14:40 20 верасня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.04
  • EUR2.26
  • 100 RUB3.20
Дыяментавыя юбіляры спадары Ясь і Францішка Галубы

Сакрэт вечнага кахання: як пражыць разам 60 гадоў

© Sputnik
Рэпартаж
Атрымаць кароткую спасылку
18120

Спадары Францішка і Ян Галубы жывуць разам ужо 61-ы год. За гэты час не мелі ні адной “заўзятай” сваркі. Мелі радасць жыць, гадаваць дзяцей, шчыра працаваць, дапамагаць людзям. Сакрэтамі нязгаснага кахання спадары Галубы ласкава падзяліліся са Sputnik.

Алена Масла, Sputnik

Блізу месяца жывуць "дыяментавыя юбіляры" на новай сядзібе. У суседнюю вёску Сташулі перабрацца іх прымусіла жыццё — Мізарэчча, дзе сажылі век, з некалі вялікай вёскі ператварылася ў хутарок. У непагадзь да яго цяжка дабрацца — машыны загразаюць, не могуць пераехаць праз роў, які пераразае дарогу. Пасля доўгіх роздумаў адгукнуліся на прапанову заняць хату ў Сташулях, якая стаяла без гаспадароў.

"Штодзень прачнуся і думаю — як там мая хатка асталася, — дзеліцца перажываннямі Францішка Браніславаўна. — Але і тут добра: людзі штодзень заходзяцца, і Марыйцы, дачцэ, лягчэй нас даглядаць — усё ж тут мы пры дарозе жывём, а не адрэзаныя ад свету".

"Дыяментавае" вяселле меліся адзначаць яшчэ мінулай восенню — з гасцямі, застоллем, песнямі. Але сям'ю напаткала бяда — памерла дачка Ліля. "Во які лёс — мы жывем, а яе няма", — выцірае слёзы Францішка Браніславаўна.

Абодва — і жонка, і муж — пры выдатнай памяці, на сваіх нагах. Шмат чытаюць, гэта любімы занятак праз усё жыццё. Цудоўна апавядаюць пра мінулае і ахвотна адгукаюцца на просьбу падзяліцца сакрэтамі шчаслівага шлюбу. Агучвае пажаданні Францішка Браніславаўна.

Поле ля новай сядзібы Галубоў
© Sputnik
Поле ля новай сядзібы Галубоў

"Саступаць трэба адно адному. Бывала, што тут хаваць — я ўсерджуся, ці мой усердзіцца, крыкнем адзін на аднаго — але і аціхнем. Заўзятых спораў у нас праз усё жыццё не было. Муж мой не піў — во гэта шчасце. Лагодны да мяне, дачок вельмі любіў. Я магла на іх насварыцца за нешта, а ён голасу ніколі не падвысіў.

Я са сваім Ясем з аднаго году, 1927. Толькі ён у канцы нарадзіўся, а я — на пачатку. Дык я трошкі старэйшая. Як пазнаёміліся? Гэта ж вёска, усе адзін аднаго ў ваколіцы і так ведаюць. А я, як маладая была, яшчэ з дзяўчынкай адной кватаравала ў іх — на ферму было далёка з суседніх Тараракаў, адкуль я родам, дабірацца — пасля працы па начы ідзеш, пасля да святла ўстаеш, каб паспець. Дык мая маці з яго маці дамовілася пра кватэраванне. Ну і пасля мая кватэрная гаспадыня стала мне свякроўкай…

Як мы маладыя былі, моды такой не было як зараз — разыходзіцца. Сышліся — жылі. Як ужо ў каго атрымлівалася, а жылі, трывалі. Але я думаю, што каб добра жыць, трэба крэпка падумаць, ці ўяўляеш ты сабе жыццё з чалавекам праз гады. Не тое што панаравіў чалавека, выскачыў — а тады не жывецца.

Выходзіць замуж трэба калі любіш. А во як любіш і пабраліся шлюбам — трэба ўмець дараваць".

Sputnik шчыра дзякуе за слушныя парады дыяментавым юбілярам і жадае здароўя і моцы сямейнай пары.

  • Вясковая хата традыцыйнай для Беларусі яскравай расфарбоўкі ў в. Павяцце
    Вясковая хата традыцыйнай для Беларусі яскравай расфарбоўкі ў в. Павяцце
    © Sputnik Крысціна Пержукова
  • На шляху  - вёска Павяцце. У двары дома дзед збудаваў для забаў ўнукам утульны дамок.
    На шляху - вёска Павяцце. У двары дома дзед збудаваў для забаў ўнукам утульны дамок.
    © Sputnik Крысціна Пержукова
  • Цюльпан красуе
    Цюльпан красуе
    © Sputnik Крысціна Пержукова
  • Корч ля возера ўбраўся ў вянок
    Корч ля возера ўбраўся ў вянок
    © Sputnik Крысціна Пержукова
  • Каплічка на паўвыспе ў в. Мілашова
    Каплічка на паўвыспе ў в. Мілашова
    © Sputnik Крысціна Пержукова
  • Дыяментавыя юбіляры спадары Ясь і Францішка Галубы
    Дыяментавыя юбіляры спадары Ясь і Францішка Галубы
    © Sputnik
1 / 6
© Sputnik Крысціна Пержукова
Вясковая хата традыцыйнай для Беларусі яскравай расфарбоўкі ў в. Павяцце

 

 

 

На слайдах — кадры з вясновай Мёршчыны па дарозе да сядзібы ў Сташулях, дзе жывуць спадарыня Францішка і спадар Ясь.

 

 

 

 

 

 

 

 

Тэги:
Міёрскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь

Галоўныя тэмы