МІНСК, 29 кра - Sputnik. Галоўны пульманолаг Міністэрства аховы здароўя Расіі Сяргей Аўдзееў распавёў, які сімптом дазваляе адрозніць каронавірусную інфекцыю ад іншых рэспіраторных захворванняў і паказвае на цяжкую форму працякання хваробы.
"Трэба сачыць за сваімі адчуваннямі. Самы важны сімптом - гэта не высокая тэмпература і кашаль, а задышка. Недахоп паветра сігналізуе пра больш цяжкую форму захворвання. У гэтай сітуацыі неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу з магчымай шпіталізацыяй", - падкрэсліў ён у эфіры тэлеканала "Расія 1".
Аўдзееў таксама распавёў, што вірус мае нейкую гендэрную выбіральнасць. Па словах прафесара, жанчыны менш схільныя да заражэння, чым мужчыны. У працэнтных суадносінах колькасць заражаных складае прыкладна 40% да 60%. Пры гэтым дакладных звестак аб тым, з якімі адрозненнямі працякае хвароба ў тых і ў іншых, пакуль няма.
Па апошніх дадзеных федэральнага аператыўнага штаба па барацьбе з каронавірусам, у Расіі зарэгістравана 93 558 выпадкаў заражэння, ахвярамі хваробы сталі 867 чалавек. У аўторак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў пра тое, што каранцін будзе падоўжаны па 12 мая з-за таго, што пік захворвання ў краіне яшчэ не пройдзены. З гэтай даты абмежаванні плануюць паступова здымаць.