11:54 18 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Акадэмія мастацтваў зладзіла творчы праект з рок-музыкамі

© Sputnik/
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
8660

Знакамітыя музыкі будуць дапамагаць студэнтам-гукарэжысёрам у навучальным працэсе.

МІНСК, 22 мая-Sputnik. Выкладчык гукарэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Багдан Пяцэвіч вырашыў правесці эксперымент і запрасіў беларускіх рок-музыкаў прыняць удзел у правядзенні заняткаў па дысцыплінах "Тэхніка запісу гука" і "Майстэрства гукарэжысёра" ў вучэбнай студыі акадэміі.

У інтэрв' ю карэспандэнту Sputnik Пяцэвіч распавёў  пра плюсы такой формы правядзення заняткаў.

"Студэнтам даецца трэк беларускага музыкі, які кожны са слухачоў курсу павінен будзе звесці па-свойму. Калі заданне выканана, запрашаем на занятак аўтараў музыкі, слухаем работы студэнтаў і абмяркоўваем іх. Музыкі выказваюць сваё меркаванне: ці спадабалася ім праца студэнтаў і што б яны хацелі дадаць. А я буду свой пункт гледжання выказваць, наколькі добра гэта было зроблена з пункту гледжання тэхналогіі працэсу", — расказаў Пяцэвіч.

Раней студэнты для выканання задання па дысцыпліне "Тэхніка запісу гука" пісалі знаёмых музыкаў ці нават адзін аднаго.  Зараз да студэнтаў будуць запрашацца выканаўцы з пэўным вопытам у музычнай дзейнасці, аўтарытэт якіх не выклікае сумнёваў.  На думку выкладчыкаў курсу, яны будуць не толькі граць для студэнтаў, але і будуць распавядаць пра асаблівасці запісу, дзяліцца творчымі знаходкамі.

Выкладчык адзначыў, што ў першую чаргу для студэнтаў гэта карысна з пункту гледжання псіхалогіі.

"У першую чаргу гэта робіцца для таго, каб студэнты прывыкалі да працы з музыкамі пэўнага ўзроўню, псіхалагічна не губляліся, не хваляваліся, а адразу былі гатовыя да працы", — патлумачыў Пяцэвіч.

Па словах суразмоўцы Sputnik, у студэнтаў ужо адбыўся пробны урок, на які быў запрошаны Аляксандр Памідораў. Студэнты і выкладчыкі абмеркавалі з музыкантам, наколькі карысным з'яўляецца такі метад навучання і прыйшлі да высновы, што такі эксперымент будзе мець значны плён, а працэс навучання пойдзе шпарчэй.

На думку Пяцэвіча, у поўную моц праект запрацуе ўжо ў наступным навучальным годзе. Музыкі будуць запрашацца на працягу ўсяго года і для студэнтаў усіх курсаў, але пераважна для студэнтаў дзённага аддзялення.

"Не думаю, што мы часта будзем запрашаць музычныя калектывы ў поўным складзе, таму што тэхнічныя магчымасці вучэбнай студыі пакуль не дазваляюць цалкам запісаць гурт. Часцей будзем працаваць з акустыкай: дзве гітары, два вакалы. Мы толькі пачалі працаваць такім чынам, знаходзімся на этапе нарыхтовак, таму складана сказаць нешта дакладнае", — распавёў Пяцэвіч.

Усё будзе залежыць ад таго, колькі музыкаў зацікавацця такім эксперыментам, удакладніў ён.

Пяцэвіч не выключае магчымасці стварэння курсаў гукарэжысуры з удзелам знакамітых беларускіх музыкантаў пры Акадэміі мастацтваў.

Тэги:
Музыка, культура і мастацтва, Мастацтва, Вышэйшая адукацыя, Адукадыйныя ўстановы, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Аляксандр Памідораў, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы