19:30 18 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Каложская царква ў Гродне

Драўляная сцяна Каложы ў Гродне зменіць форму і колер

© Sputnik/ Іна Грышук
Рэпартаж
Атрымаць кароткую спасылку
7930

Рамонт у адным з самых старажытных храмаў краіны, які лічыцца кандыдатам на ўнясенне ў спісы сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, скончаць праз месяц.

МІНСК, 16 ліс — Sputnik, Іна Грышук. Пасля капітальнага рамонту драўляная частка сцен Каложскай царквы ў Гродне сіметрычна паўторыць форму аўтэнтычнай сцяны XII стагоддзя. Яна назаўсёды пазбавіцца ад бардовай бураковай афарбоўкі і здалёку не будзе моцна вылучацца на фоне каменных сцен. Як гэта будзе выглядаць ужывую, зможам убачыць у канцы снежня.

Цяпер вакол Каложскай царквы з боку Нёмана ўстаноўлены будаўнічыя лясы, сам храм адкрыты для наведвальнікаў. У выхадныя дні сюды прыязджае даволі шмат турыстаў. Але ўбачыць яны пакуль могуць толькі каменную частку храма.

З паўднёвага і заходняга бакоў Каложа абгароджана будаўнічымі лясамі
© Sputnik/ Іна Грышук
З паўднёвага і заходняга бакоў Каложа абгароджана будаўнічымі лясамі

Як патлумачыў галоўны інжынер праектнага інстытута "Гроднаграмадзянпраект" Максім Селядцоў, будаўнікі дэмантавалі ашалёўку паўднёвай сцяны, якая 100 гадоў таму пасля абвальвання схілу развалілася і была адноўленая ў дрэве. Капрамонт сцяны стаў вымушанай мерай.

"Сцяна страціла сваю геаметрыю, таму што ніжні апорны драўляны лежань прагніў. Каркас паднялі, геаметрыю аднавілі", — кажа Селядцоў.

Будаўнікі выконваюць работы па ўзмацненні існуючых падмуркаў. Замест драўлянага лежня, на які абапіралася старая каркасная сцяна, з'явіцца жалезабетонны "пояс". Па словах Селядцова, вырашылі не вяртацца да дрэва, таму што гэта нерацыянальна.

На драўлянай сцяне з'явяцца такія ж пілястры, як і на аўтэнтычнай
© Sputnik/ Іна Грышук
На драўлянай сцяне з'явяцца такія ж пілястры, як і на аўтэнтычнай

У бліжэйшы час працоўныя пачнуць аднаўляць ашалёўку самай сцяны. З двух бакоў каркас будзе абабіты хваёвымі дошкамі. Унутры сцяну запоўняць плітамі з мінеральнай ваты, якая зробіць яе больш цёплай, пазбавіць ад скразнякоў. Як удакладніў суразмоўца Sputnik, унутраная ашалёўка будзе таксама выканана негоручымі плітамі, каб палепшыць пажарную бяспеку царквы.

Новая драўляная сцяна зменіць колер. Было вырашана адысці ад яркай бураковай афарбоўкі і выбраць колер, які будзе гарманаваць з аўтэнтычнай сцяной. Новы тон карычневы з зелянява-сінімі адценнямі, яго ўмоўна называюць Umbra. Для параўнання, мураваная сцяна выканана ў цёплых карычневых і тэракотавых танах, дзе-нідзе ёсць украпванні зялёных і сініх адценняў на перапаленай плінфе.

"Нельга сказаць, што абрана менавіта такая колеравая гама, таму што нам спадабалася. Мы выязджалі на месца, прывозілі ўзоры каляровак. На месцы глядзелі, які колер падыдзе. Хацелася, каб драўляная сцяна тактоўна падышла да існуючай аўтэнтычнай сцяны, падкрэслівала яе прыгажосць. Але у той жа час стаяла мэта захаваць цэласнасць аб'екта", — тлумачыць галоўны інжынер праектнага інстытута "Гроднаграмадзянпраект" Аляксандр Захарчук.

Мураваная сцяна Каложы
© Sputnik/ Іна Грышук
Мураваная сцяна мае цёплы карычневы колер, а новая драўляная будзе карычневай з халоднымі адценнямі.

Як патлумачыў архітэктар, новую сцяну больш не стануць пакрываць алейнай фарбай. Гэта будзе таніроўка, выкананая сучаснымі матэрыяламі, якія абароняць драўніну і нададуць патрэбны колер.

Па словах Захарчука, зменіцца не толькі колер сцяны, але і яе форма. Распрацоўшчыкі праекта жартуюць, што яна не будзе падобная на драўляны куфар, як раней. Па праекце, тут з'явяцца выкананыя з дрэва пілястры. Гэта вертыкальныя выступы на сцяне, умоўна яны паказваюць калоны.

"Драўляныя пілястры будуць паўтараць пластыку аўтэнтычнай сцяны XII стагоддзя, каб было зразумела, што там была не проста плоская сцяна", — растлумачыў Захарчук.

На работы ў Каложы выдаткавана 200 тысяч беларускіх рублёў
© Sputnik/ Іна Грышук
На работы ў Каложы выдаткавана 200 тысяч беларускіх рублёў

Работы плануюць скончыць у канцы снежня, але ўжо цяпер рамонт выконваецца з апярэджаннем графіка. Агульны кошт работ па капрамонту сцяны Каложы складзе 200 тысяч рублёў, якія выдзелены з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва.

Каложская царква ў Гродне была пабудавана ў канцы XII стагоддзя. У сярэдзіне і канцы XIX стагоддзя частка заходняй і ўся паўднёвая сцены разбурыліся, так як схіл гары абваліўся ў Нёман. Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

По теме

У Гродне можна зрабіць сэлфі з Фарай Вітаўта
У Гродне знайшлі кафлю, з якой рабілі печкі ў часы караля Баторыя
Стары замак у Гродне чакае рэстаўрацыя ў стыле Гучы
На раскопках у Гродна знайшлі шахматную ладдзю XIV стагоддзя
Рэканструкцыя Гродзенскага замка разбурыць каралеўскую рэзідэнцыю
Гродна можа страціць палац XVII стагоддзя
Тэги:
Каложа, рэстаўрацыя, Гісторыка-культурныя каштоўнасці, Гродна
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы