемуарах Паўліны Мядзёлкі захаваўся каментарый пра тое, што яна даведалася пра шлюб паэта і Станкевіч толькі праз год пасля цырымоніі.

Арышты, выгнанне і вяртанне на радзіму

У 1916 годзе Мядзёлка вяртаецца ў Петраград, дзе становіцца сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе яна працавала ў Кіеве, а потым па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка, але ў сакавіку 1918-га школа была закрыта, і Паўліна пераехала ў Мінск. У тым жа годзе ў друку з’явіліся вершы Мядзёлкі.
За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Мядзёлка некалькі раз была арыштавана – у тым ліку разам з мужам, Тамашам Грыбам, які працаваў разам з ёй у газеце "Родны край", потым, дарэчы, менавіта Купала дапамог ёй уладкавацца на працу ў мінскае выдавецтва.
У 1927-1930 гадах Мядзёлка працавала выкладчыцай беларускай мовы ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках. А летам 1930 года яе арыштавалі ўжо ў Маскве, быццам бы за ўдзел у антысавецкім Саюзе вызвалення Беларусі. Паўліна, па яе асабістаму прызнанню, "падпісывала ўсё, што падсоўвалі".
Супадзенне гэта ці не, але неўзабаве пасля арышту Паўліны Мядзёлкі Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Мядзёлка была па абвінавачванні выслана ў Казань, а калі вярнулася ў 1932 годзе, выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Мінскую вобласць, пасёлак Будслаў, дзе таксама працавала настаўніцай да 1958 года. Менавіта там Мядзёлка напісала свой самы значны твор – мемуары "Сцежкамі жыцця". Яны пачалі друкавацца ў фрагментах у той жа год, а асобнае выданне першай часткі з’явілася ў 1974 годзе. Другая частка была надрукавана ў 1993 годзе. У 1966 годзе Мядзёлка была ганаравана званнем "Заслужаны дзеяч культуры БССР".
Памерла Паўліна Мядзёлка 13 лютага 1974 года ва ўзросце 80 гадоў і была пахавана на каталіцкіх могілках у Будславе. Яна перажыла вялікага песняра на 32 гады. А вершы Купалы, прысвечаныя Паўліне, жывуць і сёння, узрушваючы неўміручымі пачуццямі чытачоў.
© Sputnik / Альфрэд МікусБыў гэта толькі сумны сон / Душы расплаканай маей...
Сон-трава - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2022
Быў гэта толькі сумны сон / Душы расплаканай маей...

Быў гэта сон…

Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будных дзён
Я свята меў, глядзеў святлей.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачах яе скрозь смех
Чытаў святы сабе закон
Кахання шчырага і ўцех.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што развяду я з ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.

Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцці, –
Ён ёй і мне стварыў прыгон,
А сам сышоў, каб… не прыйсці!

Янка Купала
© Sputnik / Павел ЛьвовДуша яго, як тое мора, / Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі...
Белое море в Мурманской области - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2022
Душа яго, як тое мора, / Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі...

Таей даўгажданай

Чакаў яе, чакаў з трывогай,
Лічыў хвіліны неспакойна,
Чакаў… І не прыйшла нябога.
Не захацела быць так гойнай.

Што ж, не прыйшлося маім думам
Быць явай радаснай, жаданай;
Сам застануся з сваім сумам
Лячыць нязлечаныя раны.

Пачну адвечную бяседу:
Паклічу верных сваіх другаў –
Яны, як добраму суседу,
Акажуць шчыру мне паслугу.

Мой першы друг – бязмежна гора,
Не скупіць мне сваёй апекі, –
Душа яго, як тое мора,
Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі.

Мая сама вярнейша дружка,
Мяне не здрадзіўша ніколі,
Нядоля – беспадобна служка,
Мая пацеха дома, ў полі.

Яшчэ, яшчэ нямала маю
Такіх дружкоў, бы ўвесну цвету,
Іх тутка я не вылічаю, –
Нашто дарма хваліцца свету!

Вось як яны усе сыйдуцца
Ў маю святліцу – маё сэрца, –
Імглою вочы прыбяруцца,
Душа на жальбу абапрэцца.

І блісне першая слязіна,
За ёй апошняя заблісне, –
Абедзве па табе, дзяўчына,
Што я чакаў так бескарысне!..

Янка Купала
© Sputnik / Алексей Даничев / Перайсці ў медыябанкСыйду са сцежкі я тваей, / Як цень з няведамага краю...
Деревья в лесу, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2022
Сыйду са сцежкі я тваей, / Як цень з няведамага краю...

Сыйду…

Сыйду са сцежкі я тваей,
Як цень з няведамага краю,
Хоць і не вырву ўжо з грудзей
Таго, з чым жыці сіл не маю.

Судзіла доля мне сустрэць
Цябе, як казку негадану,
Ды не судзіла доля мець
Пацехі з гэтага жаданай.

Пракляцце нейкае вісіць
Над лёсам марным і сірочым
Ды рве і рве за ніцяй ніць,
Якія з шчасцем злучыць хочуць.

Нявольнік дум сваіх і сноў,
Сябе самога раб няшчасны,
Я скрозь жыццё адзін сам шоў,
Пуціны не зазнаўшы яснай.

І думаў, што ўжо скаваў лёд
Мне ўсе жаданні і парывы,
Што дажыву я сваіх год,
Па-свойму вольны і шчаслівы.

Так думаў… Сталася не так –
Душу збудзіла дзіўна з’ява:
Чагось жадаць пачаў бядак,
Штось згледзеў больш, як смерць і слава.

Інакш забілася ў грудзях
Сляпое, прыспанае сэрца, –
Змяніў на кветкі церні шлях
І думаў: шчасце ка мне рвецца.

Але здалося гэта ўсё,
Быў сон, а ява засталася,
Надзеі зорка ў небыццё,
Як здань жывая, праняслася.

Зноў сам адзін, як блудны цень,
З далёкай вырваны каметы.
Ідзі, брыдзі і ноч, і дзень,
Навек згубіўшы ўсе прасветы.

Каб мог душу ўзяць, паказаць,
Каб мог сабе сам вырваць грудзі,
Тады б мо ты змагла паняць,
Чаго паняць не хочуць людзі.

Тады б мо каменем цяжкім
Маёй душы не надзяліла,
Над сэрцам мела б жаль маім
Ды і ўздыхнула б над… магілай.

Янка Купала
© Sputnik / Альфред МикусЯк і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор, / Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!..
Рассвет на лугу - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2022
Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор, / Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!..

А яна…

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так пясціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, –
Як і маці не песціць дзіцё – як спаўе,
Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, –
Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
І такую ўзлажыў ёй з кахання карону, –
Як і неба з зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, –
Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,
Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё –
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…
………
А яна?.. А яна была толькі… дзяўчына!..

Янка Купала
© Sputnik / Владимир Астапкович / Перайсці ў медыябанкК табе, мая ночанька цёмная, / І к вам, мае зоранькі-кветкі, / З паклонам іду...
Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 12.09.2022
К табе, мая ночанька цёмная, / І к вам, мае зоранькі-кветкі, / З паклонам іду...

Ночцы

К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, непрытомны я,
І клічу вас, клічу за сведкі.

Пасведчыце, як мне тут маецца
Ў маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.

Пасведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую…
Мо хоць над маёю магілаю
Я водклік ад мілай пачую.

К табе ж, брат мой, вецер, звяртаюся
З закляццем-прысягай такою:
На смерць і жыццё прысягаюся,
На шчасце сваё маладое:

Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяціных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.

Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветру, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
І кінь ёй пад ногі – хай бача!..

Янка Купала
Чытайце таксама:
Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"
"Да адказнасці не прыцягваўся" – знойдзены запісы Янкі Купалы за 1931 год
Гасцей пільнаваў сабака: як праходзілі застоллі ў Янкі Купалы
Другі помнік Янку Купалу з’явіўся ў Кітаі
Не творчасцю адзінай: каго кахалі беларускія пісьменнікі
Стужка навiн
0