17:17 02 чэрвеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.40
  • EUR2.67
  • 100 RUB3.48
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
22110

Самааддана, нягледзячы на дождж і бясплатнае віно на суседняй плошчы Свабоды, мінчане ішлі ў суботу на гук матораў, каб далучыцца да культуры брутальнасці на закрыцці байкерскага сезона. Невядомым чынам замест брутальна-масавага мерапрыемства ў арганізатараў атрымаліся культурна-масавыя “Дажынкі”.

Алена Васільева, Sputnik.

Карэспандэнты Sputnik завіталі на байк-фест, чакаючы пабачыць канцэнтраваную брутальнасць, але ж пра тэматыку мерапрыемства нагадваў толькі прыпаркаваны тут жа адпаведны транспарт і выстава старых матацыклаў з дасведчаным экскурсаводам. Астатняе — шашлыки, конкурс на самага хуткага едака дранікаў і раптоўны Дзяніс Майданаў на сцэне — стваралі атмасферу класічнага беларускага святочнага гуляння. Яшчэ крыху — і на сцэну б пайшлі пець пра "ясную, светлую, чистую, нежную Белую Русь" аксакалы айчыннай сцэны.

Sputnik вылучыў пяць складнікаў нацыянальнага свята, якія ператвараюць любы фестываль у "Дажынкі"/Дзень Незалежнасці/etc.

Выстава старых байкаў
© Sputnik Антон Агнявы
Выстава старых байкаў

1. Свята для кожнага. Здаецца, арганізатары сабралі ў адным месцы ўсё, што магло хоць колькі-небудзь зацікавіць беларусаў — графіці для падлеткаў, аквагрым — для дзяцей, мэр Шорец — для старэйшых, гурт "Иванушки International" — для весялейшых, J-MORC — для нявызначыўшыхся. Адным словам, завітаўшы на фестываль, можна было скласці партрэт ідэальнага беларуса ў вакууме — чым ён цікавіцца, пра што думае і ад чаго сэрца шчэміць. Тут жа мясцілася выстава праекту "50 маршрутаў для Беларусі", непасрэдных адносінаў да байкераў яна не мела і была тут, пэўна, абавязковай кропляй нацыянальнага каларыту.

Выступ Дзяніса Майданава
© Sputnik Антон Агнявы
Выступ Дзяніса Майданава

2. Правіла шашлыка і феерверка. Два гэтыя складнікі любы фестываль ператвараюць у невялічкі ўтульны дзень гораду, а любых нават самых брутальных гасцей робяць раўнамерна мілымі і памяркоўнымі. "Байкеры — амаль ці не самыя добрыя людзі ў свеце. У мяне ёсць сябра — ён не можа спакойна каля поля з рамонкамі праехаць — абавязкова спыніцца ды сляза пакоціцца з яго вока", — паэтычна распавядае нам байкер Кірыл.

Знаёмые палаткі з ежай і напоямі нібыта засталіся тут з нядаўняга дня горада і зараз бялелі помнікам агульначалавечым каштоўнасцям — шашлыку і "Аліварыі-0,3".

Куриное филе в горчично-медовой глазури. Шаг 8
© Sputnik Людмила Янковская
Куриное филе в горчично-медовой глазури. Шаг 8

3. Высокія госці ўвогуле актывізаваліся на гэтых выходных — зачытаўшы прывітальнае слова байкерам, мэр горада Андрэй Шорац пайшоў на суседнюю плошчу Свабоды да ратушы — ляпіць хінкалі. Адміністрацыя горада, што прыйшла ў народ, прысутных усхвалявала, узрушыла. "Нечакана так, нібы два светы аб'ядналіся, але крута!" — дзяліліся ў натоўпе госці свята адно з адным. Шорац тым часам распавядаў, што байк-фестываль — канцэнтраванае выражэнне ўвагі, якую надае дзяржава спорту і здароваму ладу жыцця.

4. Вялікая сцэна. З'яўленне вялікай сцэны на мерапрыемстве заўсёды абяцае нейкую магію — тут няма кампрамісу, мерапрыемства альбо пойдзе па шляху развясёлага open-air з танцами пад дажджом, альбо ператварыцца ў стрыманае святкаванне з ціхім прытопваннем ножкай па лужыне. Госці байк-фестывалю весяліліся з апошніх сілаў, падбадзёрваючы сябе абяцаннем хуткіх "Іванушак", але ж у русла адчайнага вяселля фест усё не ўваходзіў да таго часу, пакуль са сцэны для змерзлых, але нечым унутрана задаволеных гасцей не заспявалі пра "Тучи как люди".

5. Вясёлыя гульні і конкурсы — апошні складнік традыцыйнага беларускага свята, якое непазбежна скончыцца салютам. Змагаючыся за тур у Грэцыю, прысутныя на хуткасць елі дранікі: "Сережка — восем, Саид — тры штучкі тулькі! Аліна, я не разумею, адкуль у цябе такая фігура з такім апетытам!" — падбадзёрваў удзельнікаў вядоўца. Тыя, хто не жадаў есці дранікі пад прымусам, спрабавалі сябе ў арм-рэслінгу за той жа тур і адчайна фатаграфавалі адзін аднога для інстаграмаў — за гэта таксама абяцалі каштоўныя прызы.

Чэмпіянат па армрэстлінгу
© Sputnik Антон Агнявы
Чэмпіянат па армрэстлінгу

Здаецца, у бясконцых пошуках звышідэі для беларусаў, дзяржава прыйшла да байкераў, вырашыўшы вакол іх аб'яднаць усе чаканні і імкненні нацыі. Мужчына на Harley Davidson видавочна падабаецца кожнаму, таму і няверных шукаць не прыйдзецца.

Тэги:
Культурна-масавыя мерапрыемствы, Музыка, Фестываль, Матацыклы і мапеды, Актыўны адпачынак, Стыль жыцця і адпачынак, Стыль жыцця, Мінск, Беларусь, Еўропа, Увесь свет

Галоўныя тэмы