МІНСК, 23 ліп - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе сабраць з палёў не менш за 9,5 мільёнаў тон ураджаю, пра гэта ён заявіў на рэспублiканскай селектарнай нарадзе.
Беларускі лідар у аўторак праводзіць рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Як падкрэсліў у пачатку нарады кіраўнік дзяржавы, віды на ўраджай у гэтым годзе добрыя.
"Прагназуецца, што валавы збор па ўсіх культурах можа быць вышэй, чым летась. Таму ад усіх патрабуецца максімальная аддача, каб усё, што ёсць на палях, у канчатковым выніку апынулася ў засеках. Трэба задзейнічаць усе наяўныя рэзервы. З палёў мы павінны ўзяць 9,5 мільёнаў тон: і рапс, і кукуруза на зерне, і грэчка, і проса. Ніжэй нельга!" - заявіў Лукашэнка, яго словы прыводзіць БелТА.
Удзел у селектарнай нарадзе прымае кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, Саўміна, Мінсельгасхарча, Генпракуратуры, МУС, Камітэта дзяржкантролю. На прамой відэасувязі з прэзідэнтам знаходзяцца губернатары і памочнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама намеснікі кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінскага гарадскога выканкама, якія курыруюць сельскую гаспадарку.
Прэзідэнт таксама запатрабаваў завяршыць асноўную ўборку збожжавых на працягу двух тыдняў і цалкам - за дваццаць дзён.
Раней у аўторак аптымістычны прагноз на ўраджай далі як кіраўнік Мінсельгасхарча Анатоль Хацько, так і віцэ-прэм'ер Уладзімір Дворнік. Па дадзеных на раніцу аўторка, аграрыі ўжо намалацілі 1,5 мільёна тон збожжа.