Інтэрнэт-петыцыя з заклікам не прымаць нормы, якія рэгламентуюць аднаразовае прадастаўленне адтэрміноўкі на адукацыю, была запушчана напрыканцы чэрвеня і сабрала крыху больш за дзесяць тысяч "подпісаў". Пазней зварот быў накіраваны ў Палату прадстаўнікоў.
Як паведамілі ў беларускім парламенце, звароты грамадзян былі разгледжаны ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы.
"Выкладзеныя ў іх меркаванні і довады прыняты да ведама", - дадалі ў парламенце.
Як растлумачылі парламентарыі, на стадыі падрыхтоўкі закона ён прайшоў працэдуру ўзгаднення, а таксама атрымаў экспертныя заключэнні. Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект у другім чытанні 28 чэрвеня, у той жа дзень падтрымалі дакумент і сенатары.
У Палаце прадстаўнікоў патлумачылі заяўнікам нюансы закона: прадастаўленне адтэрміноўкі на адукацыю толькі адзін раз, забарона на працу дзяржслужачым ці ў арганізацыях нацыянальнай бяспекі для тых, хто не служыў без законных на тое падставаў і іншае.
Парламентарыі падкрэслілі, што закон не пазбаўляе права такіх грамадзян на адукацыю.
"У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе" грамадзянам, прызваным на тэрміновую ваенную службу ў перыяд навучання, пасля звальнення з такой службы гарантуецца працяг навучання на ранейшых умовах", - падкрэслілі ў Палаце прадстаўнікоў.
Таксама прадастаўленне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу "таленавітым і запатрабаваным навукоўцам магчыма ў адпаведнасці з абзацам восьмым часткі першай артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе" - на падставе ўказаў прэзідэнта.
"Рэалізацыя палажэнняў закона дасць магчымасць забяспечыць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні неабходнай колькасцю прызыўнікоў, павысіць матывацыю грамадзян да своечасовага праходжання мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу, выканання абавязкаў па воінскаму ўліку, будзе садзейнічаць умацаванню ваеннай бяспекі дзяржавы", - растлумачылі парламентарыі .