Чыноўнікі ў суботу выйдуць на ўборку несанкцыянаваных звалак

© Flickr / fantomdesignsСмецце ў лесе
Смецце ў лесе - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У акцыі "Зробім-2016" возьмуць удзел прадстаўнікі Мінпрыроды, Мінжылкамгаса, Мінюста, МНС. Яны будуць прыбіраць берагавую тэрыторыю возера ў вёсцы Сенніца Мінскага раёна.

МІНСК, 8 кра — Sputnik. Кіраўнікі і супрацоўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Беларусі возьмуць удзел у Міжнароднай акцыі па ўборцы несанкцыянаваных звалак адходаў "Зробім", паведамілі Sputnik у прэс-службе міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

У 2016 годзе ў розных краінах свету будзе праходзіць Міжнародная акцыя па ўборцы несанкцыянаваных звалак адходаў "Зробім" (Сусветная ўборка 2016 "Зробім"). У Беларусі такая акцыя праводзіцца з 2013 года. Асноўнай мэтай акцыі з'яўляецца прыцягненне грамадзян краіны да ўборцы несанкцыянаваных звалак смецця на тэрыторыі лясоў, паблізу вадаёмаў, а таксама ў іншых цяжкадаступных месцах.

"У суботу 9 красавіка першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка, супрацоўнікі гэтых міністэрстваў, а таксама супрацоўнікі міністэрства юстыцыі, міністэрства па надзвычайных сітуацыях прымуць удзел ва ўборцы берагавой тэрыторыі возера, размешчанага у вёсцы Сенніца Мінскага раёна", — праінфармавалі ў Мінпрыроды.

Там дадалі, што зараз паступіла інфармацыя аб уборцы ў больш чым 30 гарадах і населеных пунктах краіны.

Жаданне прыняць удзел у акцыі выказалі мноства міністэрстваў, ведамстваў, дзяржаўных арганізацый, устаноў адукацыі, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый прыватных формаў уласнасці, падкрэслілі ў Мінпрыроды.

У 2015 годзе мерапрыемства прайшло ў 24 гарадах рэспублікі. Было прыбрана каля 40 месцаў стыхійных звалак, прыняло ўдзел больш за тысячу чалавек. Удзельнікі прыбралі каля 100 кубаметраў смецця.

Стужка навiн
0