Было так: жонка ў лодку - і на ферму, муж у другую лодку заводзіць карову - і на поле, дзеці - у вялікую лодку, кожнаму па вяслу - і ў школу.
Напрыканцы 80-х ХХ стагоддзя ўпершыню ў Кудрычы на Піншчыне праклалі гравійную дарогу і пусцілі аўтобус. Мясцовыя яшчэ памятаюць кіроўцу першага аўтобуса, які даехаў да самай вады: дні тры яго паілі ўсёй вёскай, не адпускалі.
Як і Рым, Кудрычы у беларускім Палессі стаяць на сямі пагорках, якія мясцовыя называюць хутарамі.
Асабліва выразна пагоркі бачныя падчас разліву. Узімку, калі мы трапілі ў Кудрычы, здаецца, што нехта на гэтай мясцовасці бязладна пабудаваў дамы: там тры, там два, там адзін.
Знайсці сярод іх жылыя нялёгка. Уся вёска завалена снегам і ахоплена густым хмызняком, які ўжо даўно ніхто не высякае. З кожным крокам правальваешся па калена.
Раптам натрапілі на яшчэ адны глыбокія сляды, а праз пару крокаў наганяем і тых, хто іх пакінуў. Надзея, Уладзімір і іх маленькі сын Леон прыехалі ў Кудрычы з Жабінкі.
"Знайшлі турыстычную брашурку, а там - фатаграфіі гэтай вёскі. Мы спецыяльна прыехалі сюды, таму што нічога падобнага нідзе не бачылі", - інтрыгуюць турысты.
Пабыўшы ў гэтай вёсцы, і я пераканалася, што нічога падобнага нідзе не бачыла. Тут нават мова - асаблівая.
Настаўкі, сеткі і жакі - гэта турма
У Кудрычах засталося не больш за 15 жыхароў. Палову на зіму забіраюць да сябе сваякі.
Падбіраешся да доміка, прыадчыняеш скрыпучыя варотцы - дарожак у двары не пратапталі, значыць, дом пусты. І так ад хутара да хутара. Нарэшце бачым расчышчаную сцежку ў двары і радасна грукаем у дзверы з вялікай старой завалай.
У хаце старасты вёскі Майсея Елясеевіча Махнаўца цёпла і ўтульна па-вясковаму. У правым куце вялікага пакоя - абразы, над дываном - старыя партрэты ў пажоўклых рамках.
Гаспадыня Вольга Мікалаеўна, пабачыўшы фотаапарат, хаваецца за шафу, а потым выходзіць у новай хустцы для гасцей.
"Хачу даты табурэтку, каб ваш чіловік сеў", - падсоўвае крэсла нашаму фатографу гасцінны гаспадар.
У вёсцы старасту Майсея Елясеевіча завуць па-свойску і нечакана - Стась. Цікава, што нарадзіўся ён 22 чэрвеня 1941 года.
"Бацька рассказывал, как шел по деревне радостный и увидел, что Пинск горит", - успамінае Майсей Елясеевіч.
Ён кажа, што пасля вайны ў вёсцы жыло чалавек 500.
"В 49-м начали организовывать колхоз. Мой бацька не хацеў вступать, боялся за клуню, бо там были куры", - тлумачыць стараста на мясцовай гаворцы.
Клунямі ў Кудрычах дагэтуль называюць маленькія драўляныя хлявы з дахам з чароту. У першых калгаснікаў гэтыя дахі здымалі, а бярвёны забіралі ў калгас з красамоўнай назвай "Камуніст".
Затое перад наступнымі пакаленнямі выбару, чым займацца, не стаяла. Усе працавалі ў "Камунісце", хто на ферме, хто на палях. Стась у апошнія гады быў брыгадзірам.
"Пять дней рабілі в колхозе задарма, а в выходные брали снасти и ехали ловить рыбу", - распавядае ён.
Усё жыццё Кудрычы жылі, як кажуць мясцовыя, "з рыбы". Самі елі і цэлымі лодкамі вазілі на рынак у Пінск. Шчупак, лешч, акунь, мянтуз - рыбы было ўсякай і шмат. Дзённы ўлоў мог скласці 20 кілаграмаў!
На пакінутых доўгіх хлявах у вёсцы і сёння экспазіцыі рыбалоўных снасцяў пераўзыходзяць стэнды музеяў народнага побыту.
Настаўкі, сеткі, жакі...
- А гэта што? - паказваем на драўляныя кольцы з сеткай.
- Гэта турма! - смяецца стараста і дастае садок.
Сёння спрадвечны промысел жыхароў Кудрычаў можна змясціць у некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Заліўное і шчаўе з рыбай
Кудрычы ў 30 кіламетрах ад Пінска ў 70-я гады знайшлі меліяратары, якія асушвалі балоты. З тых часоў жыццё ў вёсцы пачало крута змяняцца.
Па той самай гравійнай дарозе ў горад з'язджала моладзь, адпраўляліся на сушу цэлымі сем'ямі. Занадта ўжо спецыфічным было жыццё ў гэтых людзей: увесну ў разліў вада даходзіла да хат, кажуць, прама з акна на вуду можна было злавіць "абед".
- Якую рыбу вы любіце больш за ўсё? - пытаем у старасты.
- Тую, якая на патэльні, - спакойна адказвае ён. А Вольга Мікалаеўна пералічвае стравы, якія калісьці часта з'яўляліся ў хаце на стале: акрамя смажанай рыбы, гэта была вуха, заліўное і асабліва любімае мясцовымі шчаўе з рыбай.
Сёння жыхары Кудрычаў, якія з самага нараджэння елі свежых акунёў і ляшча, купляюць у аўтакраме замарожаную скумбрыю.
У мінулым годзе Майсей Елясеевіч "на Міколу", 19 снежня, адвёз апошнюю ў вёсцы карову. У хляве ў яго засталіся куры і 16-гадовы конь Малыш.
Лодка - мужу, лодка - жонцы
Яшчэ адзін конь жыве на іншым канцы вёскі, "на хутары Зельманаў". 78-гадовы Аляксей Якаўлевіч Зельман - адзіны сярод застаўшыхся ў Кудрычах, хто трымае і парсюка.
"На поле картошку садить – плывем на лодке, навоз класть – тоже в лодку. Это мука была – все загрузить, потом выгрузить", - распавядае Аляксей Якаўлевіч пра сваё жыццё-быццё ў Кудрычах, з якіх ён за ўсё жыццё выязджаў толькі два разы у Пінск да дактароў.
"Всю жизнь здесь, косу на плечи – и поплыл косить. Бывало, усім гуртом садились и плыли: хлопцы – у школу, жена – на ферму. А я браў другую лодку, карову ці каня ўплавь ці ў лодку – и на поле за Ясельду", - успамінае ён.
Яго сын Мікалай, які вярнуўся да бацькоў з горада, добра памятае, як з 5-га класа школьнікі ўжо самі садзіліся ў вялікую лодку чалавек па дзесяць і кожны гроб сваім вяслом. Яны плылі тры кіламетры ў суседняе Плошчава, лодкі прывязвалі каля ганка школы і ішлі вучыцца.
Затое ўзімку, калі ўся вёска пакрывалася лёдам, дзятве было раздолле.
"Здесь раньше никаких кустов не было, ровное поле, на нем катались на коньках, играли в хоккей", - успамінае Мікалай Зельман.
Пра віно і полюбоўніцу
Многія гады ў Кудрычах кожнае дрэва, кожны куст і кожнае сцябло лазы лічылася вялікай каштоўнасцю.
"За лазу і сякерай засячы маглі", - прызнаюцца мясцовыя. Усе шукалі лазу, каб аплесці плотам свой вялікі двор, каб "гусі і качкі не збеглі".
Галоўным будаўнічым матэрыялам, якога ў балотах было ў лішку, быў той самы чарот. Яго касілі зімой на лёдзе, калі ён набіраўся сілы і трываласці, а потым крылі дахі і нават вазілі на лодках прадаваць у Пінск.
Гэтыя дахі з чарота захаваліся ў Кудрычах і сёння. Нягледзячы на дрэвы і хмызнякі, з тых "дэфіцытных" часоў у кожным двары дагэтуль нарыхтоўваюць драўляныя калы "на ўсялякі выпадак".
"Это хата маего суседа. Ён памёр, а хата прапала. Добрая была, ніхто не накрыў, яна і прапала", - паказвае на суседні дом, які зусім разваліўся, Аляксей Зельман. Такіх хат у Кудрычах - палова.
Два разы на тыдзень у вёску ездзіць з Пінска аўтобус і аўталаўка. Раз у месяц да старасты прыязджаюць урачы і кансультуюць усіх жыхароў, якія засталіся.
"Зараз сцямнее, даглядю сваю ферму, у пяць часоў усё закрою і в хату - телевизор включу и ноги наверх. Утром в шесть встану, надо кабылу даглядзеть, курей и кабанчика покормить, печку вытопить. Тут и обед – опять все по новой. А потом на вечер начинаешь готовиться даглядаці", - апісвае свой "кругазварот" старэйшы Зельман.
"Як быў бы магазін, купиў бы пляшку віна і выпиў, як была бы палюбоўніца, пошел бы пагуляў з ёю", - уздыхае Аляксей Якаўлевіч пра страчаныя магчымасці і хітра жмурыцца.
Мармытулькі не жадаеце?
Цікавая асаблівасць сучасных Кудрычоў - халасцякі сярэдніх гадоў. Сын Зельманаў Мікалай не жанаты, яго стрыечны брат, які жыве ў суседнім доме, удавец.
Валерыя Сальву сустракаем па дарозе на рэчку. Ён ідзе пачысціць лодку ад лёду. Валерый нарадзіўся ў Кудрычах, потым жыў у горадзе, вярнуўся 15 гадоў таму даглядаць хворую маці.
"Рэчка наша сышла, да яе кіламетры два ісці трэба, і рыбы амаль няма, летам пару штук злавіў", - скардзіцца Валерый і распавядае, што некалькі гадоў таму ў вёску прыязджала шмат гасцей.
"У мінулым годзе Масфільм у нас кіно нейкае здымаў пра казу. Так яны ў мяне 10 дзён жылі, каза ў хляве, а гаспадар яе тут", - паказвае свае летнія "апартаменты" яшчэ адзін халасцяк з Кудрычоў Канстанцін Касцюк.
Ён шмат гадоў працаваў у Пінску экскаватаршчыкам, а потым вярнуўся да маці. У 2007 годзе маці памерла, з тых часоў Канстанцін таксама жыве адзін. Па ўсім відаць, што ён - добры гаспадар і неардынарны чалавек.
"У мяне прыёмнік, тэлевізар, газеты, кнігі", - адказвае мужчына на пытанне пра свае будні ў вёсцы і паказвае невялікую бібліятэку з кнігамі, якія ў літаральным сэнсе зачытаў да дзірак.
- Вы ўсе іх прачыталі?
- Па два-тры разы, - прызнаецца Канстанцін і ўспамінае, як некалькі гадоў таму летам адзін з былых землякоў прывёз у Кудрычы перасоўную бібліятэку, можна было чытаць колькі хочаш.
У доме ў Канстанціна ідэальны парадак.
"Вось гэта я на службе, гэта бацькі", - звяртае ён увагу на вялікія партрэты ў пажоўклых рамках на сцяне.
Побач з фотаздымкамі развешаны вельмі прыгожыя самабытныя вышытыя карціны: "Гэта тое, што засталося ад пасагу сясцёр. Яны вышывалі".
На стале ў зале - абрус. На ёй - раскрыты часопіс 2015 года, а побач акуратна складзеныя газеты.
"Вось тут у мяне газ", - паказвае мужчына балон на кухні. "Вунь у студні вада", - махае рукой у акно і дэманструе незвычайную ўласную тэхналогію "зімовага душа".
Лазні ў Канстанціна няма, таму ён у зале ўкруціў у столь жалезны крук. На яго чапляе круг з дроту, нацягвае цырату, уніз ставіць вялікі таз, а на кручок вешае 20-літровае вядро з гарачай вадой і кранікам.
Агарод у Канстанціна вялікі, таму ў склепе ёсць і бульба, і лук, і морква. Пад кожным навесам у двары выкладзеныя роўныя радкі дроў.
"А гэтыя порублю на днях", - паказвае нарыхтаваную партыю бярвення.
Гледзячы на гэтыя дровы, перажываеш, што большасць мясцовых - халасцякі. І ў кожнага ж хата ёсць!
Канстанцін Касцюк не паліць і не п'е, але для гасцей робіць духмяную самагонку. На развітанне прапануе і нам па-свойску: "Мармытулькі не жадаеце?" Хто ж адмовіцца!
Фраў, ці ёсць у вас сваё балота?
У гэтых мясцінах, як і ўсюды, меліярацыя не прайшла бясследна. Асушылі балоты, перасохлі рэкі, пайшла рыба. У апошні раз вёску цалкам затаплівала ў 2013 годзе пасля знакамітага "Хаўера", калі было шмат снегу.
Час у Кудрычы быццам замер. Не верачы ў яго безвыходнасць, тыя жыхары, што засталіся, як і ў часы "вялікай вады", чысцяць і чыняць свае лодкі і вывешваюць сушыцца свае драўляныя рыбалоўныя снасці, зробленыя без адзінага цвіка.
Яшчэ пару гадоў таму тут, як заўсёды, збіралі духмяны мёд у борцях. А ў апошнія гады амаль усе пчолы захварэлі, мёду не стала.
У 2010 годзе вёску, якая захавала сваё аўтэнтычнае аблічча, хацелі зрабіць мекай для турыстаў. Іх пачалі вазіць цэлымі аўтобусамі. Палякі, галандцы, шведы, нават мексіканец быў!
"Чыё гэта балота?" - спытаў адзін швед.
"Маё", - адказала мясцовая жыхарка, каля дома якой яны стаялі.
"Вы вельмі багатая, фраў, у вас ёсць балота!" - шчыра захапляўся замежнік.
Аднак па-сапраўднаму багатымі мясцовым жыхарам стаць не прыйшлося. Ні адзін з вялікіх праектаў так і не знайшоў інвестыцыйнай падтрымкі ў дзяржавы.
А з прыватнікаў, на якіх таксама ўскладаліся надзеі, здолеў утрымацца толькі Алег Садоўскі.
"Будаваць тут вельмі дорага, лагістыка цану адразу ў тры разы павялічвае", - дзеліцца ён нялёгкім вопытам.
Алег шукаў месца на беразе ракі сабе пад дачу, а потым пабудаваў яшчэ невялікую сядзібу для гасцей, якая ў цёплую пару не пустуе ніколі.
"Летам у вёсцы весялей, прыязджаюць дачнікі і сваякі. Турысты едуць з розных краін. У мінулым годзе ў мяне былі немцы, якія здымалі фільм пра Кудрычы. Былі арабы, яны ў 4 раніцы ўключалі смартфоны і маліліся, не елі нашу ежу", - распавядае Алег пра сваіх пастаяльцаў.
Замест пасляслоўя
Прадпрымальнік Садоўскі збірае ў закінутых дварах старое начынне, шкадуе, што не паспявае выкупляць і аднаўляць старыя дамы, так хутка яны руйнуюцца, і корміць усіх катоў, асірацелых пасля ад'езду гаспадароў.
"Гэтую мясцовасць не трэба было так асушваць, таму што з яе разам з вадой сыходзіць жыццё", - лічыць гаспадар сядзібы.
- Што будзе з Кудрычамі? - пытаем у мясцовых жыхароў.
- Усе мы пераедзем у Амерыку, і застанецца толькі назва, - сумна ўсміхнуўся ў адказ стараста-філосаф Стась.
А вось халасцяк Канстанцін Касцюк замест адказу ўказаў на вялікае буслінае гняздо на даху свайго дома: "У красавіку мой прыляціць!"
У красавіку, мяркуючы па гнёздах, буслы прыляцяць на кожны дах у Кудрычы. Ім не важна, жылы гэты дом або закінуты.