10:30 22 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.06
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.11
Фота

Юраўскі карагод: адмыкай зямлiцу, выпускай расiцу

Атрымаць кароткую спасылку
21252
  • Веснавы абрад пачынаецца з прыгатавання хлеба, які называюць карагодам.
  • Каравай гатуюць з пшанічнай мукі ў пячы, а потым упрыгожваюць.
  • Усе ўдзельніцы народнага абрада робяць сабе вянкі.
  • Каравай у сакральных мэтах аздабляюць трыма галінкамі квітнеючага пладовага дрэва.
  • Кожная галінка мае па тры адростка - усяго дзевяць, якія сімвалізуюць жаночую цяжарнасць.
  • Дзяўчынкі надзяваюць вянкі з барвінка, як у будучых нявест.
  • Удзельнікі Юраўскага карагоду ў Пагосце збіраюцца разам.
  • Наперадзе шэсця ідзе хлопчык з абразом Божай Маці.
  • Юраўскі карагод абавязкова суправаджаецца беларускімі народнымі песнямі.
  • Рушнік сімвалізуе сабою царскія вароты ў царкве і пад ім усе абавязкова праходзяць у полі.
  • Юраўскі карагод абыходзіць палі і ўвесь Пагост з песнямі.
  • Удзельнікі карагода атрымліваюць падзяку ад аднавяскоўцаў і падарункі.
  • Удзельніцы абраду ладзяць карагод і спевы.
  • Юраўскі карагод ідзе вакол хлопчыкаў з граблямі, да якіх прымацаваны фартух, і абразом Божай Маці.
  • Аднавяскоўцы вітаюць моладзь, што падтрымлівае зацікаўленасць да старажытнага палескага абраду.
  • Асноўны падарунак - яйкі, яны павінны дапамагчы дзяўчынкам знайсці сабе пару.
  • Адорваюць, хто чым можа, таму што абрад здзяйсняецца для таго, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя.
  • Раней Юраўскі карагод праводзілі жанчыны сталага ўзросту, а зараз удзельнічаюць усе ахвотныя.
  • Песні - абавязковы атрыбут народнага абраду.
  • Лічыцца, што спевы спрыяюць добраму ўраджаю.
  • Спевы суправаджаюцца амаль тэатральнымі дзеямі.
  • Жанчыны спяваюць і танчаць, каб улагодзіць душы людзей.
  • Юраўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну з'яўляецца ўнікальнай абрадавай традыцыяй.
  • Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну
  • Сама вёска Пагост у 2020 годзе адзначыць 500-годдзе!
© Photo : Альфрэд Мiкус
Веснавы абрад пачынаецца з прыгатавання хлеба, які называюць "карагодам".

Вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў 2020 годзе споўніцца 500 гадоў.

Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі — адна з сусветна вядомых беларускіх вёсак. У 2010 годзе яна трапіла ў рэйтынг найбольш падыходзячых месцаў для сустрэчы Новага года і святкавання Каляд, складзены амерыканскай тэлекампаніяй CNN. Пагост заняў ганаровае, трэцяе месца пасля Рэйк'явіка і Нюрнберга.

У гэтай вёсцы спакон веку шануюць беларускія традыцыі і выконваюць аўтэнтычныя маляўнічыя абрады.

У Пагосце з 1980 года існуе фальклорна-этнаграфічны калектыў "Мiжрэчча", створаны народнай пявунняй, краязнаўцам, захавальнікам традыцый сваёй вёскі Кацярынай Панчэняй.

Штогод у Пагосце праходзіць старажытны абрад "Юраўскi карагод", які першым у Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

Слова "карагод" (ці "каравод" у некаторых беларускіх гаворках) складаецца з двух асноў: карв (бык) і вадзіць. "Карв" ці бык — ахвярная жывёла, якую старажытныя жыхары зямлі прыносілі ў дар сонечнаму бажаству.

Паступова абрад змяняўся адпаведна вераванняў і культурнаму ўзроўню людзей.

Перш за ўсё выпякаюць пышны хлеб з пшанічнай мукі, які ўпрыгожваюць пад спеў абрадавай песні трыма каласкамі з цеста і трыма галінкамі квітнеючага пладовага дрэва, кожная з якіх мае па тры адростка — усяго дзевяць. Яны сімвалізуюць дзевяць месяцаў сцельнасці каровы і цяжарнасці жанчыны. Такі рагаты хлеб замяніў калісьці дзікага быка тура, вымерлага ў XVII стагоддзі.

Зараз у карагод становяцца разам з жанчынамі дзяўчынкі любога ўзросту. Раней — толькі дасягнуўшыя палавой сталасці і гатовыя стварыць сям'ю і працягнуць род, таму іх далучалі да супольнасці жанчын. Пасля абраду яны павінны былі насіць фартухі — абярэгі жаночага ўлоння. Таму ў поле ідуць з зялёным фартухом, а з поля — з чырвоным. Мяркуюць, што зялёны фартух — сімвал некранутасці, цноты, а чырвоны, сімвалізуе страту цнатлівасці.

На вуліцы выстройваецца працэсія ў наступным парадку:

  • дзяўчыны, якія ўдваіх нясуць "рушнік";
  • хлопец з абразом;
  • хлопец з каляднай зоркай, у цэнтры якой абраз Божай Маці;
  • хлопец з абрадавым хлебам — "Карагод";
  • хлопец з граблямі, да якіх прымацаваны зялёны фартух;
  • і за імі старэйшыя пявунні і іншыя аднавяскоўцы.

Усе дзяўчынкі ідуць у вянках з барвінка — такіх жа, як нявесты на вяселлях. 8-канчатковая калядная зорка — сімвал кахання, а вышыты ручнік, пад якім праходзяць у поле і з поля, — як царскія вароты ў царкве, адкрытыя пасля Вялікадня.

Але асноўнае магічнае дзеянне 6 мая на Юр'я адбываецца ў поле, дзе пасеяны азімыя. А каб зямля нарадзіла ўраджай, неабходная нябесная вільгаць у выглядзе дажджу. Вось і заклікаюць святога Юр'я "адамкнуць зямельку, выпусціць расіцу". Закапаўшы ў зямлю кавалак чорнага хлеба, перавязаны чырвонай стужачкай (дар зямлі), ходзяць па крузе з абрадавай песняй. А ўнутры гэтага магічнага круга стаяць хлопчыкі і мужчыны з асноўнымі атрыбутамі абраду — як сімвал насення, якія ўжо ўзышлі на гэтым зялёным полі і дадуць доўгачаканы ўраджай.

Пасля таго, як здзейснілі асноўны абрад у поле, удзельнікі "Юраўскага карагода" пачынаюць абыход усёй вёскі з песнямі, атрымліваючы пачастункі і словы падзякі ад вяскоўцаў. Асноўны падарунак — яйкі, якія дораць цотным лікам, каб дзяўчынкі знайшлі сабе пары, а таксама пірагі — для ўраджаю. Адорваюць, хто чым можа, таму што абрад здзяйсняецца для таго, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя, а палі і агароды далі багаты ўраджай, каб пладзілася ўсякая жыўнасць на падворку.

Тэги:
Народныя традыцыі, абрады Беларусі, Нацыянальныя традыцыі, традыцыі, Юр’еўскі карагод, Гомельская вобласць

Яшчэ фотастужкі

Галоўныя тэмы