Караткевіч быў сціплым пісьменнікам, які любіў людзей

© Sputnik / Станіслаў АндросікМузей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы
Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Творчасць Уладзіміра Караткевіча знаёміць чытачоў з захапляльнай плынню беларускай гісторыі. Нарадзіўся "апошні рамантык" 26 лістапада 1930 года ў Оршы.
"Літаратурныя падарожжы" Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі літаратуры гэтым разам накіраваліся на радзіму Уладзіміра Караткевіча ў Оршу. Карэспандэнт Sputnik таксама рушыў за натхненнем у музей пісьменніка.
На радзіме Уладзіміра Караткевіча вельмі шануюць памяць пра свайго выбітнага земляка. Вось ужо амаль два дзесяцігоддзі там працуе музей, які прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка.
Штогод у Оршы ладзіцца акцыя ў гонар Караткевіча. На працягу тыдня напярэдадні дня народзінаў пісьменніка ў грамадскім транспарце можна пачуць, як класік чытае свае ўласныя творы і песні, пакладзеныя на яго вершы. Двадцаць сем гарадскіх маршрутаў амаль круглыя суткі будуць знаёміць аршанцаў з творчасцю Уладзіміра Караткевіча.

Паціснуць руку Караткевічу

Галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп распавёў карэспандэнту Sputnik, што зараз вядзецца падрыхтоўчая праца да выдання зборніка твораў Уладзіміра Караткевіча ў дваццаці пяці тамах.
"Дзякуючы творчасці Караткевіча, а я ведаю ў Мінску людзей, якія, чытаючы яго творы, пачалі гаварыць па-беларуску", — сказаў Віктар Шніп.
Паводле яго слоў, асабіста яму не пашчасціла быць знаёмым з Караткевічам.
"Каля я яго ўпершыню убачыў, мне было 18 гадоў. Тады я хадзіў у Цэнтральную кнігарню. Зараз няма праблемы набыць любую кнігу, а раней кнігі Караткевіча адразу разкупляліся. Тады ў кнігарні працавала паэтэса Святлана Каробкіна, і калі я з ёю размаўляў, падыйшоў мужчына. Ён быў вельмі інтэлігентны, павітаўся і падаў мне руку, хоць я яго не ведаў, паціснуў мне руку. Нешта спытаўся і пайшоў. Святлана спыталася, ці ведаю я, хто гэта быў. Не ведаю, адказаў. А гэта быў Караткевіч. "Запомні гэты дзень, ён з табою павітаўся", — падзяліўся ўспамінамі Віктар Шніп.
Галоўны рэдактар выдавецтва дадаў, што потым сустракаў яго неаднаразова. У Доме літаратараў святкавалі 50-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
"У мяне было запрашэнне на гэтую вечарыну, але я не пайшоў. У мяне была дзяўчына, якая мне падабалася, і я аддаў яго яе сяброўке. Падумаў, што праз 5 гадоў будзе адзначацца 55-годдзе, і тады я схажу. Нажаль, пяцьдзесят пяць гадоў ужо адзначаліся без Караткевіча", — прыгадаў Віктар Шніп.
Ён таксама распавёў, што пад час вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве ўсе ездзілі па знакавых мясцінах. У Караткевіча ёсць верш пра царкву на Нерлі. Яна стаіць у ста метрах ад берага.
"Куратар прывезла нас да гэтага возера і спыталася, ці пойдзем. Мы адмовіліся, бо холадна. Яна паглядзела мне ў вочы і сказала: "А Караткевіч вось хадзіў", — сказаў рэдактар.
Рэзюмуючы свой аповяд, ён сказаў, што пра асобу Караткевіча можна шмат гаварыць, але лепш чытаць яго кнігі.

На плыце Караткевіча

Пісьменнік і публіцыст Генадзь Пашкоў расказаў, што памятае Караткевіча ў маладыя гады. Пасля атрымання адукацыі і працы на радыё яму пашанцавала патрапіць у рэдакцыю часопіса "Полымя".
"Тады я ўбачыў і пазнаёміўся з Уладзімірам Сямёнавічам. Ён час ад часу прыходзіў у "Полымя". У той час у яго не было такой папулярнасці. Гэта з'ява даволі частая: чалавека ацэньваюць, калі яго ўжо няма ў жыцці", — адзначыў Генадзь Пашкоў.
Па яго словах, Караткевіч быў вельмі сціплым чалавекам і жыў жыццём мастака. "Калі яго не стала, раптам азірнуліся: ля якога творцы мы жылі, які выдатны дыямент згубіла беларуская культура", — дадаў пісьменнік.
Генадзь Пашкоў распавёў, што жыццё яго звязала з імем Карактевіча. Недалёка ад Мінску ёсць пісьменніцкае лецішча, не болей чым за дваццаць кіламетраў ад сталіцы.
"Аднойчы ў мяне па суседству сын Тараса Хадкевіча вынес на падворак нешта аранжавае і пачаў надзімаць. І тут я пазнаў марскі выратавальны плыт", — узгадаў пісьменнік.
Аказалася, што ў яго таксама ёсць такі плыт, які яму падараваў родзіч-марак. Выявілася, што ў сына пісьменніка знаходзіцца як раз той плыт, на якім па Прыпяці падарожнічаў Караткевіч, і ў тым ліку ў апошняе сваё падарожжа.
Генадзь Пашкоў прапанаваў тады зрабіць падарожжа ў гонар Караткевіча на двух такіх плытах.
"Такім чынам мы сабралі каманду: літаратараў акрамя мяне там не было, былі музейныя работнікі. Мы выпрацавалі маршрут, вырашылі пачаць яго з таго месца, дзе рэчка Смердзь у Лунінецкім раёне ўпадае ў Прыпяць. Месца, дзе Караткевічу зрабілася кепска, яго забралі ў бальніцу і ён ужо ніколі на Прыпяць не вярнуўся", — дадаў пісьменнік.
Ён распавёў, што аднойчы, калі плыты шлі па рацэ, нейкі хлопчык выбег і крычаў: "Тата, хутчэй сюды, лапці плывуць вялікія!"

Аршанцы любяць музей Караткевіча

"У Год культуры малады прадпрымальнік Уладзімір Розін, якому ўсяго 21 год, прыйшоў і кажа: што музею Караткевіча падараваць?" — распавяла карэспандэнту Sputnik загадчыцца музея Ліна Гатоўская.
Так у музея з'явіўся новы банэр з выявай Уладзіміра Караткевіча.
Паводле словаў загадчыцы, банэр быў зроблены з фотаздымка Сяргея Панізніка, і на ім яшчэ змешчаны тры помнікі Караткевічу, якія сёння існуюць.
"Гэта помнік у нашым Аршанскім дзіцячым парку, помнік у Віцебску і ў Кіеве. У 2011 годзе яго каля беларускага пасольства адкрываў тагачасны міністр культуры Павел Латушка", — нагадала Ліна Гатоўская.
Таксама музею пастаянная наведвальніца Галіна Ільіна падаравала радавод Караткевіча. Яго можна пабачыць у выданні з 25 тамоў твораў Караткевіча, а таксама ў яго музеі ў Оршы.
"Уладзімр Караткевіч вельмі сябраваў з Васілём Быкавым і называў яго рыцарам сумлення і свабоды. А Быкаў у сваю чаргу пасля смерці Караткевіча сказаў, што такого пісьменніка ў нас ужо не будзе", — дадала загадчыца музея.
Яна таксама распавяла, што звычайна Караткевіч, падарожнічаючы па Прыпяці, спыняўся ў рыбакоў, якіх вельмі паважаў. Дык вось, спецыяльна для іх ён аднойчы з-за мяжы прывёз бярэты. Калі яго запыталіся, навошта ён гэта робіць, то ён рэзюмаяваў, што так хоча.
Стужка навiн
0