Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі і Расіі часам трактуецца па-рознаму пры тым, што мноства значных гістарычных падзей адбывалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
"Вось з кім у нас амаль няма канфліктаў, дык гэта з латышамі. Напрыклад, я даведаўся, што раней частка Латвіі ўваходзіла ў склад Полацкага княства. І я быў упэўнены, што гэтая частка гісторыі ў іх не агучваецца, але ж яна асвятляецца ў іх падручніках. Яны пішуць, што прынялі хрысціянства раней, чым яго прывезлі крыжакі, бо былі разам з Полацкам. І яны лічаць, што плацілі не дань, а падаткі, цывілізавана ўсё было", — распавядае Маслоўскі.
У той жа час, у Літве, па словах экскурсавода, узровень нацыяналізма часам надта зашкальвае.
"Яны нават падчас экскурсій, калі ім кажаш пра Грунвальд, лічаць, што менавіта яны там перамаглі. Напрыклад, у Тракаі кажуць, што там было 10 палкоў харугваў з зямель Літувы, а астатнія са славянскіх. Яны не кажуць — з беларускіх, быццам бы адмаўляюць нам у нашай гісторыі. І насамрэч тых палкоў было 5, а не 10", — адзначае экскурсавод.
Менавіта з прадстаўнікамі Літвы падчас экскурсій узнікае большасць канфліктаў наконт агульнай гісторыі, але нярэдка спрэчныя сітуацыі здараюцца і з грамадзянамі Польшчы, адзначае суразмоўца.
"Палякі лічаць, што Гародня — гэта іх горад, Несвіж таксама лічаць сваім. Так яны успрымаюць нашу гісторыю. Калі ім адкрываеш гэта ўсё, яны, бывае, згаджаюцца, але на мой погляд, толькі каб не пакрыўдзіць", — кажа Маслоўскі.
Часам адбываюцца і вельмі дзіўныя для экскурсавода сітуацыі, калі беларусаў "апалячваюць" грамадзяне Расіі.
"Часам пытаюць: "А Радзівілы, што, не палякі?" Я адказваю: "Ну якія ж яны палякі". Той жа Мікалай Радзівіл Сіротка ў лістах звяртаецца да свайго брата і кажа: "Вось ты і зараз лічыш сябе ліцвінам". Ці Тадэвуш Касцюшка і яшчэ шмат прыкладаў", — адзначае Маслоўскі.
З украінцамі канфліктаў адбываецца значна менш, чым з іншымі, за выключэннем згадак Бандэры, які для беларусаў усё ж такі антыгерой. Але часам экскурсіі не абыходзяцца і без пацешных сітуацый.
"Аднойчы я вазіў мытнікаў з Расіі, заехалі ў Траецкае прадмесце, дзе госці запыталіся, чаму гэта ў нас такія дзіўныя назвы вуліц на ўкраінскай мове. Я адказаў, што ў Беларусі ёсць свая мова, беларуская, і я таму сведчанне", — распавядае экскурсавод.
Гутарку з экскурсаводам Яўгенам Маслоўскім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.