20:54 24 мая 2018
«Радыё Sputnik»
Антыкварныя падробкі рэйхсталераў Аўстрыі Фердынанда ІІ, талераў Трансільваніі Жыгімонта Баторыя і георталераў графства Мансфельд

"Дзяржаўныя" падробкі і зман калекцыянераў: у музеі паказалі фальшывыя грошы

© Sputnik / Анастасия Волчок
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
3640

У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай фальшываманетчыкаў спальвалі, варылі ў алеі, залівалі ім у горла расплаўлены метал - але нават жорсткія пакаранні не спынялі ўмельцаў і ахвочых да лёгкай нажывы. Карэспандэнт Sputnik пабываў на выставе і даведаўся пра гісторыю фальшывых грошай.

Падробкай грошай людзі займаліся з моманту іх з'яўлення, і выстава "Зладзейскія грошы", або гісторыя фальшываманетніцтва", якая адкрылася 17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі — добрае таму пацвярджэнне. У вітрынах музея можна ўбачыць каля 400 манет: ад несапраўдных дэнарыяў часоў Рымскай Імперыі да савецкіх і сучасных фальшывых манет.

Зрэшты, не ўсе манеты, раскладзеныя і пранумераваныя ці проста зваленыя маляўнічай грудай у вітрынах, калісці ўводзілі ў зман даверлівых абывацеляў.

Так выглядалі падробныя грошы, паўгрошы і пенязі XVI-XVII стагоддзяў
© Sputnik / Анастасия Волчок
Так выглядалі падробныя грошы, паўгрошы і пенязі XVI-XVII стагоддзяў

"Рымскія манеты траплялі да нас, але не заўсёды былі плацежным сродкам — вельмі часта яны з'яўляліся ўпрыгажэннем, — расказвае куратар выставы Людміла Талкачова. — На падставе сапраўдных манет рабіліся імітацыі, і яны не могуць лічыцца падробкай".

У перыяд Старажытнай Русі, запэўнівае Людміла Талкачова, фальшывых манет фактычна не было, затое ў часы ВКЛ і асабліва — у XVII стагоддзі, у час існавання Рэчы Паспалітай, выраблялася мноства фальшывых манет, і не заўсёды да з'яўлення гэтых грошай мелі дачыненне простыя грамадзяне.

"Патоп" фальшывых грошай

На працягу 20 гадоў, вядомых як "Патоп", шведы, рускія і казакі здзяйснялі налёты на гарады, палілі вёскі; становішча пагаршала і эпідэмія чумы. З тых часоў да нас дайшло мноства скарбаў, якія жыхары хавалі ад захопнікаў, і ў гэтых скарбах трапляецца мноства фальшывых манет. Справа ў тым, што для дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі Швецыя наладзіла выпуск фальшывых грошай, якія затым ішлі ў Рэч Паспалітую, саслабляючы яе эканоміку.

Гісторыя таксама ведае прыклады, калі самі кіраўнікі дзяржаваў з мэтай эканоміі прыніжалі кошт высакароднага металу ў манеце — выраблялі іх з срэбра меншай пробы або з прымешкамі іншых металаў.

У кладах да 25% грошай могуць быць фальшыўкамі
© Sputnik / Анастасия Волчок
У кладах да 25% грошай могуць быць фальшыўкамі

Калі Рэччу Паспалітай правіў Ян Казімір, адбыліся дзве грашовыя рэформы з мэтай выратаваць эканоміку дзяржавы. Першую правялі пад кіраўніцтвам Ціта Лівія Бараціні (1659 – 1666 гг.). Медныя манеты, якія пазней сталі называць па яго прозвішчы "барацінкамі", чаканілі на адзіным манетным двары на тэрыторыі Беларусі – Берасцейскім. У выніку павышэнне колькасці манет прывяло да іх абясцэньвання, але менавіта дзякуючы гэтай рэформе Рэч Паспалітая здолела заплаціць грошы сваім войскам. 

Другую рэформу падрыхтаваў таксама іншаземец – немец Андрэй Тымф. Пры ім чаканілі 30-грашовікі, якія, аднак, змяшчалі металу толькі на 12 грошаў, затое неслі на сябе пафасную легенду, якая з лацінскай мовы перакладалася як "Кошт выратавання дзяржавы вышэй за кошт метала". Дарэчы, потым немца абвінавацілі ў махлярстве, і ён ўцёк.  

У Сярэднявечча варылі жыўцом, у СССР расстрэльвалі

Зразумела, не ўсе пры вырабе фальшывак пякліся пра дзяржаву. Большасць фальшываманетчыкаў імкнулася нажыцца на падробках, нягледзячы на тое, што пакаранне за выраб падробак ва ўсе часы было вельмі жорсткім. Так, у Цэнтральна Еўропе фальшываманетчыкаў варылі ў алеі або кіпені, раздзіралі конямі, спальвалі, залівалі ў горла расплаўлены метал, адсякалі канечнасці — і не абавязкова рукі.

Акрамя падробных манет можна ўбачыць, якія пакаранні існавалі для фальшываманетчыкаў
© Sputnik / Анастасия Волчок
Акрамя падробных манет можна ўбачыць, якія пакаранні існавалі для фальшываманетчыкаў

Нават у савецкія часы для вытворцаў падробленых грошай была прадугледжана вышэйшая мера — аднак бывалі выпадкі, калі яе атрымоўвалася пазбегнуць. Так, за супрацоўніцтва са следствам усяго на 12 гадоў быў асуджаны ў 1978 годзе Віктар Баранаў. Сапраўдны геній-самавук, які не змог рэалізаваць свае тэхнічныя вынаходніцтвы, Баранаў, каб працягваць даследаванні, узяўся за падробку грошай. З 33454 вырабленых ім банкнот 23525 патрапілі ў абарачэнне. Падробкі былі вырабленыя на такім высокім узроўні, што ўлады спачатку вырашылі, што іх зрабілі ў іншай дзяржаве.

З 33454 вырабленых Віктарам Баранавым банкнот 23525 патрапілі ў абарачэнне
© Sputnik / Анастасия Волчок
З 33454 вырабленых Віктарам Баранавым банкнот 23525 патрапілі ў абарачэнне

У наш час знаходзіцца таксама нямала "ўмельцаў", але многія з іх засяродзіліся на вырабе так званых антыкварных падробак, якія ўжываюцца для падману калекцыянераў.

Адрозніць сапраўдную манету ад антыкварнай падробкі досыць складана, і калі раней фальшывую манету можна было паспрабаваць на зуб — ці сагнецца, або прабіць цвіком, каб вызначыць, ці няма пад каштоўным металам пласта таннага, зараз для гэтага патрэбен добры спецыяліст. Калі гэта вельмі дарагая антыкварная манета, яе нават могуць вырабіць з таго ж металу, што і арыгінал, і яна не будзе адрознівацца ад яго ні па выглядзе, ні па вазе.

Антыкварныя падробкі часам складана адрозніць ад сапраўдных грошай
© Sputnik / Анастасия Волчок
Антыкварныя падробкі часам складана адрозніць ад сапраўдных грошай

Выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі сабрана з матэрыялаў, прадстаўленых нумізматычным кабінетам гістарычнага факультэта БДУ, матэрыялаў музея Міністэрства ўнутраных спраў, былі таксама запрошаныя да ўдзелу прыватныя калекцыянеры.

Тэги:
манеты, фальшывыя грошы, Скарб, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы