00:24 29 сакавіка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.58
  • EUR2.84
  • 100 RUB3.31
Асоба
Атрымаць кароткую спасылку
98081

Міхаіл Савіцкі прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры і пісаў праўду, якую бачыў.

Сёння споўнілася б 98 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.

Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў
© Sputnik / Евгений Коктыш
Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў

Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.

Народны мастак Беларусі Май Данцыг
© Photo : Евгений Колчев/Wikimedia Commons

Выжыў, каб паказаць тое, аб чым нельга забыцца

Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.  

Адну карціну "карэктаваў" сам Машэраў

Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.

Рэпрадукцыя карціны Летні тэатр з  цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Летні тэатр" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.

Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.

Вязень пад нумарам 32815

Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.

"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.

Рэпрадукцыя карціны Адбор з цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Адбор" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.

Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.

Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…

У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.

Вучыўся маляваць па рэпрадукцыі Кустодзіева

Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.

Міхаіл Савіцкі
© Sputnik / Ю. Иванов
Міхаіл Савіцкі

Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.

У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.

 Рэпрадукцыя карціны Партызанская мадона
© Sputnik / Юрий Артамонов
Рэпрадукцыя карціны "Партызанская мадона"

Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.

Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А сёмага верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.

Галоўныя тэмы