"Узварушэнне" ў Дзярждуме: Расія абярэ новых дэпутатаў

© Sputnik / Григорий Сысоев / Перайсці ў медыябанкПленарнае паседжанне Дзярждумы РФ
Пленарнае паседжанне Дзярждумы РФ - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Склад Дзярждумы РФ пасля выбараў у верасні 2016 года значна аднавіцца, бо ў спісах парламенцкіх партый з'явіліся новыя асобы, а частка дзеючых дэпутатаў не прадстаўлена.

Марыя Шалудзякова, Sputnik.

Расія рыхтуецца да выбараў у Дзяржаўную Думу (ніжнюю палату парламента) сёмага склікання, якія адбудуцца 18 верасня 2016 года. На старце выбарчай кампаніі Sputnik высвятліў, якіх сенсацый варта чакаць.

Вылучэнне спісаў кандыдатаў адбылася на партыйных з'ездах з 18 чэрвеня па 12 ліпеня. Перадвыбарная агітацыя пачалася 20 жніўня і прадоўжыцца да 17 верасня.

Усе чатыры цяперашнія думскія партыі — "Адзіная Расія", КПРФ, "Справядлівая Расія" і ЛДПР — ужо зацвердзілі кандыдатаў у дэпутаты новага парламента. Мяркуючы па спісах, партыі імкнуцца захаваць касцяк і ў той жа час аднавіць асноўны дэпутацкі корпус. Пры гэтым эксперты не выключаюць з'яўлення новых моцных фігур.

Вераснёўскія выбары стануцца першымі для расійскага Крыма і Севастопаля. Як чакаецца, у гэтых акругах гарачая барацьба разгорнецца паміж камуністамі і "адзінаросамі". Ад Крыма ў Дзярждуму паспрабуюць трапіць папулярныя дзяржаўныя дзеячы — кіраўнік рэспублікі Сяргей Аксёнаў і пракурор Крыма Наталля Паклонская, якія належаць да крымскай групы "адзінаросаў".

У спіс кандыдатаў ад партыі ўвайшлі і іншыя вядомыя палітыкі: кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў.

Моцныя спісы сфарміраваны ў Маскве. Ад "Адзінай Расіі" тут вылучаны мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін, рэжысёр Станіслаў Гаварухін і член цэнтральнага штаба Агульнарасійскага народнага фронту Любоў Духаніна. Спіс "Справядлівай Расіі" у Маскве ўзначалілі дэпутат Дзярждумы Галіна Хаванская, публіцыст Анатоль Васэрман і журналіст Раман Бабаян. Вядомыя грамадскія і дзяржаўныя дзеячы таксама ўвайшлі ў спісы ЛДПР і КПРФ.

Як працуе выбарчая сістэма ў РФ

Выбары пройдуць па змяшанай выбарчай сістэме: 225 дэпутатаў будуць абраныя па партыйных спісах (прапарцыйная сістэма з 5% бар'ерам) і 225 — па аднамандатных акругах (мажарытарная сістэма). Дэпутаты абіраюцца на аснове ўсеагульнага роўнага і прамога выбарчага права, пры таемным галасаванні, тэрмінам на пяць гадоў.

У Дзярждуму патрапяць тыя, хто вядомы і актыўны ў сваім рэгіёне. На тэрыторыі кожнага суб'екта РФ размешчана як мінімум адна выбарчая акруга. Нарэзка акругаў ураўноўвае колькасць выбаршчыкаў у кожнай з іх. Пасля выбараў людзі будуць ведаць, хто менавіта прадстаўляе іх рэгіён у ніжняй палаце парламента.

У цяперашні час правам вылучаць спісы валодаюць 74 партыі, аднак чакаецца, што прыняць удзел у выбарах зможа толькі кожная пятая. Для рэгістрацыі партыйных спісаў неабходна выканаць адну з трох умоў: альбо на папярэдніх выбарах партыя мусіць атрымаць галасы не менш за 3% выбаршчыкаў, або мець прадстаўніцтва (фракцыю) у рэгіянальных парламентах, або сабраць не менш за 200 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Такія патрабаванні ўводзіліся дзеля таго, каб адсекчы псеўдапартыйныя структуры.

Нагадаем, што сапраўдны бум партыйнага будаўніцтва ў Расіі адбыўся пасля таго, як Дзмітрый Мядзведзеў знізіў неабходную для стварэння партыі колькасць прыхільнікаў з 40 тысяч да 500 чалавек, падпісаўшы закон "Аб палітычных партыях" (у красавіку 2012 года).

Патэнцыйныя дэпутаты

У Дзярждуму шостага склікання ўваходзілі чатыры партыі — "Адзіная Расія", КПРФ, "Справядлівая Расія" і ЛДПР. На гэтых выбарах яны вызваленыя ад збору подпісаў. Да гэтага спісу далучаецца партыя "Яблык", якая набрала больш за 3% галасоў на папярэдніх выбарах.

"Патрыёты Расіі", "Грамадзянская платформа", Расійская партыя пенсіянераў за справядлівасць", "Радзіма", ПАРНАС, "Зялёныя", "Грамадзянская сіла", "Камуністы Расіі" і Партыя Pоста таксама не абавязаны збіраць подпісы, таму што маюць фракцыі хоць бы ў адным з рэгіянальных заканадаўчых сходаў.

Вылучаць кандыдатаў збіраюцца такія партыі, як "Саюз працы", які абвясціў лозунгі "Прымусь алігарха раскашэліцца!" і "Для нас — людзі, для іншых электарат!", "Вялікая бацькаўшчына" пісьменніка Мікалая Старыкава і партыя "Воля" Святланы Пеуновай, "Жаночы дыялог" і Родная партыя. Аналітыкі пагаджаюцца, што іх шанцы мінімальныя.

У выбарчыя спісы партый могуць быць уключаны грамадзяне, якія не з'яўляюцца іх членамі. Больш за тое, у якасці аднамандатніка на месца ў Думе могуць прэтэндаваць не толькі прадстаўнікі партый, але і самавылучэнцы. Такая норма дае магчымасць для з'яўлення новых асоб на палітычным гарызонце.

У шостым скліканні ў "Адзінай Расіі" было 238 дэпутатаў, у КПРФ — 92, у "Справядлівай Расіі" — 64, у ЛДПР — 56. Эксперты чакаюць, што пасля выбараў расклад сілаў у ніжняй палаце расійскага парламента зменіцца.

Стужка навiн
0