МІНСК, 27 лют — Sputnik. Прыпыніць заняткі ў школах можна пры тэмпературы паветра мінус 25 градусаў і ніжэй, паведамілі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Міністэрства адукацыі краіны афіцыйна дазволіла ў выпадку, калі слупок тэрмометра ў 07:00 раніцы паказвае ніжэй —25 градусаў, а хуткасць ветру складае больш за тры метры за секунду, часова адмяніць ўрокі ў школах.
На сённяшні дзень усе школы краіны функцыянуюць у звычайным рэжыме. Заняткі за гэтую зіму пакуль не былі адменены ні разу.
Марознае надвор'е ўсталявалася ў Беларусі на мінулым тыдні: месцамі ноччу пры праясненнях тэмпература паветра апускалася ніжэй —25°С. Як паведамляюць сіноптыкі, па дадзеных доўгатэрміновага прагнозу, халоднае надвор'е захаваецца ў Беларусі да сярэдзіны тыдня. Чакаецца, што крыху пацяплее і пойдзе снег толькі ў чацвер 1 сакавіка.
Моцныя маразы ўжо прывялі да смяротных ахвяраў: у Беларусі на днях былі зафіксаваныя выпадкі смяротнага зыходу ад пераахаладжэння. Па медыцынскую дапамогу за апошнія дні з нагоды галалёдных і халадовых траўмаў у краіне звярнуліся 860 чалавек, з іх 127 шпіталізаваны.