МІНСК, 13 лют — Sputnik. Фотакарэспандэнт Sputnik Валерый Мельнікаў заняў першае месца ў адным з самых прэстыжных конкурсаў свету World Press Photo. Серыя фатаграфій, якая прынесла расіяніну перамогу ў намінацыі "Доўгатэрміновы праект", азагалоўлена "Чорныя дні Украіны" (Black Days of Ukrainе) і распавядае пра жыццё мірнага насельніцтва Данбаса ў перыяд ваеннага супрацьстаяння на паўднёвым усходзе Украіны.
Спецыяльны фотакарэспандэнт Sputnik Валерый Мельнікаў:
"Праз аб'ектыў камеры я стараўся перадаць увесь жах таго, што адбываецца. Выпрабоўваю дваістыя пачуцці — я бязмежна рады такому прызнанню як журналіст і прафесіянал, пры гэтым мне шчыра шкада людзей і мірных жыхароў, у жыццё якіх прыйшла бяда. Асвятленне ваенных канфліктаў і трагедый сродкамі фатаграфіі — гэта важная праца, якую штогод робяць многія журналісты па ўсім свеце, часта рызыкуючы сваім жыццём".
World Press Photo — самы аўтарытэтны міжнародны штогадовы агляд фотажурналістыкі, які шмат у чым вызначае стандарты прафесіі. Для любога фотарэпарцёра атрымаць прыз World Press Photo — гэтак жа прэстыжна, як акцёру стаць уладальнікам "Оскара". За званне пераможцаў у конкурсе 2016 года змагаліся больш 5034 фатографаў з 125 краін, а агульная колькасць фотаздымкаў перавысіла 80 000. Члены журы конкурсу абвясцілі 45 пераможцаў з 25 краін.
Sputnik Images — фотабанк міжнароднага інфармацыйнага агенцтва і радыё Sputnik, мультымедыйныя і інфармацыйныя цэнтры якога прадстаўлены ў дзесятках краін. Sputnik уключае ў сябе інфармацыйныя парталы, аналагавае і лічбавае радыёвяшчанне, мабільныя прыкладанні і старонкі ў сацыяльных сетках. Навінавыя стужкі Sputnik кругласутачна выходзяць на англійскай, арабскай, іспанскай і кітайскай мовах.
Sputnik Беларусь пачаў працу ў краіне ў снежні 2014 года. Актывы агенцтва ўключаюць інфармацыйны партал на беларускай і рускай мовах, радыёрэсурс і высокатэхналагічны мультымедыйны прэс-цэнтр.