06:40 29 чэрвеня 2017
«Радыё Sputnik»
Кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмайстар і старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы
© Sputnik/ Александр Кривошеев

Эксперты: рэжым "без візы" для турыстаў не абыходзіцца без нюансаў

Радыё
Атрымаць кароткую спасылку
910

Што дае Беларусі ўвядзенне 5-дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80-ці дзяржаў, якія прыязджаюць да нас праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, і з якімі складанасцямі на старце новага сезона сутыкаюцца турыстычныя кампаніі?

Пра пачатак новага турыстычнага сезону ў нашай краіне на радыё Sputnik Беларусь распавялі кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмайстар і старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.

Па словах Валянціна Цэхмайстра, вядучыя турыстычныя кампаніі нашай краіны са стрыманым аптымізмам падышлі да ўвядзення 5-дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80-ці дзяржаў, якія трапляюць у нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Эксперт нагадаў пра тое, што раней у нашай краіне ўжо былі прынятыя "бязвізавыя" дэкрэты — спачатку па Белавежскай пушчы, потым па Аўгустоўскім канале, і пэўны эфект ужо можна назіраць.

"Арыентавана да дзесяці тысячаў турыстаў, якія прыехалі ў краіну праз аэрапорт, мы ўжо падышлі. Але на фоне таго, што ў нашу краіну штогод заязджае каля пяці мільёнаў наведвальнікаў, з іх каля чатырох мільёнаў трапляюць чыгуначным і аўтамабільным транспартам, толькі 2-3 адсоткі прыпадае на нацыянальны аэрапорт", — адзначыў Цэхмайстар.

Па словах эксперта, галоўнае ў тым, што Беларусь зрабіла важны крок і паказала ўсяму свету адкрытасць свайго турыстычнага кірунку, што будзе спрыяць далейшаму рэкламнаму прасоўванню краіны на сусветным рынку.

У сваю чаргу, Філіп Гулы распавёў пра тое, што беларускія тураператары разам са сваімі замежнымі партнёрамі ад Аўстраліі да Германіі ўжо плануюць новыя турыстычныя прадукты на 2018 год з улікам 5 дзён без візы. Але ёсць шэраг складанасцяў і нюансаў, якія трэба разам з профільным міністэрствам павольна і метадычна прыбіраць.

"У першую чаргу, тое, што за візу не трэба плаціць — гэта ўжо добра. А па астатняму пакуль паглядзім, як будзе складвацца цэнаўтварэнне ў нашай краіне. Тое, што ў нас чэк досыць высокі — гэта другая праблема. Акрамя таго, наша інфраструктура не гатовая, гэта факт. Яна натуральным чынам будзе мадэрнізавацца і развівацца з павелічэннем патоку і запытаў", — адзначыў Гулы.

Акрамя таго, па словах эксперта, вялікай колькасці замежных турыстаў, якія жадаюць наведаць Беларусь, таксама цікавая і Расійская Федэрацыя. Напрыклад, знакаміты маршрут Масква — Пецярбург цалкам можа быць дапоўнены і Мінскам. Але тут узнікаюць пэўныя складанасці, паколькі гэта ўнутраны рэйс, на якім не існуе ніякага пашпартнага кантролю.

"Нягледзячы на тое, што без візы, іншаземец некалькі нелегальным чынам з Расійскай Федэрацыі трапляе да нас. Вельмі б хацелася, каб наша сістэма і аэрапорта, і дзяржкамітэта памежных войскаў, прымаючы самалёты з Расіі, арганізавала адмысловую стойку, каб аформіць бязвізавы ўезд. Увогуле, зрабіць так, каб замежнік афіцыйна змог уехаць на нашу тэрыторыю, не ўдаючыся ні ў якія складаныя афармленні, і не ўскладняючы жыццё астатнім пасажырам рэйса", — сказаў Гулы.

Па словах эксперта, такіх нюансаў дастаткова, але радуе тое, што ў краіне ёсьць гатоўнасьць іх устараняць. Вядома, хацелася б хутчэй, таму што турыстычны сезон ужо пачаўся, адзначыў Гулы.

Гутарку з кіраўніком Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцінам Цэхмайстрам і старшынёй Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіпам Гулым слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

Тэги:
турызм, Турызм і адпачынак, Нацыянальны аэрапорт Мінск, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы