Гэта апошнія Каляды ў Белым доме для мужа і жонкі Трамп, хоць прэзідэнт працягвае настойваць, што перамог на выбарах.
Холы і пакоі рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША ўпрыгожаны елкамі і святочнымі дэкарацыямі, галоўным чынам, у колерах амерыканскага сцяга. Таксама шмат залатога і срэбнага. Галоўная калядная елка, прывезеная ў гэтым годзе ў Вашынгтон з штата Заходняя Вірджынія, размешчана ў Блакітны пакоі Белага дома.
Упрыгожваць Белы дом да святаў дапамагалі валанцёры з усёй краіны. Для гэтага выкарыстоўвалі 62 калядныя елкі, 106 калядных вянкоў, больш за 366 метраў гірлянд, больш як 3 200 ліхтарыкаў і за 17 000 бантаў. Сярод упрыгажэнняў шмат цацак, якія сімвалізуюць Злучаныя штаты Амерыкі: мадэлі аўтамабіляў і цягнікоў, эмблемы Касмічных сіл ЗША, а таксама мноства патрыятычных сувеніраў, створаных вучнямі школ з самых розных частак краіны.
Традыцыйна вырабілі таксама пернікавы Белы дом вагой больш за 180 кг. Упершыню ў ядомую кампазіцыю ўключаны Ружовы сад, рэнавацыю якога ў гэтым годзе правялі па ініцыятыве Маланні Трамп.
Першую калядную елку ў Белым доме паставіў прэзідэнт Бенджамін Гарысан у 1889 годзе, каб парадаваць сваіх унукаў. А першыя калядныя агні з'явіліся ў 1894 годзе падчас прэзідэнцтва Гровера Кліўленда, калі ў Белы дом было праведзена электрычнасць.
Пачынаючы з прэзідэнцтва Герберта Гувера ў 1929 годзе адказнасць за ўпрыгожванне каляднай елкі Белага дома брала на сябе першая лэдзі. Традыцыя ўпрыгожвання Белага дома на калядную тэму пачалася з Жаклін Кэнэдзі, калі тая вырашыла ўпрыгожыць дрэва цацкамі-персанажамі з "Шчаўкунчыка".
Хутка мы даведаемся, ці будзе займацца традыцыйнымі справамі першай лэдзі ЗША жонка новага абранага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна Джыл. Бо вядома, што яна, прафесар, перакананы дэмакрат і абаронца правоў жанчын, пасля пераезду ў Белы дом не збіраецца кідаць сваю настаўніцкую кар'еру ў каледжы.