Тэма нашэння масак цяпер становіцца асабліва актуальнай, абавязковы масачны рэжым уводзіцца паўсюдна, у сувязі з чым узнікае шмат пытанняў - наколькі маскі карысныя і эфектыўныя, ці патрэбна ўвогуле іх насіць і ці рэальна яны засцерагаюць ад заражэння, адзначыў суразмоўца ў прэс-цэнтры Sputnik.
"Вось зусім нядаўна было апублікавана даследаванне японскае, і там такія высновы, што калі абодва чалавекі носяць медыцынскую маску (таму што маскі таксама розныя), то гэта да 80% зніжае рызыку заражэння каронавіруснай інфекцыяй, калі толькі адзін чалавек, то ў два разы менш", - сказаў Круглы.
Паводле слоў спецыяліста, у даследаванні навукоўцаў існуе цэлая градацыя - якія маскі варта выбіраць, якая колькасць людзей іх носіць, як доўга і гэтак далей.
"Самая вялікая рызыка - 100% заражэння - адбываецца, калі абодва чалавекі не носяць маску, то бок робіцца выснова, што нашэнне масак сапраўды рэальна засцерагае ад каронавіруснай інфекцыі", - падкрэсліў Круглы.
Спецыяліст пракаментаваў таксама асцярогі многіх у сувязі з гіперкапніяй або лішкам вуглякіслага газу, які назапашваецца, калі доўгі час насіць маску. "Небяспека гіперкапніі вельмі моцна перабольшана", перакананы Круглы.
"Думаю, што людзі больш старэйшага пакалення, асабліва ўрачы памятаюць шырока распаўсюджаную методыку Бутэйка. Гэта тэорыя была пра тое, што вельмі карысная гіперкапцыя, вуглякіслы газ карысны, а шкодны кісларод, цэлы шэраг доказаў ёсць у сеціве. Я вельмі добра памятаю, што ён заклікаў наадварот затрымліваць дыханне, каб дыханне было больш рэдкім", - патлумачыў Круглы.
Паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра таксічную гіперкапнію, "і каб чалавек сапраўды пакутаваў ад недахопу кіслароду пры нашэнні маскі - гэта перабольшана", рэзюмаваў урач.
Нагадаем, на раніцу пятніцы масачны рэжым уведзены ў пяці гарадах (Мінск, Магілёў, Бабруйск, Наваполацк, Віцебск), 12 раёнах і адной вобласці Беларусі (Гомельскай), таксама абмежаванні дзейнічаюць у Гродне, Брэсце, Пружанах і Пінску. Масачны рэжым прадугледжвае абавязковае нашэнне масак у тых месцах, дзе дыстанцыявацца ад навакольных немагчыма або праблематычна, гэта месцы агульнага карыстання - крамы, транспарт, аб'екты грамадскага харчавання, банкі і іншыя ўстановы, і нават аўтамабілі таксі.