Генеральная пракуратура паабяцала прыняць меры адносна выяўленных парушэнняў на добраўпарадкаванні Вайсковых могілак і абяцанне сваё стрымала: зараз на адным з галоўных некропаляў адносная цішыня. Сюды кожны дзень прыходзяць толькі валанцёры — па тры-чатыры чалавекі ў буднія дні і некалькі дзесяткаў — у выхадныя. Працай кіруе гісторык Павел Каралёў.
"Мы пачалі працаваць тут прыкладна два з паловай месяцы таму, і з таго часу не было ніводнага дня, каб на могілках не ішла праца. Робім усё за ўласныя сродкі або за ахвяраванні добрых людзей. Бывае так, што чалавек фізічна не можа дапамагчы, а проста прыносіць грошы ці нават пэнзлі і фарбу", — распавядае Павел.
Уся інфармацыя аб працы валанцёраў размяшчаецца ў суполках у сацыяльных сетках, але ў хуткім часе можа з'явіцца адмысловы сайт, прысвечаны Вайсковым могілкам. Там будуць дадзеныя не толькі аб дзейнасці валанцёраў, але і гісторыя пахаванняў, фотаздымкі і відэа.
Падлік адноўленых помнікаў не вядзецца. Павел кажа, што проста няма такой мэты, і называе толькі прыкладную лічбу — каля ста. Валанцёры рамантуюць агароджу, чысцяць і фарбуюць кветнікі.
Перш за ўсё праца ідзе з аб'ектамі, пазначанымі жоўтай і чырвонай фарбамі: менавіта так прадстаўнікі спецыяльнай камісіі ў 2015 годзе пазначалі помнікі, якія знаходзіліся ў неналежным стане, у тым ліку патрабавалі дэмантажу канструкцый.
Па ранейшай інфармацыі, Мінкульт налічыў каля трох тысяч такіх пахаванняў. Валанцёры лічаць, што такіх аб'ектаў на Вайсковых могілках менш у дзесяткі разоў.
Амерыканскі пантэон замест беларускіх могілак
"Пра тое, што помнікі і крыжы на некаторых пахаваннях збіраюцца дэмантаваць, я даведаўся яшчэ паўтары гады таму. Проста прыйшоў і пабачыў вялікую колькасць шыльдачак, якія папярэджвалі сваякоў пахаваных, што, калі не будуць прынятыя меры па прывядзенні ў парадак надмагільных плітаў, праз тры гады іх заменяць стандартнымі. Яшчэ тады ўразіла тое, што іх вельмі многа", — успамінае Павел Каралёў.
Гісторык займае пасаду сакратара грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры, таму адразу ж узняў пытанне і разам з аднадумцамі накіраваў лісты ў Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і КУП "Спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання". Просьба: каб усё было па законе.
"Гэтыя помнікі — сапраўды культурная каштоўнасць, іх лёс не павінна вызначаць звычайная камісія. Год таму мяне заверылі, што ўсё будзе адпаведна з заканадаўствам. Трохгадовы перыяд, дадзены людзям на добраўпарадкаванне, скончыўся ў жніўні 2017 года, і тут пачалося штосьці ненармальнае", — дадае Каралёў.
Ён упэўнены, што праца, якая адбывалася на Вайсковых могілках, супярэчыць і Кодэксу аб культуры, і Закону аб пахаваннях, і пахавальнай справе.
"Прадстаўнікі Спецкамбіната спасылаюцца на 22-і артыкул закона аб пахавальнай справе, у якім размова ідзе аб тым, што могуць прыбірацца надмагільныя пліты, ступень разбурэння якіх выключае рамонт і аднаўленне, але такіх тут вельмі мала. На наш погляд, каля 90% помнікаў тут можна аднавіць і захаваць амаль што ў першапачатковым выглядзе", — падкрэслівае гісторык.
Галоўнай тэмай спрэчкі сталі так званыя "надгалоўнікі", або тыповыя надмагільныя пліты, якімі прадстаўнікі спецкамбіната замянялі разбураныя пліты.
"На такім аб'екце важную роль мае візуальнае ўспрыняцце. На гэтых могілках ёсць агароджы з трубаў, крыжы з шасцяронак і многа іншых цікавых і прыгожых рэчаў. Замена іх тыповымі надгалоўнікамі — парушэнне. Беларускія могілкі, якія існуюць тут з дзевятнаццатага стагоддзя, пераўтвараюцца ў ваенны амерыканскі некропаль. Гэта не наша гісторыя", — звяртае ўвагу Каралёў.
Ідэальнае выйсце
Па словах Каралёва, зараз Міністэрства культуры разглядае праект рэканструкцыі некропаля, па якім тут павінны з'явіцца ліхтары, новыя брамы і прыгожыя лавачкі. Таксама ёсць ідэя зрабіць нацыянальны пантэон.
"Нашы чыноўнікі ўпэўненыя, што калі ўсё будзе выглядаць аднолькава, адразу стане прыгожа. Але тут галоўная задача — не проста зрабіць прыгожа, а захаваць самабытнасць такога аб'екта", — тлумачыць гісторык.
Па меркаваннях актывістаў, ідэальнае выйсце з гэтай сітуацыі — абмеркаваць сітуацыю з усіх бакоў і дазволіць супрацоўнікам Спецкамбіната прыбіраць толькі аскепкі, бо такія месцы сапраўды ёсць.
Валанцёры прапанавалі распачаць грамадскую акцыю: кожная арганізацыя возьме некалькі помнікаў, якія і будзе даглядаць, бо, толькі аб'яднаўшыся, атрымаецца захаваць самабытную гісторыю Вайсковых могілак.
"З гэтага вострага канфлікта трэба ісці на мірную дарогу і паказаць прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і грамадскіх арганізацый. На дадзены ж момант мы працуем, і перыядычна на нас вызываюць міліцыю", — заключае Каралёў.