Адзіную ВНУ ў Бабруйску закрываюць за месяц да 20-годдзя

© Sputnik / Егор ЛитвинБабруйскі філіял БДЭУ
Бабруйскі філіял БДЭУ - Sputnik Беларусь
Падпісацца
З 1 верасня спыняе працу бабруйскі філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, які рыхтаваўся адзначыць сваё 20-годдзе.

МІНСК, 27 чэр — Sputnik. Рашэнне аб закрыцці бабруйскага філіяла БДЭУ напярэдадні яго 20-годдзя было прынята вокамгненна і выклікала здзіўленне ў студэнтаў і педагогаў, распавёў у інтэрв'ю Sputnik дырэктар філіяла і экс-старшыня Бабруйскага гарвыканкама Міхаіл Бандарэнка.

Ва ўстанове сёння пануе цяжкая і нядобрая абстаноўка, дадаў ён.

Прэтэнзіі можна выправіць

З 1 верасня 2017 года філіял БДЭУ ў Бабруйску рашэннем савета універсітэта зачыняецца, паведаміў раней Sputnik прарэктар па вучэбнай працы ВНУ Генадзь Мацецкі. Паводле яго слоў, асноўнай прычынай стала скарачэнне набору студэнтаў у апошнія гады. Таксама ёсць пытанні да кадравага складу, які не ў поўнай меры адпавядае ўсталяваным крытэрам.

У сваю чаргу Міхаіл Бандарэнка лічыць, што некаторыя прычыны суб'ектыўныя.

© Sputnik / Егор ЛивинЗ 1 верасня філіял будзе закрыты
С 1 сентября филиал БГЭУ в Бобруйске будет закрыт - Sputnik Беларусь
З 1 верасня філіял будзе закрыты

"Чыннікаў закрыцця філіяла шмат: яны ёсць і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя. У першую чаргу гэта старэнне прафесарска выкладчыцкага саставу. Але гэта агульная рэспубліканская тэндэнцыя. Яна характэрная для ўсіх навучальных устаноў не толькі Беларусі, але і іншых краін. Для мяне прафесар, доктар — рэдка калі 40-гадовы. Гэта чалавек больш старэйшага ўзросту", — растлумачыў сваю пазіцыю суразмоўца агенцтва.

Скарачэнне набору студэнтаў назіраецца не толькі ў Бабруйску, але і ў галаўным універсітэце. Там за апошнія шэсць гадоў стала на траціну менш навучэнцаў.

"У галаўным універсітэце шэсць гадоў таму было 27 тысяч студэнтаў, сёння — 18 тысяч. Мінус 30%. У нас падзенне яшчэ больш у працэнтных суадносінах", — сказаў суразмоўца агенцтва.

Дырэктар філіяла заўважыў, што ім была прыдуманая магчымасць працаваць бясстратна. Але ўстанову ўсё роўна было вырашана закрыць.

"У нас ідзе падзенне колькасці студэнтаў, а метры квадратныя, якія трэба месці, мыць — яны застаюцца тымі ж. Але мы знайшлі сілы і магчымасці працаваць бясстратна. Усе гэтыя прэтэнзіі выправімыя", — адзначыў ён.

Тэндэнцыя на скарачэнне колькасці студэнтаў назіраецца па ўсёй краіне. Ёсць канцэпцыя на ўзбуйненне, скарачэнне завочнай формы навучання і філіялаў, паглынанне іх галаўнымі ВНУ, заўважыў Бандарэнка. Ахвярай такой тэндэнцыі стаў і БФ БДЭУ.

Куды ісці педагогам?

Загадчык кафедры грамадскіх дысцыплін філіяла, вядомы беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, прафесар Аляксей Ненадавец выказаў шкадаванне, што так адбылося. Філіял — адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі ў горадзе. Гэта гонар Бабруйска.

У самога Ненадаўца з філіялам звязана шмат прыемных успамінаў: тут ён працуе з 1994 года.

"Рашэнне было прынята вельмi хутка. З другога боку, гледзячы на змяненнi ў сiстэме адукацыi ў вышэйшай школе, — аб'яднанне факультэтаў, закрыцце факультэтаў у другiх навучальных установах, — можна было чакаць такога. Але шкада, што столькi гадоў, а я працую з 94 года, калi быў яшчэ недзяржаўны вуз, i так вось — бах i зламалася", — заўважыў прафесар.

© Photo : Денис СудникПрафесар Аляксей Нянадавец шкадуе, што філіял будзе закрыты
Профессор Алексей Ненадовец сожалеет, что вуз в Бобруйске решили закрыть - Sputnik Беларусь
Прафесар Аляксей Нянадавец шкадуе, што філіял будзе закрыты

Аляксей Ненадавец пацвердзіў агенцтву, што 31 жніўня — яго апошні працоўны дзень. Ён адзначыў, што пакуль не ведае, дзе будзе працаваць.

"30 жнiўня — на працу. 31-га нас звальняюць. Пераязджаць у Мiнск не збiраюся, таму што ў мяне два гады да пенсii. Магчыма, недзе буду працаваць. Але канкрэтна дзе, не магу казаць", — прызнаўся ён.

Міхаіл Бандарэнка растлумачыў: з закрыццём філіяла многія педагогі, а ўсяго іх 32, застаюцца без працы. Бо годных прапаноў з галаўнога універсітэта ім не паступіла.

"У нас была дэлегацыя з галаўнога універсітэта. Яны прывезлі, ці не выбіраючы, усе вакансіі. Гаворка ішла аб скарачэнні ўсяго нашага калектыву… У пераліку прапанаваных пасад і прафесій былі ў тым ліку і рабочыя прафесіі, тут нічога дзіўнага або страшнага няма. У нас таксама ёсць пасудамыйкі, дворнікі, вартаўнікі, прыбіральшчыкі. А вось выкладчыцкіх вакансій сапраўды не было", — заўважыў дырэктар філіяла.

У Sputnik звярнулася бабруйчанка Ірына Вікторская, якая расказала, што выкладчыкам са шматгадовым стажам былі прапанаваны вакансіі рабочых комплекснага абслугоўвання, бібліятэкараў і посудамыек з акладамі ад 120 да 300 рублёў.

"Кіраўніцтва БДЭУ прадэманстравала сваё безадказнае стаўленне да супрацоўнікаў філіяла. 87 чалавек на працягу трох тыдняў папоўнілі войска беспрацоўных, а прапанаваны спіс вакансій інакш як здзеклівым не назавеш", — лічыць яна.

Горад застаецца без ВНУ

На момант закрыцця ў філіяле лічыцца 481 студэнт. Як адзначыў Генадзь Мацецкі, усім прапанавана перавесціся ў галаўны універсітэт для працягу навучання. Частка студэнтаў, паводле яго слоў, ужо напісалі заявы.

Аднак, паводле інфармацыі Міхаіла Бандарэнкі, далёка не ўсе збіраюцца перабірацца ў Мінск.

"Далёка не ўсе збіраюцца пераязджаць. Паведамленне аб тым, што спыняецца дзейнасць філіяла, было досыць рэзкім і нечаканым. Многія студэнты, а дакладней іх бацькі, не гатовыя для дзённага аддзялення. І самі студэнты завочнікі. Пераязджаць у Мінск вучыцца — гэта даражэй, гэта накладна. Таму нядобрая абстаноўка. Цяжкая абстаноўка", — заўважыў дырэктар БФ БДЭУ.

© Sputnik / Егор ЛитвинІнфармацыяныя стэнды ВНУ, якой хутка не стане
Информационные стенды еще нахваливают достоинства вуза, но набора в него уже не будет - Sputnik Беларусь
Інфармацыяныя стэнды ВНУ, якой хутка не стане

Ірына Вікторская звярнула ўвагу, што для многіх студэнтаў важнай умовай пры выбары ВНУ было тое, што яна знаходзіцца ў іх родным горадзе.

"Кіраўніцтва БДЭУ не ўлічвае інтарэсы студэнтаў, якія зрабілі свядомы выбар, паступіўшы ў Бабруйскі філіял эканамічнага універсітэта, дарэчы, у дамове прапісана, што навучанне будзе праводзіцца на базе Бабруйскага філіяла. І для многіх гэта было асноўнай умовай выбару ВНУ", — заўважыла яна.

У сваю чаргу Аляксей Ненадавец дадаў, што студэнты зачыняючагася філіяла могуць пераводзіцца на навучанне ў любую ВНУ краіны, дзе ёсць такая спецыяльнасць. Гэта значыць БДЭУ можа страціць долю навучэнцаў.

Каментаваць вышэйсказанае Sputnik прарэктар Генадзь Мацецкі адмовіўся.

На сённяшні дзень філіял — адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі ў Бабруйску. Пакідаць горад без ВНУ былы старшыня Бабруйскага гарвыканкама Міхаіл Бандарэнка лічыць няправільным.

"У самыя лепшыя часы, калі тут стаяла пятая танкавая гвардзейская армія, наш горад быў чвэрць мільённым. А сёння тут жыве 220 тысяч людзей. І прамысловы патэнцыял горада вышэй, чым у Брэста, Віцебска. Я лічу, што ВНУ у нейкім выглядзе, хай вывелі б філіал з БДЭУ, але павінна быць. Ёсць жа вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Мазыры, Пінску, Баранавічах, якія ў разы менш", — прызнаўся агенцтву суразмоўца.

Стужка навiн
0