Да новага 2019/2020 навучальнага года ў Беларусі ўсё гатова: распрацаваныя тыповыя навучальныя планы, апублікаваныя навучальныя праграмы па прадметах. Прыкметных змен і "зломаў" няма, аднак вывучыць дакументацыю бывае займальна. Напрыклад, многія могуць здзівіцца пасля вывучэння праграм па беларускай і рускай літаратурах.
Як вядома, курсу "Замежная літаратура" ў беларускіх школах няма. Аднак некаторыя творы школьнікі ведаць павінны, таму часам іх "запіхваюць" у іншыя прадметы. Так, беларускім дзесяцікласнікам у рамках прадмета "Беларуская літаратура" на павышаным узроўні прапануюць чытаць Стэфана Цвейга - у спісе аўтараў ён знаходзіцца ў кампаніі Андрэя Мрыя і Міхася Зарэцкага.
Цікава, што ў зборніку творчых заданняў для тэматычнага кантролю прапануецца параўноўваць Цвейга са Змітраком Бядулям. У 11-м класе па беларускай літаратуры ў спісе рэкамендаваных для чытання на павышаным узроўні аўтараў апынуліся Эрнэст Хэмінгуэй і Генрых Бёль. Першага аўтара настаўнікі могуць прапаноўваць параўноўваць з Міколам Гусоўскім, а да Бёля - падбіраць эпіграфы беларускіх аўтараў.
У "Дадатковым чытанні" для дзесяцікласнікаў па прадмеце "Беларуская літаратура" прапаноўваюць "Амерыканскую трагедыю" Тэадора Драйзера. Цікава, што ідзе яна адразу пасля чытання "Злачынства і пакарання" Фёдара Дастаеўскага і вывучэння тэорыі паліфаніі ў творчасці аўтара.
Пасля "Вайны і міру" дзесяцікласнікі могуць дадаткова чытаць "Спадарыню Бавары" Флабера ці "Пастку" Эміля Заля. Цікава, што прачытаць Хэмінгуэя школьнікі могуць не толькі ў рамках беларускай, але і рускай літаратуры.
Сярод іншых аўтараў, рэкамендаваных для паглыбленага вывучэння прадмета, значацца Гі дэ Мапасан, Генрых і Томас Маны, Джон Голсуорсі. У 11-м класе па беларускай літаратуры, ужо не ў рамках "дадатковага чытання", чытаюць "Гамлета" Шэкспіра і "Над прорвай у жыце" Сэлінджэра.
А пасля чытання "Катлавана" Андрэя Платонава дадаткова прапануюць азнаёміцца з "Дзіўным новым светам" Хакслі і "1984" Оруэла.
Зразумела, педагогі маюць прастору для манеўру пры планаванні заняткаў. Школьнікі, якія займаюцца на базавым узроўні, чытаць вялікую колькасць літаратуры, у тым ліку і замежнай, не абавязаныя - таму названыя творы іх могуць "абмінуць".