06:41 25 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
На адкрыцці выставы ...А ўсмешка засталася

"Шагал. Пачатак" – мультфільм як крыніца духоўнасці

© Sputnik/ Юлія Хвошч
Рэпартаж
Атрымаць кароткую спасылку
Імпрэзы і прэзентацыі (15)
18450

Анімацыйны фільм "Беларусьфільма" пра светапогляд і творчасць выбітнага беларускага мастака Марка Шагала прэзентавалі ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Мультфільм "Марк Шагал. Пачатак" па працягласці займае ўсяго 13 хвілін, але за гэты час адлюстроўвае галоўныя падзеі з жыцця выбітнага мастака, змяшчае расповед пра яго творчыя пошукі і — галоўнае — прымушае задумацца пра сэнс жыцця.

Апошнім часам з'яўляецца ўсё меньш мастацкіх стужак, здольных закрануць глыбока схаваныя па-за штодзённым мітусеннем струны ў сэрцы, а мультыплікацыйных фільмаў і таго менш. Мультфільм "Марк Шагал. Пачатак", магчыма, зробіць важкі ўнёсак у беларускую мультыплікацю — дарослых ён прымусіць пафіласофстваваць, а дзяцей далучыць да сапраўднага мастацтва.

"…А ўсмешка засталася"

Да прэзентацыі мультфільма было прымеркавана і адкрыццё выставы "…А ўсмешка засталася" пад кіраўніцтвам мастачкі-пастаноўшчыцы Алы Мацюшэўскай. Экспазіцыя складаецца з эскізаў, якія сталі асновай фонаў ці вобразаў герояў мультфільма, а такую назву атрымала таму што пасля працы над фільмам у творчай групы засталася ўнутраная ўсмешка. Разам з Мацюшэўскай над выставай працавалі Таццяна Удавічэнка, Інга Карашкевіч, маладое пакаленне мастакоў.

На адкрыцці выставы ...А ўсмешка засталася
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Мастачка Інга Карашкевіч на адкрыцці выставы "...А ўсмешка засталася"

Выставу дапаўняе экспазіцыя і іншых творчых работ аўтараў, якія таксама былі напісаны пад уплывам захаплення творчасцю Шагала і прыгажосці Віцебска.

"Скажыце, можа гэта копіі работ Шагала?", — пытаецца наведвальніца, зрабіўшы такім чынам аўтарам выставы сапраўдны камплімент, бо асноўнай задачай мастакоў было трапіць у дух і стылістыку Шагала.

Пачуўшы адказ, што гэта праца стваральнікаў мультфільма, наведвальніца ўзяла тэлефон і пачала фатаграфаваць карціны.

На адкрыцці выставы ...А ўсмешка засталася
© Sputnik/ Юлія Хвошч
На адкрыцці выставы "...А ўсмешка засталася"

Сярод тых, хто прыйшоў на прэзентацыю можна было заўважыць мастакоў, рэжысёраў, літаратараў і кінааматараў. У зале панавала сяброўская і крыху ўсхваляваная атмасфера — гэта была прэм'ера. Пасля азнакамлення з экспазіцыяй, госці музея былі запрошаны ў кіназалу на прагляд. 

13 хвілін сна ў сне

Галоўная задума фільма, паводле слоў стваральнікаў, — перадаць час і атмасферу віцебскага перыяду жыцця і творчасці Шагала. Але фільм атрымаўся больш філасоўскім і распавядае пра тое, што ўсё ў гэтым жыцці мінае. А таксама пра тое, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім і што ва ўсялякім выпадку трэба заставацца самім сабой.

Мультфільм пабудаваны па прынцыпе фільма-успаміна, ці, як кажа сама рэжысёр, "сна ў сне".

На выставе ...А ўсмешка засталася, прысвечанай творчасці Шагала
© Sputnik/ Юлія Хвошч
На выставе "...А ўсмешка засталася", прысвечанай творчасці Шагала

На самым пачатку стужцы мы бачым Шагала, які стаіць ля падножжа крутой гары, а пад ім распрасцёўся Віцебск. Шагал узгадвае сваё дзяцінства, і запускаецца маятнік часу — глядач разам з галоўным героем трапляе ў мінулае, у дзяцінства мастака.

"Жыццё кожнага чалавека — пад'ём на крутую гору. Дзіўна, чаму людзі не называюць шлях чалавека ўзыходжаннем да смерці. Падняўшыся да верхавіны, ты раптоўна пачынаеш з болем у сэрцы глядзець уніз, на той дзіўны луг, які парос травой, адкуль ты і пачаў сваё ўзыходжанне", — прагучаў за кадрам голас расійскага акцёра і рэжысёра Дзмітрыя Астрахана.

"Калі Астрахан убачыў, што ён павінен будзе чытаць увесь тэкст, адзін за ўсіх, то адразу нават спалохаўся, але калі зразумеў ідэю, то ўключыўся, і ў некаторых момантах фільма ён гучыць нават як Бродскі, а часам гэта былі тыя паэтычныя інтанацыі, якія мне былі патрэбны…Гэта іграе Астрахан. Ён іграе самаго Шагала, недзе ён чапляе, недзе ўсміхаецца", — распавяла рэжысёр-пастаноўшчык фільму Алена Пяткевіч перад паказам.

Стужка напоўнена сімвалізмам і метафарамі: тут і маці ў вобразе сонечнага сасуда, і дрэва жыцця, і факт нараджэння Шагала ў двух стыхіях, якія ён пранёс у сябе праз усё жыццё — вады і агню.

"Ён нарадзіўся ў двух стыхіях. Нарадзіўся падчас пажару і амаль мёртвым. Ажыўлялі яго ў вадзе. Менавіта таму амаль усе біёграфы пішуць, што стыхіі Шагала — вада і агонь. Калі немаўля ажыла, яно ўвабрала ў сябе гэтыя стыхіі, якія і захаваліся з ім да канца жыцця", — распавяла рэжысёр.

Рэжысёр фільма Алена Пяткевіч
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Рэжысёр фільма Алена Пяткевіч

Пасля ад'езду з Віцебску Шагал жыў і працаваў у Санкт-Пецярбурзе. Характэрна, што музыку да мультфільма напісалі таксама піцерскія музыкі. Скрозь усю карціну глядач чуе матывы лёгкага смутку і чуласці, па-за якімі час ад часу чуваць і габрэйскія матывы, і ноткі беларускай вёскі. Разам з тым музычная лінія застаецца выкшталцонай і не цяжкай. Галоўны лейтматыў мультфільма — тэма радзімы.  

"Тут працаваў музычны тэарэтык, які стварыў сваю драматургію. У аснове фільма гучыць калыханка. Там, дзе нараджаецца Марк, гучыць галоўная ідэя: "Мама, вось дрэва, на якім жывуць птушкі. Я хачу так сама лётаць, як птушкі", — патлумачыла рэжысёр Пяткевіч.  

Ілюстрацыі да мультфільма выкананы ў шагалаўскай стылістыцы — яскравыя, жывыя, смелыя. Вось малады Шагал знаходзіцца на занятку па класічным мастацтве і лёгкім узмахам рукі пераўтварае Давіда Мікеланжэла ў Чарлі Чапліна: "Сумна мне, не для мяне такое мастацтва". Бо ён — наватар, хаця сам цалкам гэтага і не ўсведамляе.

На працягу ўсяго фільму сустракаюцца вядомыя сюжэты і героі карцін мастака. То ён ляціць над горадам са сваёй каханай, жанчынай усяго жыцця, Бэлай, то ўзнікае раптоўная жоўтая карова з "Кароўніка", а то і сам Шагал прадстае ў выглядзе Скрыпача са сваёй аднаіменнай карціны.

На выставе ўсталяваны экран для паказу эскізаў мастакоў
© Sputnik/ Юлія Хвошч
На выставе ўсталяваны экран для паказу эскізаў мастакоў

У фільме распавядаецца як Шагал у ранішняй маладосці спрабаваў пісаць вершы ці граць на скрыпцы — таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Але ніякае з захапленняў не прыносіла радасці бацькам, якім трэба было карміць 8 дзяцей. Калі бацькі скептычна аднесліся да яго мастацтва, Шагал пакінуў родную хату назаўжды.  

Завяршаецца стужка эпізодам з Шагалам, які зноў стаіць ля падножжа крутой гары.

Пачуццёвасць і мультыплікацыя

Пасля таго як з экрана збеглі апошнія цітры, у маленькай кіназале музея павісла няёмкая паўза. Так заўжды бывае на прэм'ерах — гледачы пераварваюць толькі што пабачанае. Нарэшце — апладысменты. Першым слова ўзяў знакаміты беларускі аніматар Ігар Воўчак.

"Так атрымалася, што да таго як Лена (рэжысёр — Sputnik) пачала рабіць гэтую карціну, я паглядзеў два анімацыйных фільмы, прысвечаных творчасці Шагала, на міжнародных конкурсах, зробленых у розных краінах. І гэты фільм — лепшы з іх. Фільм цудоўны — і гэта маё асабістае ўражанне", — распавёў рэжысёр.

Далей слова бралі як прафесіяналы, так і проста кінааматары.

"Я ўсяго толькі кінааматар і я хачу сказаць, што аніякі тэлевізар не заменіць сапраўднае кіно і аніякі, прабачце, інтэрнэт, не заменіць тэатра. Але мы з вамі забыліся пра пачуццёвасць. Вось тут, у гэтым мультфільме, ёсць незвычайная пачуццёвасць, якая губляецца ў наш час", — распавяла глядачка.

Такім чынам "Беларусьфільм" у складзе дасведчых аніматараў і іх маладых калег пераканаў: у беларускай анімацыі ёсць будучыня.

Мультфільм апынуўся, як і сам Шагал, лёгкім, узнёслым, шчырым і крыху сумным. Кажуць, што твор атрымаўся, калі ён кранае. Часам усяго шляху да дому карэспандэнт Sputnik разважаў над апошнімі словамі карціны: "Ніколі яе больш не пабачыў, застаўся назаўжды ля падножжа высокай гары, якая завецца Жыццё".

 

 

Тэмы:
Імпрэзы і прэзентацыі (15)
Тэги:
Анімацыя, Мультфільм, Культурнае развіццё, Культура, Мультыплікацыя, Музей гісторыі беларускага кіно, "Беларусьфільм", Алена Пяткевіч, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы