09:41 27 чэрвеня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.04
  • EUR2.32
  • 100 RUB3.24
Слухачамі школы ў гэтым годзе стануць прадстаўнікі ЗША, Кітая, Германіі, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Венгрыі, Расіі і Польшчы

Спасцігаць душу праз мову: чацвёртая школа беларусістыкі пачала сваю працу

© Sputnik / Анастасия Волчок
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
17560

Слухачамі школы ў гэтым годзе стануць прадстаўнікі ЗША, Кітая, Германіі, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Венгрыі, Расіі і Польшчы.

Ужо чацвёрты год запар Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ адчыняе свае дзверы для замежных аматараў беларускай мовы і культуры – як для тых, хто толькі пачынае знаёміцца з нашай краінай, так і для тых, хто наведвае летнюю школу беларусістыкі з пачатку яе існавання. Ці варта казаць "аднаўлення"? Таму што ў 90-я гады моўная школа працавала на філалагічным факультэце. Заснавальніца школы Лідзія Сямешка распавяла, як узнікла гэта плённая ідэя, а таксама чаму наша родная мова цікавіць не толькі жыхароў бліжняга замежжа, але і людзей з Аўстраліі, ЗША і Кітая.

Як узнікла летняя школа

Чатыры гады таму ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы пачалі распрацоўваць новы навуковы стандарт па беларускай мове як замежнай: быў створаны цэлы комплекс, вучэбныя праграмы, тэсты для выніковай атэстацыі.

"Для таго, каб апрабіраваць гэта, нам патрэбныя былі замежныя студэнты. У першую школу мы запрасілі толькі 30 чалавек, таму што разумелі, што трэба паспрабаваць, якія ў нас магчымасці, сілы ёсць, яна прайшла паспяхова, а ў наступны год ужо 60 заявак было. А ў 3-ю – ужо 90 заявак падалі", — распавядае Лідзія Сямешка.

Заснавальніца Міжнароднай летняй школы беларусістыкі Лідзія Сямешка
© Sputnik / Анастасия Волчок
Заснавальніца Міжнароднай летняй школы беларусістыкі Лідзія Сямешка

Некаторыя замежнікі прыязджаюць у летнюю школу ўжо ў чацвёрты раз. Мэты ў іх самыя розныя.

"Некаторыя хочуць прафесійна занімацца беларускай мовай і далей выкладаць, асабліва гэта Польшча, Чэхія, Славакія, Літва, Латвія, дзе беларускую мову выкладаюць у школах. У іншых гэта так званы адукацыйны турызм, яны ездзяць вывучаюць розныя мовы для пашырэння свайго кругагляду, свайго інтэлектуальнага ўзроўню", — тлумачыць Лідзія Сямешка.

Слухачамі школы ў гэтым годзе стануць прадстаўнікі ЗША, Кітая, Германіі, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Венгрыі, Расіі і Польшчы
© Sputnik / Анастасия Волчок
Слухачамі школы ў гэтым годзе стануць прадстаўнікі ЗША, Кітая, Германіі, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Венгрыі, Расіі і Польшчы

Яна ўпэўнена – беларускай мова даецца лягчэй таму, хто больш матываваны, і гэта зусім не залежыць ад краіны. Але, вядома ж, лягчэй носьбітам славянскіх моў – яны ўжо праз некалькі заняткаў пачынаюць крыху размаўляць.

Праграма летняй школы ўключае як навучальную, так і культурную частку. Удзельнікі пабываюць у беларускіх музеях і наведаюць іншыя гарады Беларусі. Вучэбная праграма ўключае 16 лекцыйных і 40 практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы. Лектарамі будуць вядомыя беларускія даследчыкі.

Спевы і лекцыя: як адкрылі 4-ю летнюю школу

На ўрачыстым адкрыцці школы ўдзельнікаў павітала Людміла Кажухоўская, прарэктар па міжнароднай навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат культуралогіі. Яна выказала надзею, што за два тыдні, на працягу якіх будзе праходзіць летняя школа, яны ўсім сэрцам палюбяць беларускую мову, культуру і краявіды.

Людміла Кажухоўская, прарэктар па міжнароднай навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат культуралогіі
© Sputnik / Анастасия Волчок
Людміла Кажухоўская, прарэктар па міжнароднай навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат культуралогіі

Прысутнічаў на адкрыцці і прадстаўнік ФНКА беларусаў Расіі Раман Чырвонцаў. Ён заклікаў назіраць, як беларусы выказваюць сябе,  спасцігаць душу праз мову. "І мова, і культура, і гісторыя  — усё разам дае любоў да гэтай зямлі, гэтай краіны, гэтага народа", — падкрэсліў Раман Чырвонцаў.

У гэтым годзе ў школе вырашылі аб'яднаць дарослых і маленькіх аматараў беларускай мовы – на адкрыццё прыйшлі сямігадовыя навучэнцы летняй школы. Дзеці крыху збянтэжыліся перад вялікай аўдыторыяй, але падзяліліся, чаму ім хочацца вывучаць беларускую мову. Так, Платон жадае атрымліваць у школе толькі дзясяткі, Ульяна хоча па-беларуску размаўляць з сябрамі, Марыя і Дар'я лічаць, што трэба вывучаць беларускую мову таму, што яна наша родная, а Кацярына збіраецца зрабіць свой унёсак у яе распаўсюджванне.

На адкрыццё прыйшлі маленькія навучэнцы летняй школы
© Sputnik / Анастасия Волчок
На адкрыццё прыйшлі маленькія навучэнцы летняй школы

Таксама на адкрыцці выступіў поп-фолк-дуэт "Лялькі Карпарэйшн", якія праспявалі некалькі беларускіх песен, пасля чаго адбылася першая лекцыя.

На адкрыцці выступіў поп-фолк-дуэт Лялькі Карпарэйшн
© Sputnik / Анастасия Волчок
На адкрыцці выступіў поп-фолк-дуэт "Лялькі Карпарэйшн"

Урачыстае закрыццё Міжнароднай летняй школы беларусістыкі пройдзе 31 жніўня. Удзельнікам уручаць імянныя сертыфікаты аб заканчэнні навучання. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ і БДУ.

Тэги:
летняя школа беларусістыкі, Беларуская мова, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ, Беларусь

Галоўныя тэмы