23:29 19 жніўня 2017
«Радыё Sputnik»
Гарадская ратуша ў Магілёве

Як стаць прафесійным гараджанінам

© Sputnik / Виктор Толочко
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
12 0 0

Эколагі абмеркавалі генплан Магілёва і ўбачылі недахопы ў апісанні схем ліўневай каналізацыі і зялёнага каркаса горада.

МАГІЛЁЎ, 3 чэр — Sputnik. Грамадзянам трэба ўступаць у абмеркаванне планавання гарадоў на ранніх стадыях, лічаць магілёўскія актывісты.

"Нам трэба станавіцца прафесійнымі гараджанамі", — пра гэта заявіла на абмеркаванні нядаўна прынятага генплана Магілёва эксперт міжнароднай грамадскай арганізацыі "Экапраект" Паліна Вардэванян.

Абмеркаванне адбылося ў рамках Дня кліматычных дзеянняў, які 3 чэрвеня "Экапраект" правёў сумесна з міжнароднай арганізацыяй 350.org і шэрагам грамадскіх аб'яднанняў Магілёва. У рамках мерапрыемства былі прадстаўлены вынікі грамадскай экспертызы генплана горада.

"Самая важная праблема генплана ў тым, што ён не з'яўляецца інавацыйным, ён прапануе вырашаць праблемы, а не папярэджваць іх", — сказала ў інтэрв'ю Sputnik эксперт "Экапраект", магістр тэрытарыяльнага планавання Ірына Усава.

Грамадская экспертыза прааналізавала некалькі канкрэтных аспектаў генплана — экалогію, транспарт, ліўневую каналізацыю, захаванне культурнай спадчыны горада. У прыватнасці, экспертыза выявіла, што пры планаванні забудовы жылых і адміністрацыйных раёнаў не ўлічваецца ўзровень забруджанасці паветра.

Эксперты таксама заклапочаныя будучыняй зялёнага каркаса горада. Як патлумачыла Паліна Вардэванян, у нарматывах ёсць абавязковае патрабаванне аб стварэнні такога каркаса ў кожным горадзе.

"Сутнасць падыходу заключаецца ў тым, што паміж азялененымі тэрыторыямі, якія вырабляюць чыстае паветра, павінна быць сувязь, павінны пералятаць птушкі, перацякаць паветра", — распавяла Вардэванян.

На жаль, эксперты не змаглі пераканацца ў тым, што дадзеная ўмова будзе выконвацца. "У розных частках генплана — розная інфармацыя аб тым, што будзе з сябе ўяўляць зялёны каркас. Цэласнай інфармацыі ў генплане няма. Таксама мы не ўбачылі разбіўку па зялёным насаджэнням у розных раёнах горада", — сказала Ірына Усава.

Генплан Магілёва прадугледжвае стварэнне комплекснай схемы ліўневай каналізацыі. Аднак, па словах Ірыны Усавай, рашэнне гэтага пытання ўжо неаднаразова адкладалася з-за адсутнасці для гэтага сродкаў, і ёсць асцярога, што цяпер гэта адбудзецца зноў. Між тым, цяперашні стан ліўневай каналізацыі горада стварае сур'ёзныя праблемы: вада, якая змывае бруд і рэшткі нафтапрадуктаў з асфальту, трапляе непасрэдна ў рэкі. У прыватнасці, з-за адсутнасці ачысткі вады з ліўневай каналізацыі пакутуе рака Дубровенка.

Эколагі не задаволеныя і тым, як плануецца вырашаць транспартную праблему.

"Адно з яе рашэнняў — будаўніцтва шматузроўневых парковак. Для забеспячэння 107 тысяч машынамесцаў прыйдзецца пабудаваць 200 стаянак. Пры гэтым нічога не робіцца па развіццю больш зручнага грамадскага транспарту, каб людзі больш ім карысталіся", — адзначыла Ірына Усава.

Правядзенне грамадскай экспертызы генплана Магілёва — адзін з першых вопытаў такога роду ў Беларусі. На думку грамадскіх актывістаў, трэба дамагацца большага ўплыву грамадзян на тыя рашэнні, якія прымаюцца ў сферы экалогіі і горадабудаўніцтва.

"Ад нашых дзеянняў або нашага бяздзеяння залежыць тое, якім паветрам мы дыхаем, якую ваду мы п'ём. Нам трэба ўступаць ва ўзаемадзеянне з тымі, хто прымае рашэнні, на стадыі абмеркавання. Гэта не палітыка і не ідэалогія, гэта людзі ўнікаюць ва ўладкаванне свайго дома", — сказаў у сваім выступе на Дне кліматычных дзеянняў грамадскі актывіст Леанід Платоненка.

Тэги:
Генплан Магілёва, Экалогія, Магілёў
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы