23:20 24 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Кадр з фільма Месяцовае святло

"Месяцовае святло": пра што і для каго галоўны фільм года?

© Фото: A24 Films
Афiша
Атрымаць кароткую спасылку
322

Аўтар фільма-трыўмфатара 89-й прэміі "Оскар" Бары Джэнкінс раней не быў адзначаны ўзнагародамі, а ў яго фільмаграфіі - усяго некалькі работ.

МІНСК, 27 лют — Sputnik. Драматычны фільм "Месяцовае святло" атрымаў узнагароду як "лепшы фільм" падчас узнагароджання прэміі "Оскар", а таксама дзве іншыя ўзнагароды — за лепшы адаптаваны сцэнарый і мужчынскую ролю другога плана.

Чарговая цырымонія ўзнагароджання прэміяй "Оскар" адбылася ў ноч з нядзелі на панядзелак па беларускім часе ў Лос-Анджэлесе. Больш за ўсё ўзнагарод сёлета ўзяў мюзікл "Ла-ла Лэнд" (6 статуэтак), аднак галоўны прыз атрымала драма "Месяцовае святло". Sputnik распавядае пра сюжэт, вартасці і недахопы фільма. 

Сюжэт, акцёры і рэжысёр "Месяцовага святла"

Карціна распавядае пра гісторыю сталення чарнаскурага хлопчыка з амерыканскага гета. Галоўны герой не толькі шукае сваё месца пад сонцам, але і праходзіць праз усведамленне ўласнай гомасэксуальнасці.

"Месяцовае святло" падзелены на тры главы — пра дзяцінства, юнацтва і дарослае жыццё персанажа. Кожная з частак мае свой завершаны мікра-сюжэт — з завязкай, кульмінацыяй і іншымі неабходнымі атрыбутамі. Што характэрна, галоўная роля ў фільме — зусім не ў тых, хто іграе цэнтральнага персанажа, а ў тых, хто задзейнічаны ў вобразе яго дарослага сябра-наркагандляра (Махершала Алі) і маці (Наомі Харыс). Але ўсё роўна Алі атрымаў узнагароду як лепшы акцёр другога плана. Да гэтага ён быў вядомы па серыяле "Картачны домік".

Рэжысёрам і сцэнарыстам "Месяцовага святла" выступіў Бары Джэнкінс — яму ўсяго 38 гадоў, і ў "скарбонцы" ў яго значных узнагарод раней не было. У спісе работ Джэнкінс — некалькі незаўважаных фільмаў і серыялаў, аднак пасля "Оскара" яго кар'ера відавочна пойдзе ў гару.

"Месяцовае святло": водгукі і за што далі "Оскар"

Калі памятаеце, у мінулым годзе кінаакадэмікаў абвінавацілі ў расізме — занадта мала было фільмаў-намінантаў з чарнаскурымі акцёрамі або рэжысёрамі. А ўжо ў гэтым годзе лепшым фільмам становіцца фільм з выключна цемнаскурымі акцёрамі, рэжысёрам і праблематыкай "з гета". Цікавае супадзенне, ці не праўда?

З іншага боку, "Месяцовае святло" атрымаў у гледачоў і крытыкаў пераважна станоўчыя водгукі — стужка не прыцягнула вялікай увагі публікі, але фільм і не павінен быў быць масавым. Камерная сацыяльная драма — далёка не "50 адценняў шэрага", і на тысячы распрададзеных білетаў у кінатэатрах ніхто не разлічваў. Важна і адрозненне "Месяцовага святла" ад "Ла-ла Лэнда" — мюзікл апынуўся для кінаакадэмікаў занадта лёгкім і, хай гэта дзіўна гучыць, музычным. І паміж музычнай драмай аб летуценніках з Галівуда журы "Оскара" выбрала сацыяльную — аб летуценніку з глыбінкі ЗША.

"Месяцовае святло" ідзе толькі ў некалькіх мінскіх кінатэатрах: паглядзець яго можна ў Falcon Club або залах Silver Screen.

Тэги:
"Месяцовае святло", кінапрэмія "Оскар", ЗША
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы