Няпросты "Дакар": Вязовіч з прабітым патрубкам уварваўся ў топ-3

© Sputnik / Роман ШантарГоначны МАЗ каманды "МАЗ-СПОРТаўта"
Гоначны МАЗ каманды МАЗ-СПОРТаўта - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Экіпаж Васілеўскага падчас этапу замяніў кола, а каманда Вішнеўскага з-за двух прабітых колаў і паддона страціла шмат часу.

МІНСК, 10 сту — Sputnik. Усе тры экіпажы беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" сутыкнуліся з тэхнічнымі праблемамі падчас чацвёртага этапа ралі-рэйду "Дакар 2018", паведамілі ў прэс-службе "стайні".

МАЗ Сяргея Вязовіча на ралі Дакар - Sputnik Беларусь
"Дакар 2018": Нікалаеў замацаваў лідарства, МАЗ Вішнеўскага - трэці

Так, у грузавіку Сяргея Вязовіча лопнуў патрубак, аднак гэта не перашкодзіла экіпажу фінішаваць дзевятым і заняць выніковае трэцяе месца ў заліку грузавікоў. Экіпаж Аляксандра Васілеўскага мяняў прабітае кола, а ў Аляксея Вішнеўскага былі прабітыя два колы і паддон. Экіпаж Вішнеўскага страціў шмат часу на рамонт і прапусціў апошнія 26 кіламетраў этапу, за што ён атрымае пеналізацыю.

У выніку Васілеўскі скончыў этап 15-ым, яго канчатковы вынік — 14-ы, а вынік Вішнеўскага арганізатары да гэтага часу не апублікавалі.

У заліку грузавікоў этап выйграў Эдуард Нікалаеў на Камазе, другім фінішаваў аргентынец Фрэдэрыка Вілагра на IVECO, трэцім стаў чэшскі экіпаж Марціна Каломы на TATRA. У выніковай класіфікацыі пасля чатырох этапаў лідзіруе Нікалаеў, Вілагра — другі, трэці — Вязовіч з адставаннем ад лідэра больш чым у две гадзіны. Каля 30 секунд беларусу прайграе уладальнік чацвёртага месца чэх Марцін Мацік на "ЛіАЗ".

Залік пазадарожнікаў застаўся з ранейшым лідэрам — французам Стэфанам Петэранселем. На другім месцы — легендарны французскі чэмпіён Себасціян Лёб, на трэцім — іспанец Карлас Сайнс. Усе трое выступаюць за каманду Peugeot. У матацыклістаў адбыліся перамены — лідзіруе галандзец Адрыян ван Б'юрэн на Yamaha, другі — чыліец Пэдра Куінтанілья (Husqvarna), на трэцім радку — аргентынец Кевін Бенавідас (Honda). Залік квадрацыклаў амаль не зведаў змен — першае месца за чылійцам Ігнасіа Кассалем, другі радок утрымлівае расіянін Сяргей Каракін, на трэцiм месцы перуанец Алексіс Эрнандэс.

Маршрут пятага этап "Дакара", які стартуе ў сераду, пракладзены паміж гарадамі Сан Хуан дэ Марконі і Арэкіпа. Гоншчыкам трэба будзе праехаць 932 кіламетры, з іх 267 км — працягласць спецучастка, на першых кіламетрах якога шмат дзюн.

Стужка навiн
0