Міма аднаго з самых вядомых сюжэтаў у свеце пра Саламею і Іаана Хрысціцеля, на аснове якога стваралі свае шэдэўры Батычэлі і Дзюрэр, Рэмбрант і Караваджа, не мог прайсці эстэт і декадант Оскар Уайльд, а таксама яркі прадстаўнік нямецкага экспрэсіянізму Рыхард Штраўс. Так у пачатку ХХ стагоддзя з'явіўся гэты "жахлівы шэдэўр", які адкрыў новую эпоху ў музыцы.
Шмат што ў лібрэта Вялікага тэатра Беларусі змякчанае: няма ўайльдаўскай правакатыўнасці і выдасканаленасці пачуццяў, няма адсечанай галавы на срэбранай талерцы, ды і апошні танец Саламеі не такі, як, напрыклад, у кінематографе канца мінулага стагоддзя.
Аднак глядач з нецярпеннем чакаў з'яўлення гэтага сусветнага шэдэўра на беларускай сцэне. Бо экспрэсіянісцкая опера Рыхарда Штрауса — адзін з самых папулярных оперных твораў у свеце. 23 гады яна з нязменным поспехам ідзе на сцэне Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, а ў гэтым сезоне павінна была заваяваць і мінскую оперу. Тым больш, што ў рэпертуары тэатра оперы і балета не так шмат твораў ХХ стагоддзя, і гэты прабел імкнуцца папоўніць. Напрыклад, у чэрвені гэтага года з вялікім поспехам прайшла прэм'ера легендарнага дзягілеўскага "Пятрушкі".
У тэатры спадзяюцца, што прэм'ера адбудзецца ў кастрычніку, нягледзячы на адкрыты ліст вернікаў, у якім "Саламею" называюць выклікам і блюзнерствам, а таксама абразай пачуццяў вернікаў. 11 верасня царква адзначае ўсячэнне галавы Іаана Прадцечы.