Нараджэнне дваіх і больш дзяцей будуць лічыць цяжкай жыццёвай сітуацыяй

Падпісацца
Гэта дазволіць сям'і прэтэндаваць на атрыманне ад дзяржавы сацыяльнай няні, але не будзе з'яўляцца акалічнасцю, што вызваляе ад выплаты сацыяльных збораў.

МІНСК, 17 мая — Sputnik. У Беларусі нараджэнне дваіх і больш дзяцей адначасова будзе лічыцца для іх бацькоў цяжкай жыццёвай сітуацыяй, паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Таццяна Старынская.

З яе слоў, такая навацыя будзе ўнесена ў закон "Аб сацыяльным абслугоўванні". У сераду ў парламенце папраўкі ў гэты закон праходзяць другое чытанне.

"У законапраекце ўдакладняецца паняцце цяжкай жыццёвай сітуацыі. У прыватнасці, такой сітуацыяй будзе лічыцца нараджэнне ў грамадзяніна двух і больш дзяцей адразу", — сказала Старынская.

Па яе словах, гэта дазволіць сям'і атрымліваць ад дзяржавы дапамогу ў выглядзе прадастаўлення няні. Старынская падкрэсліла, што такая цяжкая жыццёвая сітуацыя не тычыцца палажэнняў дэкрэта №3, то бок бацькі не змогуць на гэтай падставе прэтэндаваць на вызваленне ад выплаты сацыяльнага збору.

Разам з тым, згодна з нормамі дэкрэта, выхаванне дзіцяці ва ўзросце да сямі гадоў з'яўляецца аргументам для вызвалення ад выплаты збору.

Стужка навiн
0