09:18 21 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Святкаванне Дня народзінаў Шапэна ў Мінску

Стаяў раяль, гучаў Шапэн, пад музыку рабілі шопінг

© Sputnik/ Юлія Хвошч
Рэпартаж
Атрымаць кароткую спасылку
Імпрэзы і прэзентацыі (15)
7270

ГЦ “Сталіца” ў пятніцу на некалькі гадзін стала скрыжаваннем культур і часу – у Мінску адзначылі 206-ю гадавіну са Дня народзінаў Шапэна.

МІНСК, 27 лют — Sputnik, Юлія Хвошч. Увечары ў пятніцу наведвальнікі ўсіх паверхаў ГЦ "Сталіца" раптоўна пачулі чароўныя гукі фартэпіяна ў самым цэнтры гандлёвай залы. Зацікаўленыя сталі падыходзіць бліжэй і ўбачылі зусім нязвыклую карціну — у самым цэнтры ніжэйшага паверха стаяў раяль, вісеў вялікі плакат з выявай Шапэна, у цэнтры павольна хадзіў малады чалавек у адзенні ХVІІІ стагоддзя, і ўсё гэта на фоне знакамітых гандлёвых брэндаў.

Так сталася, што характэрнай асаблівасцю святкавання Дня народзінаў Шапэна з'яўляецца правядзенне мерапрыемстваў у незвычайных месцах — сімфанічны аркестр граў Шапэна на Вялікай кітайскай сцяне, ладзіўся рок-канцэрт каля пірамід у Гізе, Шапэн гучаў нават у космасе. Адсвяткаваць Дзень народзінаў Шапэна ў гандлёвым цэнтры ў Беларусі паспрабавалі ўпершыню.

Святкаванне Дня народзінаў Шапэна ў Мінску
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Святкаванне Дня народзінаў Шапэна ў Мінску

"У гэтым годзе хацелася правесці мерапрыемства для слухачоў не ў адмысловай зале, а для тых, хто проста гуляе, шпацыруе, робіць закупы, прэзентаваць музыку Шапэна, папулярызаваць гэтага вядомага кампазітара. І мы запрасілі тых, хто максімальна звязаны з гэтым імем у нас у Мінску", — распавлялі арганізатары мерапрыемства.

Распачалося свята з выступлення вучняў музычнай школы мастацтваў №3 імя Шапэна г. Мінска. Адразу за вучнамі выступіла і настаўніца.

У пакупнікоў і аматараў класікі была і магчымасць паглядзець на вельмі незвычайны музычны квартэт: скрыпка, віяланчэль і кантрабас з салюючым фаготам. Шапэн у выкананні квартэта "Акварэль" гучаў незвычайна, сакавіта, жыва… Гэта быў жывы Шапэн.

Святкаванне Дня народзінаў Шапэна ў ГЦ Сталіца
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Святкаванне Дня народзінаў Шапэна ў ГЦ "Сталіца"

Тым часам слухачоў станавілася ўсё больш, прычым, самых розных — вось прыселі супрацоўнікі хуткай медыцынскай дапамогі, вось стаіць зачараваны гукамі падлетак, трымаючы ў руках слухоўку ад плэера, па ўсёй імправізаванай сцэне бегаюць дзеці, падыходзяць да музыкаў, фатаграфуюць іх.

Характэрна, што раззявак амаль не было — тыя, хто падыходзіў "проста паглядзець" заставаліся надоўга. Канешне, былі і тыя, хто прыйшоў у "Сталіцу" адмыслова на Шапэна, але такіх было вельмі няшмат.

Наведвальнікі стаялі шчыльнымі шэрагамі ўздоўж балконаў на двух верхніх паверхах, на ніжнім — утульна размесціліся каля музыкаў на крэслах і бардзюрах уздоўж клумбаў.

Пасля выступлення "Акварэлі" быў прэзентаваны беларуска-расійскі праект — анімацыйны фільм "Казкі старога піяніна. Шапэн". Рэжысёрам фільму стала Ірына Кадзюкова, мастаком — знакаміты беларускі акварэліст Дзмітрый Сурыновіч.

Дзеці глядзяць мультфільм, прысвечаны творчасці Шапэна
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Дзеці глядзяць мультфільм, прысвечаны творчасці Шапэна

"Мне прапаноўвалі на выбар зрабіць фільм пра Штраўса ці пра Шапэна, але я вельмі люблю польскую культуру, таму абрала Шапэна. Да працай над фільмам я думала інакш пра Шапэна, а калі пачала вывучаць яго біяграфію, то мяне здзівіла яго жыццярадаснасць, прага жыцця, гумар. Гэта было для мяне вялікай нечаканасцю, што ў ім столькі жыцця", — распавяла Sputnik Кадзюкова.

Кульмінацыяй вечара стала выкананне твораў Шапэна ад выдатнага беларускага піяніста Аляксандра Музыкантава. Выступленне было настолькі экспрэсіўным, што ў паветры лунала нейкае чарадзейства, здавалася, што сам Шапэн недзе тут, у гандлёвым цэнтры.

Выступленне Аляксандра Музыкантава
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Выступленне Аляксандра Музыкантава

Правесці вечар музыкі, прысвечаны Дню народзінаў музычнага класіка — першая спроба ў Беларусі. І яна атрымалася. Імпрэза не была зацягнутай, на выступленні выканаўцаў адводзілася 15-20 хвілін, але праграма была насычанай. Такім чынам увага пакупнікоў ГЦ "Сталіца" пастаянна была прыцягнута да імпрэзы, ім не было сумна, як гэта звычайна бывае ў людзей, якія не з'яўляюцца аматарамі класічнай музыкі, але раптоўна трапляюць на такі канцэрт. Завяршылася мерапрыемства, як і мае быць на святкаванні кожнага дня народзінаў, салодкім сталом — для ўдзельнікаў свята быў зроблены вялікі торт у выглядзе стыльнага капялюша з выявамі клавішаў фортэпіяна і надпісам "Chopin".

Тэмы:
Імпрэзы і прэзентацыі (15)
Тэги:
падзеі і даты, Культурна-масавыя мерапрыемствы, Музычныя жанры, Культура, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы