02:03 18 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Лідэр гурта Нейра Дзюбель Аляксандр Кулінковіч
© Sputnik/ Александр Кривошеев

Кулінковічу 45: "выпіць-паплакаць" – гэта святое, але мы – вясёлыя

Радыё
Атрымаць кароткую спасылку
1030

У свой 45-гадовы юбілей лідэр гурта "Нейра Дзюбель" Аляксандр Кулінковіч кажа пра крызіс сярэдняга ўзросту і чакае выхаду "Першага" альбома, а сусветныя музычныя тэндэнцыі называе "царствам тугамоціны".

Калі б сустрэў сябе 18-гадовага, сказаў бы: "Усё, што ты будзеш рабіць, будзе няправільна", заявіў на радыё Sputnik Беларусь вядомы рок-музыка, лідэр гурта "Нейра Дзюбель" Аляксандр Кулінковіч у дзень свайго 45-гадовага юбілею.

"Напэўна, усё ж такі перажываю крызіс сярэдняга ўзросту. Я лічу, што ішоў няправільнай дарогай, нічога не зрабіў і ўсё толькі пачынаецца. Вось гадоў у 30 было адчуванне іншае, што ўсе выдатна. Гэта не песімізм, проста ёсць адчуванне тлену", — філасофствуе Кулінковіч.

Пры гэтым музыка не сумняваецца ў тым, што за 28 гадоў творчасці гурта "Нейра Дзюбель" з'явілася дастатковая колькасць людзей, для якіх важны гэты музычны прадукт.

"Ёсць людзі, для якіх гэта "святло ў акенцы". І калі мне і ёсць чым ганарыцца, то менавіта гэтым гуртом, які я перыядычна ўхіляю ад распаду, і штосьці ўсё-такі адбываецца. Ёсць людзі, і іх шмат, якія кажуць: "Вось было дрэнна, але паслухаў "Дзюбялей" і палягчэла". Гэта важна, і ў гэтым плане ўсё было не дарма", — распавядае музыка.

Па словах Аляксандра Кулінковіча, самая галоўная навіна ў жыцці гурта — гэта маючы адбыцца альбом, які будзе называцца "Першы", сам альбом будзе двухмоўным, але загалоўная песня прагучыць "на мове".

"Альбом для нас крыху нетыповы, мы памянялі руку, мы памянялі студыю, нейкі зусім не такі быў падыход да самога музычнага матэрыялу, зводзім мы яго ў Маскве, што таксама для нас незвычайна. Я і хлопцы з гурта, мы лічым, што гэта сапраўды "Першы" альбом. Гэта ўсё роўна будзе "Нейра Дзюбель", мы ўжо знайшлі свой стыль, але гэта будзе зусім іншае гучанне, зусім іншы падыход да гуку", — кажа Кулінковіч.

У той жа час сам музыка прызнаецца, што больш любіць энергічную музыку, а тое, што адбываецца цяпер і ў беларускай, і ў сусветнай музычнай прасторы, называе "царствам тугамоціны".

"Асабіста я не бачу энергічнай музыкі, становіцца папулярнай нейкая туга і сум. "Выпіць-паплакаць" — гэта, вядома, святое, але мы, у асноўным, вясёлыя. Відавочна, што ўводзіць людзей у сум нашмат лягчэй, чым іх рассмяшыць", — адзначае Кулінковіч.

Музыкант прызнае, што любіць падарункі, прычым як атрымліваць, так і дарыць, і менавіта таму свой юбілей збіраецца правесці на сцэне.

"Падарункі я люблю дарыць вельмі моцна. І, натуральна, канцэрт — гэта ў пэўнай ступені падарунак. Мы вырашылі адсвяткаваць гэтую справу ўсім светам, праграма будзе абноўленая, натуральна, парачка песень будзе з новага альбома. Будзе лазернае шоу, і на сцэне будзе гурт "Нейра Дзюбель", — распавядае Кулінковіч.

Поўную версію размовы і фірмовы анекдот ад лідэра гурта "Нейра Дзюбель" Аляксандра Кулінковіча слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

Тэги:
Нейра Дзюбель, Музыка, Аляксандр Кулінковіч, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы