Распачынаецца праект Кірыла Калбаснікава "Кахай"

© Photo : Галерэя ЎВершы Кірыла Калбаснікава
Вершы Кірыла Калбаснікава - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Выстава з'яўляецца творчым дэбютам мінскага паэта, яе адкрыццё адбудзецца 10 лютага ва Ўбары.

МІНСК, 10 лют — Sputnik. У персанальным праекце Кірыла Калбаснікава "Кахай" спалучаецца паэзія і мастацтва, распавялі Sputnik арганізатары мерапрыемства.

Выстава з'яўляецца творчым дэбютам мінскага паэта Кірыла Калбаснікава, вершы на адкрыцці прагучаць у выканнанні самаго аўтара.

Кірыла Калбаснікаў — работнік культуры: арганізоўвае вечарыны UNISEX, накіраваныя на скасаванне дыскрымінацыі ў грамадстве, з'яўляецца праект-мэнеджарам адукацыйна-выставачнага фестываля Artes Liberales і выставаў "Усё, што цвёрдае, растае ў паветры" і "Ралан Барт. Ключавыя словы", аўтар відэа-роліка "Gay couple walk in Minsk. Social experiment", зняўся ў фільме Мікіты Лаўрэцкага "Амерыкан бой", распрацоўвае ўэб-сайты і дызайн, здымае відэа, займаецца ў студыі Фортынбрас і працуе ў галерэі Ў.

"У большай ступені каханне — з'ява асабістая. Каханне бывае розным і перажываецца па-рознаму. Таму не варта параўноўваць. Маё каханне — гэта барацьба са страхамі і стэрэатыпамі, гэта рэфлексія над падзеямі ў рэжыме 24/7. Гэта часцей за ўсё няўдача. Гэта рай на зямлі і пекла пасля. Гэта пошук невядомага. Латэрэя з удзелам 7,4 мілліярдаў гульцоў", — распавёў Калбаснікаў.    

Тэма кахання і рамантычных адносін з'яўляецца дамінуючай у шматлікіх культурах свету (калі не ва ўсіх). І катарсісам гэтага феномена прызваны быць "Дзень усіх закаханых" — 14 лютага: у кавярнях забраніраваныя столікі, гандляры кветкамі ўжо падрыхтаваліся да трохдзённага марафону, кітайскія арома-свечкі і ружовыя паштоўкі з сардэчкамі акуратна раскладзеныя на паліцах нават тых крамаў, якія гандлююць аўтазапчасткамі.

Каханне — з'ява універсальная: розныя сістэмы выкарыстоўваюць яго адпаведна ўласным патрэбам. Капіталізм ператварае закаханых у аб'екты ўласнасці, патрыярхат замацоўвае гвалт, рэлігія надае ўсяму гэтаму трансцэндэнты сэнс. Уладны дыскурс пазбаўляе індывіда здольнасці самастойна выбіраць, прыслухоўвацца да пачуццяў, прымаць і аддаваць сябе з усімі недахопамі і станоўчымі якасцямі.

Адкрыццё праекта адбудзецца 10 лютага ва Ўбары, пачатак а 19-й гадзіне; праект працягнецца да 29 лютага.

Стужка навiн
0