V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 10-12 кастрычніка. Але мерапрыемствы ў яго рамках ужо праходзяць. Пачаўся Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва. У Магілёве адбыўся Форум моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей. Па яго выніках падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж моладзевымі грамадскімі арганізацыямі рэгіёнаў.
На вуліцах Магілёва набліжэнне Форуму адчуваецца на кожным кроку. Вонкава атмасфера такая, нібы ён дасягнуў свайго апагею. У горадзе практычна не засталося месцаў, дзе б не красавалася эмблема Форуму. Адпаведныя плакаты і налепкі размешчаны на ўсіх гандлёвых аб'ектах, на прахадных заводаў і фабрык і нават на вокнах дзіцячых дашкольных устаноў.
Свой візіт у Магілёў на V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пацвердзілі 30 расійскіх губернатараў. Як было заяўлена яшчэ на сумесным паседжанні беларускага і расійскага аргкамітэтаў, плануецца падпісанне больш за 40 сумесных дакументаў паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі.
Усяго чакаецца, што Форум збярэ каля трох тысяч удзельнікаў. Напрыклад, у гала-канцэрце "Разам у будучыню" толькі колькасць артыстаў з Беларусі і Расіі перавысіць тры сотні. З 10 па 12 кастрычніка адразу тры сцэнічныя комплексы разгорнуцца на пешаходнай Ленінскай. Тут будзе працаваць горад майстроў, дзе свае працы прадэманструюць рамеснікі. Расію прадставяць 15 рэгіёнаў. У тым ліку і паўночныя, сярод якіх — Якутыя і рэспубліка Марый Эл.
Першыя дэлегацыі ўжо з'язджаюцца ў горад. На кастрычніцкія даты ў гасцініцах Магілёва сёння няма месцаў.
"Усе забраніравана, пачынаючы з 7 кастрычніка і да 12-га ўключна нічога няма", — паведаміла адміністратар гасцініцы "Магілёў".
Да пачатку правядзення Форуму ў горадзе прыведзены ў парадак шэраг аб'ектаў. Асабліва прыкметна, як гарадскія ўлады "прычасалі" траекторыю руху самых значных дэлегацый, прыезд якіх запланаваны. Да непазнавальнасці змяніўся ўезд у горад з боку сталіцы.
Вуліца Мінская шаша перажыла сур'ёзную рэканструкцыю з заменай асфальту, бардзюраў, светлавых апор, з'яўленнем веладарожак, новых тратуараў, прыпыначных пунктаў і лавачак. Аціхлі ўжо з'едлівыя і гнеўныя выказванні магілёўцаў наконт уязной аркі, якую будавалі так званым народным спосабам. Ніводнага рубля на яе ўзвядзенне не было выдаткавана з бюджэту. Арка атрымалася, як і абяцалі будаўнікі, вялікай і велічнай. Да яе афіцыйнага адкрыцця засталося ўсяго нічога.
"Беларуска-расійскі форум хутка. Ажно душу распірае. Гонар. Значыць, горад у нас годны. Ён вельмі абнавіўся. Уезд з Мінска — арка шыкоўная, твар горада зараз", — падзялілася працаўніца Магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі, якая брала ўдзел у фінансаванні будаўніцтва аркі ў Магілёве.
"Добраўпарадкаванне ідзе. Хочацца, каб пярынкі пачысцілі. Трэба ж здзівіць гасцей. Вялікі парадак, нарэшце, у горад прыйдзе. Можа, і для краіны нешта добрае гэты Форум прынясе", — падзялілася пенсіянерка Вольга Ермалаева.
Аднак з апытаных магілёўцаў пра Форум ведалі далёка не ўсе. Большасць толькі бачаць прыкметнае ў апошні час ператварэнне горада, чаму невымоўна радыя. Але амаль усе, з кім атрымалася пагутарыць карэспандэнту, чулі, што ў Магілёве адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна.
"Я не чуў, не ведаю, што гэта. Але быццам самі прэзідэнты прыедуць", — распавёў студэнт Ігар.
"Магілёву наогул шмат чаго не хапае. Таму тое, што будуюць, гэта добра. А з якой прычыны такой шухер, не ведаю", — падзялілася меркаваннем Святлана Гаварухіна.
Маладая мама Наталля таксама рада добраўпарадкаванню горада. Яе ўразіў рамонт моста па праспекце Міра і новая набярэжная Дняпра.
Расчараванне выклікаў толькі парк у Паднікольі, добраўпарадкаванне якога таксама спяшаліся завяршыць да Форуму.
"Сам парк вельмі класны. Але размяшчэнне вельмі дрэннае. Там будзе велізарная лесвіца з Арджанікідзэ, з калыскай не спусціцца. А ў абыход, ад Дняпра, мы сям'ёй хадзілі, мы жывём у цэнтры, так гэта гадзіну дабірацца толькі туды. Парк як бы і побач, атрымліваецца, а як ім карыстацца?" — падзялілася Наталля.
Новым перад гараджанамі паўстаў таксама Палац культуры вобласці. Менавіта тут пройдзе пленарнае пасяджэнне V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам кіраўнікоў дзяржаў "Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва".