Самы вялікі беларускі востраў спрабуе прывабіць экатурыстаў

© Photo : Прадстаўлена грамадскай арганізацыяй "Багна"Востраў Ду на Асвейскім возеры
Востраў Ду на Асвейскім возеры - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У канцы кастрычніка на крайняй паўночнай кропцы Беларусі - у заказніку "Асвейскі" - грамадская арганізацыя "Багна" правяла Майстэрню ландшафтнай архітэктуры.

Арганізатары майстэрні кажуць, што стварэнне экалагічнай сцежкі на самым вялікім востраве Беларусі, які знаходзіцца ў Асвейскім возеры і называецца Ду, гэта галоўная мэта варкшопа.

Да ўдзелу былі запрошаныя беларускія і эстонскія ландшафтныя архітэктары, якія на працягу пяці дзён даследавалі мясцовасць. Вынікам працы майстэрні сталі тры канцэпцыі развіцця экалагічных сцежак на востраве, якія змогуць паспрыяць развіццю турызму ў Асвейскім заказніку.

© Photo : Прадстаўлена грамадскай арганізацыяй "Багна"Удзельнікі майстэрні на востраве Ду
Удзельнікі майстэрні на востраве Ду - Sputnik Беларусь
Удзельнікі майстэрні на востраве Ду

Тры канцэпцыі і адзін востраў

Плошча вострава Ду — 5 км². Велізарная тэрыторыя, рэліктавая прырода, магчымасць дабрацца да вострава толькі на лодцы робяць яго зусім асаблівым месцам. Пры гэтым Ду незаселены. Раней там жылі людзі, пра што сведчаць закінутыя дамы, могілкі ХІХ стагоддзя, падмурак фермы, прычал. Ландшафт вострава ўзгорысты. Каля 30 гадоў таму людзі пачалі перасяляцца з выспы на "вялікую зямлю", а гісторыю вострава сталі ахутваць легенды.

Цяпер там жывуць алені, ласі, янотападобныя сабакі, разнастайныя віды птушак.

"Мы ўзялі тэму ландшафтнай архітэктуры для таго, каб стварыць прыклад правільна арганізаванага турызму. Гэта дапаможа знізіць антрапагенную нагрузку на прыроднае асяроддзе, але ў той жа час не пазбавіць чалавека права на ўзаемадзеянне з ёю, а дасць магчымасць атрымаць свой асабісты вопыт перажывання дзікай прыроды", — распавяла старшыня грамадскай арганізацыі "Багна" Вольга Каскевіч.

© Photo : Прадстаўлена грамадскай арганізацыяй "Багна"Старшыня грамадскай арганізацыі "Багна" Вольга Каскевіч
Старшыня грамадскай арганізацыі Багна Вольга Каскевіч - Sputnik Беларусь
Старшыня грамадскай арганізацыі "Багна" Вольга Каскевіч

Востраў Ду на бліжэйшыя 10 гадоў здадзены ў арэнду. Сваім праектам арганізатары хацелі прапанаваць сканцэнтравацца не на паляванні, а на развіцці інфраструктуры для экалагічнага турызму. "У праекце ў нас на працягу 5 дзён працавалі 3 міжнародныя каманды, якія па выніку майстэрні прапанавалі свае варыянты развіцця турызму на востраве", — дадала Каскевіч.

Па словах удзельніцы майстэрні Алены Ткачэнка, "дзве групы, зацікаўленыя ў праектаванні экалагічных сцежак на востраве, узаемадзейнічалі адна з адной, і кожны ўдзельнік атрымаў рэалістычны і пазітыўны вынік: у выніку было створана тры варыянты праекта. Біёлагі і дырэкцыя заказніка Асвея з аднаго боку дазволілі захаваць прыродны баланс, засяродзіць увагу наведвальніка на важных прыродных характарыстыках тэрыторыі. Мастакі і ландшафтныя архітэктары з другога боку падкрэслівалі гэта арт-аб'ектамі, яны ўзмацняюць жаданне наведвальнікаў думаць творча і развіваць свае эстэтычныя, эмацыйныя здольнасці для ўспрымання пейзажу. Студэнты з эстонскага ўніверсітэта працавалі разам з беларускімі спецыялістамі. У Беларусі дзікая прырода сапраўды больш "дзікая", што было нечаканасцю для многіх".

© Photo : Прадстаўлена грамадскай арганізацыяй "Багна"Удзельнікі майстэрні пад час абмеркавання праектаў
Удзельнікі майстэрні пад час абмеркавання праектаў - Sputnik Беларусь
Удзельнікі майстэрні пад час абмеркавання праектаў

Першы праект пад назвай "Make Du Great Again" сканцэнтраваў увагу на гістарычным мінулым вострава і ўжо існуючых будынках і прапанаваў стварыць там музей пад адкрытым небам. Таксама ў праекце каманды прадугледжана маркіраваная пешаходная сцежка, спецыяльна адведзеныя месцы для мерапрыемстваў накшталт фестываляў і адукацыйных праграм, пляцоўка для воркаута і нават фудкорт для жывёл.

Другі праект называецца "Du it" і звяртае ўвагу на галоўную асаблівасць выспы — ландшафт. Турыстам павінна быць прапанавана магчымасць вывучаць рэльеф мясцовасці і асаблівасці прыроды. Для гэтага плануецца стварэнне некалькіх абсталяваных маршрутаў: на кароткую дыстанцыю, сярэднюю для веласіпедыстаў і для людзей з інваліднасцю.

Трэці праект атрымаў імя "Durist" — гэта чалавек, які наведвае востраў Ду. Асноўная тэма — падарожжа з прамым узаемадзеяннем з прыродай. Каманда прапанавала серыю экалагічных сцежак для аматараў пабыць "у дзікіх умовах", аматараў прыгод, квэстаў, накіраваных на інтэрактыўнае навучанне наведвальніка.

Вынікі і рэалізацыя

Экалагічная акцыя Прыпяць, дай пяць! - Sputnik Беларусь
Беларускія байдарачнікі выступілі за абарону Прыпяці

Па словах прафесара і кіраўніка дэпартамента ландшафтнай архітэктуры Тартускага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук Саймана Бэла, "воркшоп прайшоў вельмі паспяхова. Працоўная атмасфера і супрацоўніцтва розных удзельнікаў унутры сваіх груп былі вельмі пазітыўнымі і прывялі да ўзнікнення мноства цікавых ідэй. На дадзены момант праекты вельмі канцэптуальныя, але яны будуць дапрацоўвацца на працягу наступнага месяца. Дырэктар заказніка ўспрыняў ідэі вельмі адкрыта, але ў той жа час яму неабходна думаць аб менеджменце і грашовым баку пытання".

"Гэтая Майстэрня дазволіла нам, работнікам заказніка, паглядзець на сваю тэрыторыю і ландшафт іншымі вачыма. Удзельнікі, якія раней не бачылі гэтых месцаў і валодалі не такой ужо вялікай колькасцю інфармацыі, на працягу тыдня прадставілі тры даволі розных праекта. Кожны з іх мае значна больш плюсаў, чым мінусаў, але іх трэба дапрацаваць з улікам нашых заўваг. Думаю, што адзін з праектаў увасобіцца на востраве і дазволіць прыцягнуць больш турыстаў", — канстатаваў дырэктар Асвейскага заказніка Ігар Раманюк.

У канцы лістапада выніковыя праекты экасцяжыны будуць выстаўлены на публічнае абмеркаванне. Жыхары Асвеі таксама прымуць удзел у галасаванні, і з улікам іх меркаванняў журы прыме канчатковае рашэнне.

У складзе камісіі будзе дырэкцыя Асвейскага заказніка, прадстаўнікі "Багны", Сайман Бэл і эстонская арганізацыя Estonian Fund for Nature. Пры ўдалым збегу абставінаў адзін з праектаў будзе рэалізаваны ў 2018-2019 гадах.

Стужка навiн
0