МІНСК, 14 сак — Sputnik. Sputnik прадставіў у Мінску новы адукацыйны праект для журналістаў, які высока ацанілі як дзяржаўны сакратар СД Рыгор Рапота, так і намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі.
Новы адукацыйны праект SputnikPro — гэта серыя ўнікальных майстар-класаў ад лепшых расійскіх медыяменеджараў і вядучых спецыялістаў для прадстаўнікоў СМІ, прэс-сакратароў і супрацоўнікаў прэс-службаў, а таксама студэнтаў старэйшых курсаў профільных ВНУ, якія пройдуць у Арменіі, Беларусі і Грузіі.
"У рамках аднаго медыяфоруму складана адказаць на ўсе пытанні, тым больш што развіццё медыятэхналогій сёння ідзе такімі тэмпамі, што вам прыйдзецца гэтым увесь час займацца", — заявіў дзяржаўны сакратар СД Рыгор Рапота ў сваім звароце да ўдзельнікаў семінара.
Ён назваў праект SputnikPro "вельмі добрай справай" і пажадаў поспехаў усім, хто займаецца гэтым праектам і будзе прымаць удзел у майстар-класах.
У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі, які прысутнічаў на адкрыцці праекта ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik, адзначыў, што падобны абмен вопытам у сферы мас-медыя вельмі важны, што самае галоўнае ў сучаснай журналістыцы — гэта ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў СМІ.
"Сёння інтэрнэт-журналістыка — гэта рэальнасць, а не проста навамодны трэнд. Калі мы гаворым пра інтэрнэт-журналістыку, гаворка ідзе не аб правадах, серверах, кросінгу. Гаворка, у першую чаргу, аб якасці кадраў, прафесійным узроўні людзей, якія тут працуюць. Гэта самае галоўнае", — падкрэсліў ён.
Аб глабальных трэндах новых медыя беларускім журналістам распавяла намеснік галоўнага рэдактара МІА "Россия сегодня", старшы выкладчык кафедры новых медыя факультэта журналістыкі МДУ Наталля Лосева.
З сінтэтычнымі фарматамі падачы інфармацыі ў СМІ прысутных пазнаёміла намеснік дырэктара Дырэкцыі дзяржаўных інтэрнэт-праектаў МІА "Россия сегодня" Ірына Кядроўская.
Кіраўнік навучальных праграм МІА "Россия сегодня" Алег Шчадроў распавёў, як пісаць для інтэрнэта, каб зрабіць гісторыю захапляльнай і лёгкай для чытання.
Такі майстар-клас у Беларусі праведзены ўпершыню, да канца года плануецца правесці яшчэ дзве сустрэчы лепшых расійскіх медыяменеджараў з журналістамі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікамі прэс-службаў і студэнтамі старэйшых курсаў.