Радыё

Гісторык пра беларусаў у польскай "Арміі Андэрса"

© Sputnik / Виктор ТолочкоКандыдат гістарычных навук, спецыяліст па вайсковай гісторыі Беларусі Ігар Мельнікаў
Кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па вайсковай гісторыі Беларусі Ігар Мельнікаў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пра ўдзел беларусаў у другім польскім корпусе, так званым "Войску Андэрса", створаным у 1941 годзе ў СССР, на радыё Sputnik Беларусь распавядае кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па вайсковай гісторыі Беларусі Ігар Мельнікаў.
Гісторык пра беларусаў у польскай "Арміі Андэрса"

Менш чым праз два месяца пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у СССР пачалі ствараць польскую армію дзеля змагання з нямецкімі агрэсарамі. Войска стваралася па дамоўленасці з польскім урадам у выгнанні па нацыянальным прынцыпе. Стаць салдатам мог кожны, хто пражываў альбо паходзіў з Польшчы да 1939 году. Нічога не зробіш, у большасці туды ўвайшлі польскія грамадзяне, якія патрапілі ў савецкі палон у выніку савецкага паходу 1939 года ў заходнія беларускія і ўкраінскія тэрыторыі, а таксама польскіх грамадзян, якія былі дэпартаваныя і зняволеныя ў лагерах ГУЛАГа.  Камандаваць арміяй прапанавалі польскаму генералу Уладзіславу Андэрсу, раней захопленаму ў палон, і адмыслова вызваленаму ў жніўні 1941 году з турмы НКУС.

"Цікава было дазнацца, што у войска траплялі не толькі амніставаныя грамадзяне Польшчы. Гэта былі і чырвонаармейцы, што да 1939 году пражывалі ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны, і былі пазней прызваныя ў Чырвоную армію. Кароткі час, але ў іх была магчымасць перайсці з савецкага ў польскае нацыянальнае войска", — тлумачыць Ігар Мельнікаў.

Колькасць беларусаў у "Арміі Андэрса" гісторыкі ацэньваюць па-рознаму. Некаторыя называюць лічбу ў дваццаць тысяч. Ігар Мельнікаў уласна кажа пра чатыры тысячы, але падкрэслівае, што нельга забывацца на тое, што беларусы ваявалі супраць гітлераўскіх войскаў у складзе польскай авіацыі, што тады ўваходзіла ў брытанскія ВПС, а таксама ў англійскай 1-й паветрана-дэсантнай брыгадзе, што вызваляла Галандыю ў 1944 годзе.

Андэрс дамогся таго, каб яго армія сыйшла на падрыхтоўку да тэатру ваенных падзей падалей ад заходняга фронту Другой Сусветнай, на Блізкі Ўсход. Там была магчымасць навучання, падрыхтоўкі да баёй, там адбылося баявое хрышчэнне на афрыканскім фронце. У снежні 1943 года армія была транспартавана ў Італію, і адзначылася ў маі 1944 на "Лініі Густава" пры вызваленні Монтэ-Касіна. Пасля вайны корпус застаўся ў Італіі ў складзе акупацыйных войскаў. Потым быў перамешчаны ў Вялікабрытанію. Пазней у 1947 годзе корпус быў распушчаны.

"Пачалася дэмабілізацыя. А ў большасці беларусаў на тэрыторыі БССР засталіся сем'і, і яны вырашалі вярнуцца. Яшчэ актыўна працавала савецкая амбасада, складаліся спісы грамадзян, працавала прапаганда па вяртанні у СССР. Яны вярталіся, і да 1951 году іх амаль што не чапалі. Але вясной 1951 году іх, заходніх жаўнераў з выдатнай вайсковай падрыхтоўкай, з досведам баявых дзеяняў сабралі, і разам з сем'ямі дэпартавалі ў Іркуцкую вобласць", — распавядае Ігар Мельнікаў.

Вярнуцца яны змаглі толькі праз некалькі год, пасля тых палітычных пераменаў у СССР, што адбыліся пасля смерці Сталіна. Але савецкія ўлады адмаўляліся лічыць салдат "Арміі Андэрса" ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, таму яны былі пазбаўленыя пэўных сацыяльных ільгот. Некаторыя былі вымушаныя здаць свае баявыя ўзнагароды, а ў некаторых узнагароды назаўсёды прапалі ў нетрах савецкіх следчых ворганаў. Зусім нядаўна амбасада Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь ушанавала памяць пра ўдзельнікаў "Арміі Андэрса", уручыўшы нашчадкам беларусаў, што там служылі баявыя ўзнагароды.

Расповед гісторыка Ігара Мельнікава пра "Армію Андэрса" — у аудыёзапісу Sputnik Беларусь.

Стужка навiн
0