Унутраныя экзамены ў ВНУ: ці адменяць ЦТ?

© Sputnik / Алексей Мальгавко / Перайсці ў медыябанкСтудэнты
Студэнты - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Унутраныя выпрабаванні ўжо праводзяцца пры прыёме студэнтаў на шэраг спецыяльнасцяў, а ў будучыні могуць з'явіцца і для кіраўнікоў, лінгвістаў і "айцішнікаў".

Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне ўвядзення ўнутраных экзаменаў пры паступленнi ў ВНУ па шэрагу спецыяльнасцяў. Пакуль рашэнне афіцыйна не прынята, аднак Sputnik папрасіў начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргея Каспяровіча распавесці падрабязней аб тым, як будуць выглядаць выпрабаванні і для чаго яны патрэбныя.

Яўген Казарцаў - Sputnik Беларусь
Радыё
Казарцаў аб выніках уступнай кампаніі: на платнае бралі амаль усіх

Унутраныя экзамены ўжо ёсць

Як нагадаў Каспяровіч, ужо сёння пры паступленні на асобныя спецыяльнасці пры адборы абітурыентаў праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні — напрыклад, на творчыя і сельскагаспадарчыя, а таксама пры паступленнi на скарочаную форму атрымання вышэйшай адукацыі пасля каледжаў.

"Цяпер мы з вамі гаворым у першую чаргу аб дадатковых унутраных выпрабаваннях, якія дазволяць больш аб'ектыўна ацаніць узровень падрыхтоўкі абітурыентаў для атрымання адукацыі па асобных спецыяльнасцях", — адзначыў Каспяровіч.

Так, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні ўнутраных экзаменаў для паступаючых на кіраўніцкія спецыяльнасці — у першую чаргу гэта тычыцца Акадэміі кіравання.

"Магчыма, гаворка пойдзе пра лінгвістычныя спецыяльнасці, калі дадаткова да ЦТ могуць быць уведзеныя ўнутраныя экзамены, дзе ў першую чаргу ацэньваюцца камунікатыўныя здольнасці, уменне гаварыць, прамаўляць, аўдзіраваць. Размову можна весці і аб "айцішных" спецыяльнасцях. Усё ж, акрамя ведаў па матэматыцы і фізіцы, якія абітурыенты паказваюць на ЦТ, трэба ацэньваць і ўзровень валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі — так, у школе ёсць інфарматыка, можна праверыць уменне вырашаць пэўныя задачы. У рэшце рэшт, прадэманстраваць уменне працаваць з камп'ютарам", — растлумачыў начальнік упраўлення.

Па шэрагу спецыяльнасцяў, дзе неабходна больш даведацца пра абітурыента і "ўбачыць" яго, па словах Каспяровіча, тэсціраванне гэтага зрабіць пакуль не дазваляе.

ЦТ не адменяць

Адразу пасля абвяшчэння інфармацыі аб з'яўленні ўнутраных уступных выпрабаванняў шмат хто пачаў перажываць: ці не адменяць цэнтралізаванае тэсціраванне, ці не ўзрасце ўзровень карупцыі і "блатных"? Аднак Сяргей Каспяровіч супакойвае: ЦТ захаваецца.

"Механізм ЦТ захоўваецца як базавы — ён даказаў сваю эфектыўнасць з пункту гледжання адбору, ацэнкі, ды і эканомікі. Трэба разумець, што адбор абітурыентаў, праца камісій, падрыхтоўка заданняў — усё гэта выдаткі. Мне бачыцца, што для абітурыента псіхалагічна больш камфортна тэсціраванне — ты сядзіш, перад табой канкрэтныя заданні на паперы, а не строгія выкладчыкі, якіх ты можаш спалохацца, выключаецца неаб'ектыўнасць ацэнкі ведаў абітурыента", — адзначыў суразмоўца Sputnik.

Мяркуецца, што абітурыент, скажам, лінгвістычнага ўніверсітэта будзе па-ранейшаму здаваць тры ЦТ (дзяржаўная мова, гісторыя Беларусі і замежная мова), а ўнутраны экзамен стане дадатковым.

Калі ўвядуць ўнутраныя экзамены?

"Цяпер у краіне 51 ВНУ, ёсць шэраг дзяржорганаў, якія кіруюць універсітэтамі — не ўсе яны падпарадкаваны Міністэрству адукацыі. Нам трэба абмеркаваць пытанні з усімі зацікаўленымі", — растлумачыў ён.

Калі рашэнне аб увядзенні новых унутраных выпрабаванняў будзе прынята, то замацуюць яго ў новых правілах прыёму, якія зацвярджаюцца ўказам прэзідэнта.

"Праца над правіламі прыёму працягваецца, у рамках гэтай працы будзем ацэньваць, дзе і па якіх спецыяльнасцях мэтазгодна ўводзіць дадатковыя экзамены. Магчыма, гэта будзе у 2019 годзе, магчыма — крыху пазней. На працягу восені мы прапрацуем ўсе пытанні", — падкрэсліў начальнік упраўлення.

А калі расхваляваўся?

У гэтым годзе ўпершыню можна было выкарыстоўваць сертыфікаты па ЦТ мінулага года. Абітурыент мог ацаніць свае магчымасці і спакойна выбраць, якія вынікі лепш падыходзяць для паступлення. Безумоўна, калі ёсць выбар, то і хваляванняў менш.

"Мы практычна не бачым заўваг па ўнутраных іспытах у апошнія гады — і дзяржкамісія не агучвае, і ў зваротах грамадзян мы не бачым такога роду праблем. Гэта сістэма дазваляе забяспечыць і празрыстасць, і аб'ектыўнасць. Ствараюцца камісіі, да іх вельмі сур'ёзныя патрабаванні. Існуе магчымасць апеляцыі, калі абітурыент лічыць сваю ацэнку несправядлівай. Калі мы гаворым пра ўвядзенне ўнутраных дадатковых выпрабаванняў, нічога новага для сістэмы адукацыі ў гэтым няма", — адзначыў Каспяровіч.

Як і зараз, універсітэты загадзя будуць публікаваць інфармацыю для абітурыентаў — праграмы экзаменаў. Адказваючы на пытанне аб тым, як вырашаецца пытанне, калі ўчорашні школьнік перахваляваўся, Каспяровіч адзначыў: камісія заўсёды стараецца стварыць камфортныя ўмовы, пры неабходнасці — супакоіць.

"Магу сказаць з пункту гледжання свайго вопыту як выкладчыка — часцей за ўсё студэнты кажуць, што "перахваляваліся", калі ў іх няма ведаў. Чалавек на экзамене павінен паказваць веды тут і цяпер. Камісіі, асабліва на ўступных іспытах, добразычлівыя, імкнуцца супакоіць, глядзець аб'ектыўна, стварыць умовы для таго, каб чалавек сабраўся. Вопытны выкладчык у стане ацаніць веды чалавека, нават калі ён моцна хвалюецца і гаворка ў яго, што называецца, не пайшла", — упэўнены суразмоўца агенцтва.

Самі ж дадатковыя выпрабаванні, упэўнены прадстаўнік міністэрства, дадуць абітурыентам яшчэ адну магчымасць праявіць веды і здольнасці.

Стужка навiн
0