10:01 29 кастрычніка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.55
  • EUR3.02
  • 100 RUB3.34
Палітыка
Атрымаць кароткую спасылку
7 0 0

Прадстаўнік пасольства рэспублікі пабываў у МЗС Украіны і звярнуў увагу ўкраінскага боку на недапушчальнасць некаторых выказванняў пра сітуацыю ў Беларусі.

МІНСК, 1 кас - Sputnik. Пасольства Беларусі звярнулася да МЗС Украіны з просьбай не ўмешвацца ва ўнутраныя справы рэспублікі, пра гэта паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

У чацвер прадстаўнік пасольства Беларусі ва Украіне пабываў у Другім тэрытарыяльным Дэпартаменце МЗС Украіны. У ходзе сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскага МЗС было даведзена, што Беларусь заўсёды была і застаецца прыхільніцай добрасуседства і ніколі не дапускала і не дапусціць умяшання ва ўнутрыпалітычныя працэсы Украіны, а таксама не падвяргала сумневу права ўкраінскага народа самастойна вызначаць шлях свайго развіцця.

"Асаблівая ўвага звернута на тое, што Рэспубліка Беларусь не прымае ўмяшання ў свае ўнутраныя справы. У той жа час публічныя рэкамендацыі і парады ўкраінскіх афіцыйных асоб, палітыкаў і дэпутатаў па арганізацыі ўнутрыпалітычнага жыцця ў беларускай дзяржаве, ацэнкі ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі з'яўляюцца некарэктнымі, не адказваюць духу добрасуседства і расцэньваюцца менавіта як спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, аказання ўплыву на выбар беларускага народа", - адзначылі ў прэс-службе пасольства.

У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што заявы Вярхоўнай Рады, офіса прэзідэнта, міністра замежных спраў, а таксама шматлікія публічныя выказванні іншых афіцыйных асоб аб ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, легітымнасці прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, абстаноўцы на беларуска-ўкраінскай мяжы і іншыя вострыя выказванні Беларусь разглядае як недружалюбныя жэсты з боку Украіны і спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы рэспублікі.

"Неразуменне выклікаюць заклікі асобных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў да згортваньня эканамічнага супрацоўніцтва Украіны з Беларуссю. Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне заўсёды было галоўным прыярытэтам беларуска-ўкраінскіх адносін і асноўным напрамкам у рабоце пасольства. У выпадку рэалізацыі гэтых безадказных заклікаў, пацерпяць працоўныя калектывы беларускіх прадпрыемстваў, а таксама тых прадпрыемстваў Украіны, якія пастаўляюць у Беларусь у рамках цеснай вытворчай кааперацыі шырокае кола ўкраінскіх тавараў", - адзначылі ў дыппрадстаўніцтве.

Прадстаўнік пасольства падкрэсліў, што заахвочванне і адабрэнне Украінай дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі, недапушчальна. "Беларусь самастойна справіцца з няпростай сітуацыяй, у якой апынулася ў апошні час беларускае грамадства. Пасольства разлічвае на аб'ектыўную, узважаную пазіцыю Украіны, якая адказвае духу добрасуседства і заснаваная на прынцыпах узаемнай павагі і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго", - гаворыцца ў паведамленні пасольства Беларусі.

Нагадаем, выбары прэзідэнта адбыліся ў Беларусі 9 жніўня. Па дадзеных ЦВК, Аляксандр Лукашэнка па выніках галасавання набраў больш за 80% галасоў, на другім месцы апынулася Святлана Ціханоўская, якая набрала крыху больш за 10% галасоў. У дзень выбараў у краіне пачаліся акцыі пратэсту нязгодных з вынікамі выбараў, якія доўжацца да гэтага часу.

Улады Украіны за апошні месяц не раз выказваліся пра падзеі ў Беларусі. Акрамя таго, у краіне не прызналі вынікі выбараў і легітымнасьць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Вярхоўная Рада назвала выбары ў Беларусі несумленнымі, асудзіла прымяненне празмернай сілы з боку праваахоўных органаў супраць пратэстуючых і запатрабавала вызваліць усіх без выключэння затрыманых.

Тэги:
Украіна, Беларусь

Галоўныя тэмы