МІНСК, 13 вер - Sputnik. Кампанія Amazon Studios збіраецца зняць тэлесерыял, прысвечаны біяграфіі чэмпіёна свету па футболе Дыега Марадоны.
Футбаліста ў розныя перыяды яго жыцця будуць гуляць 32-гадовыя акцёры Назарэна Касера і Нікалас Голдшміт, а таксама 57-гадовы Хуан Паламіна. Усе яны вонкава падобныя да славутага аргентынца.
First look at the actors playing Maradona in a new @PrimeVideo series about his life: Nazareno Casero, Juan Palomino, and Nicolas Goldschmidt. pic.twitter.com/W5rgyE5NBG
— MUNDIAL (@MundialMag) 11 сентября 2018 г.
Серыял будзе здымацца не толькі ў Аргентыне, але таксама ва Уругваі, Мексіцы, Іспаніі і Італіі.
Плануецца, што серыял будзе даступны на платформе Amazon Prime Video. Яго можна будзе глядзець на планшэтах, смартфонах і некаторых мадэлях тэлевізараў. Дакладная колькасць эпізодаў і дата паказу пакуль не вядомыя.
Раней пра Марадону ўжо былі выпушчаныя два фільмы - "Марадона" Эміра Кустурыцы, у якім зняўся і сам футбаліст, і "Марадона: Рука Бога" Марка Рызі.
У апошні час з імем аргентынскага футбаліста звязаны шэраг падзей у беларускім спорце. Нагадаем, што ў маі бягучага года ён заключыў трохгадовы кантракт з брэсцкім футбольным клубам "Дынама" і заняў месца старшыні праўлення. Аднак на днях стала вядома, што ён падпісаў кантракт з мексіканскім клубам "Дорадос дэ Сіналоа". Беларускі клуб пры гэтым паведаміў, што з "Дынама" 57-гадовы аргентынец будзе працаваць паралельна.